Экзамен па краязнаўстве

Источник материала:  

Сярэдняя школа № 2 г. Ашмяны:

Рызыкнём выказаць меркаванне, што выхаванне кожнай асобы, нараджэнне і ўмацаванне ў кожным з нас пачуцця сапраўднага патрыятызму, гонару і годнасці пачынаецца з вывучэння мінулага малой радзімы. Кім былі нашы продкі, чым жылі, да чаго імкнуліся, якіх вяршынь дасягалі?..

У сярэдняй школе № 2 г. Ашмяны склалася сістэма доследнай работы па вывучэнні гісторыі і культуры роднага краю. Такі досвед здольны натхняць іншыя навучальныя ўстановы, служыць прыкладам для пераймання або пашырэння краязнаўчай дзейнасці. Дарэчы, тое, з чым удалося азнаёміцца журналістам "Звязды", можа быць цікавым не толькі вучням ці ўраджэнцам Ашмяншчыны, а любому, хто шчыра любіць "Беларусь сваю мілую".

З першых класаў — толькі "на мове"

Зараз у СШ №2 г. Ашмяны — чатыры першыя класы, і адзін з іх стаў у сёлетнім навучальным годзе беларускамоўным. Аднак ужо з наступнага года ва ўсіх першых класах пачнецца навучанне выключна "на мове". Такім чынам, установа стане цалкам беларускамоўнай, пакуль адзінай у горадзе.

— Чаму мы пайшлі на гэта? Таму што з'яўляемся рэспубліканскай інавацыйнай пляцоўкай па развіцці ў вучняў камунікатыўных навыкаў шляхам вывучэння мовы, азнаямлення з культурай і гісторыяй роднага краю, — расказвае дырэктар СШ №2 г. Ашмяны Наталля ГАЛАШЭЎСКАЯ. — Пацвярджаць новы статус будзем у красавіку. А пакуль у межах праекта наладжваем стасункі з беларускамоўнымі школамі і гімназіямі ў розных абласцях. Наводзім масты з Мінскам, Свіслаччу, Магілёвам, Бабруйскам, але з цягам часу мяркуем аб'яднаць пад сваім крылом усе беларускамоўныя гімназіі краіны. Нядаўна наладзіліся стасункі з беларускамоўнай гімназіяй Вільнюса. Спачатку група нашых старшакласнікаў і настаўнікаў наведала літоўскіх сяброў, а ў мінулым месяцы, 23 снежня, яны прыязджалі да нас. Для дзяцей гэта было сапраўднае свята. Вільнюскія школьнікі расказалі пра сябе, праспявалі нам песні на літоўскай мове, а ў якасці сюрпрызу падрыхтавалі песню на беларускай мове "Тры чарапахі". Але ж аказалася, што і нашы дзеці ў падарунак падрыхтавалі менавіта гэтую песню! Такім чынам, атрымалася выдатнае сумеснае выкананне. Мы плануем працягваць гэтыя стасункі, у тым ліку і падобныя паездкі...

Экзамен па краязнаўстве

Ёсць у ашмянскай школы і ідэя стварэння своеасаблівага саюза настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры. Прычым аб'ядноўвацца мяркуецца не толькі з тутэйшымі настаўнікамі, але і з расійскімі, а праз літоўскіх калег выйсці на беларускамоўных настаўнікаў Латвіі і Эстоніі.

Дарэчы, літоўская беларускамоўная гімназія мае сваю цікавую гісторыю. Установа існавала ў такім статусе яшчэ за савецкім часам, аднак пасля распаду Савецкага Саюза паўстала пытанне аб яе закрыцці. І дзякуючы ініцыятыве, галоўным чынам, настаўнікаў, установа перажыла нялёгкі час і сёння лічыцца элітнай. Уласна беларусаў тут — літаральна 15-20 працэнтаў. Гімназісты выдатна валодаюць літоўскай, рускай, беларускай і англійскай мовамі. А такія прадметы, як музыка і маляванне, выкладаюцца на працягу ўсяго цыкла навучання, нават у старшых класах. Гімназію актыўна падтрымлівае беларускае пасольства ў Літве. Дарэчы, і стасункі з Ашмянамі завязаліся невыпадкова: у пасольстве працуе былая ашмянская настаўніца, а Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол у Літоўскай Рэспубліцы Уладзімір Дражын наведвае Ашмяны падчас правядзення розных культурных мерапрыемстваў.

