У Новінах Каляду везлі, а ў Чыжасе — неслі

Источник материала:  

Але не забылі таксама зладзіць сёлета традыцыйнае развітанне з Калядамі і ў іншых вёсках Бярэзінскага раёна — Любушанах, Дзмітравічах, Галаўных Лядах. Гэтае свята мае даволі арыгінальную назву — "Цягнуць Каляду на дуба", якую на фальклорна-абрадавых абшарах Беларусі больш нідзе не сустрэнеш. Яно бытавала на Бярэзіншчыне і ў памежных з ёю раёнах і праводзілася толькі 21 студзеня — на трэці дзень пасля галоднай куцці.

У Новінах гэтае вясёлае гульбішча праводзіцца з 1998 года і стала неад'емнаю часткаю вясковага жыцця. Але сёлета бярэзінцаў узрушыла добрая падзея-навіна: абрад узяты пад ахову дзяржавы — рашэннем Рэспубліканскай рады па ахове гісторыка-культурнай спадчыны яму прысвоены статус нематэрыяльнай каштоўнасці. Ганаровае званне надаецца толькі жывой народнай традыцыі, што новінцы цягам жыцця і даказалі. Як і ў ранейшыя гады, у гэты дзень вёску наведалі тэлеаператары, фотажурналісты і работнікі культуры. Але сёлета іх было ажно занадта. І яно зразумела: не кожны дзень прысвойваюцца ганаровыя тытулы і званні. Усе хацелі засведчыць святочны настрой удзельнікаў, носьбітаў і захавальнікаў сапраўднага шэдэўра народнай культуры. А носьбітамі ў Новінах з'яўляюцца не толькі бабулькі і людзі старэйшага ўзросту, але і моладзь. І, галоўнае, — дзеці.

У Новінах Каляду везлі, а ў Чыжасе — неслі

Дзе яшчэ сустрэнеш гэткую забаву, каб бабульку ўсаджвалі на санкі, побач з ёю ставілі жытнёвы снапок і цягнулі на край вёскі да дуба альбо іншага дрэва? Бярэзінцы ганарацца, што іх продкі ўзбагачалі сваё жыццё звычаямі і традыцыямі, праз якія выяўлялася вясёлая і багатая душа народа. Яны ўмелі выказваць свае адносіны да з'яў прыроды простымі і выразнымі сімваламі, якія і праз тысячы гадоў застаюцца і зразумелымі і, што цікава, суладнымі жыццю. Як яно было і з Калядамі. Добра нагуляўшыся, уволю пасвяткаваўшы, селянін не забываў, што наступаў час брацца за працу, думаць пра будучы ўраджай. Праводзіны Каляд з'яўляліся своеасаблівай кропкай пасля доўгіх святкаванняў, забаў і ігрышчаў — мяжою, за якой пачыналіся працоўныя клопаты пра хлеб, гаспадарку. Моладзь збіралася ў хаце, спявала развітальныя песні. Гаспадыня здымала з покуці абжаты снапок — сімвал урадлівасці і дабрабыту, выносіла чыгунок з куццёю. Садзілі на санкі самую паважаную бабулю, і вясёлая працэсія кіравала за вёску.

"Каляда, Каляда, Калядзіца,

Ты добрая маладзіца!

Мы цябе шанавалі, мы цябе частавалі!

А цяпер, наша люба, прывялі цябе да дуба".

У Новінах імкнуцца прытрымлівацца даўняй традыцыі і "Цягнуць Каляду да дуба" менавіта так, як рабілі продкі. Ніна Клімовіч — галоўная захавальніца абраду — да дробязяў распытала ў старэйшых аднавяскоўцаў, як трэба правільна яго праводзіць, што