Мінулае становіцца бліжэй

Напрыканцы мінулага года ў СШ №2 адбыўся першы ўнутрышкольны фестываль нацыянальнай культуры і краязнаўства, у межах якога з 5 па 17 снежня прайшлі некалькі значных мерапрыемстваў. Напрыклад, акцыя "Размаўляем па-беларуску" або "Літаратурная гасцёўня" з конкурсам вершаў, прысвечаных роднаму краю. Амаль ва ўсіх класах былі праведзены віртуальныя экскурсіі па Ашмяншчыне. Асобна варта сказаць пра навукова-практычную канферэнцыю "У рэтраспектыве часу", на адкрыцці якой была прадстаўлена тэматычная выстава настаўніцы гісторыі Алены Іванаўны АПАНЭЛЬ "Ашмяны ў рэтраспектыве часу" з падборам фотаздымкаў, якія адлюстроўваюць жыццё горада ў 1904-м і 2011-м гадах.

Падчас канферэнцыі прагучалі даклады па тэме гісторыі назвы і ўзнікнення горада, яго жыцця ў 1812-м, 1830-м гадах і на пачатку ХХ стагоддзя. Адно з выступленняў было прысвечана гісторыі старэйшых ашмянскіх прадпрыемстваў. Да іх ліку адносяцца, як вядома, дрожджавы завод і мясакамбінат. Дарэчы, дырэктар ААТ "Ашмянскі мясакамбінат" Тамара Філіповіч таксама прысутнічала на канферэнцыі, паколькі яна даўно захапляецца краязнаўчай тэматыкай і нават выпусціла ўжо дзве кнігі з фотаілюстрацыямі, прысвечанымі тутэйшым мясцінам. Экзэмпляры выданняў захоўваюцца і ў школе. Дарэчы, дзве ўнучкі Тамары Уладзіміраўны — Эвеліна і Наталля — навучаюцца ў 1-м і 10-м класах. Эвеліна пагадзілася нам папазіраваць для памятнага фота з рэдкім выданнем пра Радзівілаў, падораным школе таксама Тамарай Філіповіч.

Школа актыўна ўдзельнічае і ў краязнаўчых мерапрыемствах абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. Так, у межах абласной акцыі "Абеліск" вучні збіралі інфармацыю аб устаноўленых на Ашмяншчыне помніках загінулым воінам. Адначасова вёўся і збор звестак пра педагогаў — ветэранаў вайны і працы. Дзякуючы карпатлівай рабоце, сёння школа валодае поўнымі звесткамі пра такіх людзей.

Шэфства над ветэранамі працягваюць вучні ўсёй школы. Як кажуць самі школьнікі, ім падабаюцца такія сустрэчы. Па адрасе квартал Будаўнікоў, 32, "звяздоўцы" разам з вучнямі 7 "А" наведалі Тамару Канстанцінаўну Догель (у дзявоцтве — Вайцяшонак). Тамары Канстанцінаўне зараз 83 гады. Яна выхавала траіх дзяцей, заўсёды сумленна працавала і атрымлівала, як сама кажа, толькі падзякі. А ў далёкім 1943-м, калі ёй было 15 гадоў, разам з бацькам пайшла ў партызаны, у атрад Аляксандра Бачкова. Атрад спачатку базіраваўся ў Пастаўскім раёне Віцебскай вобласці, а пазней перайшоў на Вілейшчыну.

— Маці памерла, калі мне было 10 гадоў, — расказвае Тамара Канстанцінаўна. — Мы з бацькам кінулі гаспадарку і пайшлі да партызан. Я спачатку варыла есці, хлеб пякла... Неяк на 8 сакавіка мне падарылі карабін, дзве гранаты, патранташ і санітарную сумку. Тады я прыняла прысягу... Памятаю, як аднойчы стаяла на пасту. Была завея, моцны снег, але я разгледзела дзве цені. Трэба было выкрыкнуць: "Стой, хто ідзе?", а я вырашыла, што калі крыкну, то пачнецца страляніна. І проста кінулася ў хату да сонных партызан, каб расказаць пра гэтыя цені... Мне не паверылі — падумалі, падалося дзяўчынцы. А праз колькі гадзін на наш дом на хутары абрынуліся кулямёты. Тады ўсе і зразумелі, што гэта была разведка. На шчасце, каля дома былі нейкія канавы, па якіх мы ўцяклі ў лес. Добра памятаю, як я тады, не спыняючыся, страляла... У 1944-м наш атрад удзельнічаў у вызваленні Ашмянаў. А пасля вайны бацька застаўся на Пастаўшчыне, а я паехала вучыцца і працаваць у Свярдлоўск, адкуль вярнулася ў 1946-м у Ашмяны, у якіх і жыву па сённяшні дзень...

"Эрудыты" стварылі летапіс

У межах леташняй рэспубліканскай акцыі навучэнскай моладзі "Жыву ў Беларусі і тым ганаруся" праходзіў конкурс на лепшы летапіс населенага пункта. Варта заўважыць, што сярод 30 конкурсаў акцыі менавіта гэты вылучаўся сваёй аб'ёмнасцю, бо ўвабраў даследаванні эканамічных, геаграфічных, этнаграфічных, дэмаграфічных асаблівасцяў пэўнага населенага пункта па такіх кірунках, як тапанімія, флора і фаўна, геалогія і геамарфалогія, гідраграфія, археалогія, фальклор, ваенная гісторыя і г.д. Крытэрыямі ацэнкі конкурсных работ былі культурныя і гістарычныя асаблівасці сабранага матэрыялу, яго храналагічная паслядоўнасць, навуковасць і аналітычны падыход, папулярызацыя культурна-гістарычнай спадчыны населенага пункта, якасць афармлення. А самае галоўнае — доследныя навыкі, уменне разважаць, рабіць высновы, абгрунтоўваць іх са спасылкай на гістарычныя крыніцы.

У намінацыі "Гарады раённага падпарадкавання" Міністэрства адукацыі ўзнагародзіла дыпломам 1-й ступені работу "Летапіс нашага горада" СШ № 2 г. Ашмяны, а дакладней, удзельнікаў краязнаўчай секцыі школьнага навуковага таварыства "Эрудыт" пад кіраўніцтвам настаўнікаў гісторыі Любові Георгіеўны Пятровай і Інэсы Генрыхаўны Барысевіч.

— Наш летапіс склаў 600 старонак, — удакладняе Любоў Георгіеўна. — Работа над летапісам працягвалася з красавіка па снежань. Трэба дадаць, што наогул наша таварыства "Эрудыт" падрыхтавала ўжо 22 навуковыя працы па краязнаўстве. Некаторыя з іх перамагалі на розных спаборніцтвах і нават залічваліся пры паступленні ў ВНУ... Матэрыял для летапісу дзеці шукалі ў тым жа інтэрнэце, прычым шмат новай інфармацыі знаходзілі на замежных сайтах. Гэты пошук прынёс нечакана важкі вынік: на адным з амерыканскіх сайтаў мы знайшлі кінастужку аб Ашмянах канца 20-х гадоў. Яна вельмі добра захавалася. Добра бачныя твары, вопратка, будынкі. Мяркуючы па ўсім, тагачасныя ашмянцы жылі досыць заможна. У нас адразу нарадзілася версія, што нехта з эмігрантаў прыязджаў за тым часам з фотакамерай на радзіму і здымаў людзей і наваколле — усё, што траплялася, у тым ліку рынкавую плошчу, могілкі і г.д...

Першая спроба напісання навучэнцам СШ № 2 навуковай работы мела месца яшчэ ў пачатку 90-х. Нягледзячы на тое, што размова ідзе пра дадатковую нагрузку як для вучня, так і настаўніка, які апрацоўвае сабраны матэрыял, новаўвядзенне прыжылося, бо ў першую чаргу прадэманстравала прыхільнасць саміх дзяцей да цікавай справы. Паходы ў бібліятэкі, пошукі ў інтэрнэце, размовы са старэйшымі жыхарамі — усё гэта не проста дае школьнікам новую інфармацыю і пашырае іх гарызонты, але ўмацоўвае пачуццё гонару за сваіх продкаў, за сябе асабіста.

Экзамен па краязнаўстве

— Нам хочацца, каб дзеці адкрывалі для сябе гісторыю праз новыя імёны асоб з вялікай літары, — каментуе намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ірына Міхайлаўна ЗДЗЯРСКАЯ. — Анджэй Снядэцкі — заснавальнік польскай хімічнай навукі, складальнік першага польскага падручніка па хіміі, жыў у Ашмянах на пачатку ХІХ стагоддзя. Вучоны пахаваны недалёка ад горада, у вёсцы Гароднікі. Тут яму ўсталяваны помнік, да якога прыязджаюць дэлегацыі польскіх вучоных... Дарэчы, на адным з польскіх сайтаў можна азнаёміцца з цікавай літаратурай пра Ашмяны... Наперадзе яшчэ шмат доследнай працы, але без залішняй сціпласці можна сказаць, што нямала ўжо і зроблена...

Школьны музей набліжае гісторыю

У студзені 2006 года на падставе матэрыялаў, сабраных удзельнікамі секцый таварыства "Эрудыт", пачалося стварэнне школьнага краязнаўчага музея. Ён адкрыўся 20 студзеня 2007 года, акурат да 55-гадовага юбілею школы. Музей шырока выкарыстоўваецца ў вучэбнай і пазакласнай рабоце. Тут праходзяць экскурсіі, у тым ліку віртуальныя — "Духоўная спадчына Ашмянаў", "Вялікай перамозе прысвячаецца", "Гісторыя вуліц горада", тэатралізаваныя — "Вядомыя постаці Ашмяншчыны", "Духоўная спадчына Ашмянаў", ладзяцца тэматычныя ўрокі. Старшакласнікі з задавальненнем бяруць удзел у тэатралізаваных пастаноўках. Так, у "Вядомых постацях Ашмяншчыны" ролю Соф'і Гальшанскай выконвае вучаніца 10 "В" Анжэліка Осцік. У межах работы музея рэалізуецца праект "Мінулае — дзеля будучыні" па выкарыстанні інфармацыйных тэхналогій, пашырэнні кантактаў з музеямі школ раёна.

Ёсць павер'е, што некалі ў Ашмянах быў замак, звязаны з імёнамі Свідрыгайлы і Жыгімонта.Таму афармленне музея вырашылі зрабіць у стылі замка. Экспазіцыя музея складаецца з сямі раздзелаў і 14 стэндаў: "Старажытныя Ашмяны", "Іх імёнамі названы вуліцы", "Ашмяны ў ХІХ стагоддзі", "Ашмяны ў ХХ стагоддзі", "Гісторыя развіцця прамысловасці", "Сфера абслугоўвання горада", "Духоўная культура".

Ад стэнда да стэнда наведвальнікі даведваюцца аб тым, што адна з вуліц Ашмянаў носіць імя беларускага паэта-дэмакрата Францішка Багушэвіча, аб тым, што першыя звесткі пра мясцовы мясакамбінат з'явіліся ў 1905-1910 гадах, калі ў горадзе пачала працаваць свая бойня... Што самым старым прадпрыемствам з'яўляецца дрожджавы завод... План горада дэманструе, дзе была размешчана Спаса-Васкрасенская царква і касцёл святога Міхаіла. Тут жа — звесткі пра тых, хто меў непасрэднае дачыненне да ўзнікнення гэтых будынкаў. З касцёлам, які адкрыўся ў 1903 годзе, звязана імя свяшчэнніка Валяр'яна Голяка, які быў рэпрэсаваны ў 1948-м. Яго тайна вывезлі ў Глыбокае, дзе і пахавалі. У касцёле ёсць мемарыяльная дошка ў яго гонар. Пасля забойства Голяка касцёл закрылі, пасля чаго тут было і сховішча для льну, і завод радыётэхнікі. Толькі ў сярэдзіне 80-х касцёл пачаў аднаўляцца. Сёння ён з'яўляецца сапраўдным упрыгажэннем горада і лічыцца адным з найпрыгажэйшых храмаў невялікіх гарадоў.

На месцы сённяшняй царквы некалі стаяў спачатку Дамініканскі сабор, ксёндз якога — Якуб Ясінскі — быў актыўным удзельнікам паўстання 1830-1831 гадоў і заклікаў да супраціўлення расійскім уладам. Пасля падаўлення паўстання сабор быў зачынены. А ў 1873 годзе на фундаменце сабора пачалося ўзвядзенне Спаса-Васкрасенскай царквы. У вытокаў гэтай справы стаяў Данііл Пятроўскі, пахаваны ў саміх Ашмянах... Спаса-Васкрасенская царква з'яўляецца самым старым тутэйшым дзеючым храмам.

— У музея ёсць як пастаянная "калекцыя", так і зменныя экспазіцыі, стэнды, — удакладняе Любоў Георгіеўна ПЯТРОВА, настаўнік гісторыі і кіраўнік школьнага краязнаўчага музея. — Зараз, напрыклад, рыхтуецца стэнд па вайне 1812 года. Наогул асноўны фон налічвае 754 адзінкі — гэта нумізматычная калекцыя, прадметы побыту, фатаграфічныя матэрыялы, рукапісныя і друкаваныя дакументы, кнігі, калекцыі значкоў і медалёў, абмундзіраванне. Самыя значныя экспанаты — кніга "Житие Святого Франциска Ассизского" (1890 г), кніга "Живописная Россия", дадатак да часопіса "Новь" (1898 г), дакумент 1802 г. аб куплі-продажы зямлі, выпіска з метрычнай кнігі 1864 г., дакумент 1865 г., які пацвярджае дваранства, манеты Расійскай імперыі 1739, 1813, 1869, 1883 гадоў. Некаторыя дакументы адшукваюцца вучнямі проста на гарышчах... Так што доследная работа пачынаецца з сапраўдных "раскопак". Спадзяёмся, наперадзе нас чакае яшчэ шмат цікавых адкрыццяў. А пакуль шчыра запрашаем у наш музей усіх ахвотных — вучняў і настаўнікаў іншых школ рэспублікі.

Святлана БАРЫСЕНКА,

Віктар ПАЗНЯКОЎ.

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА.

УНП  500057139

←Архипов: преступность — это самая опасная и агрессивная вещь, которая влияет на права человека

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика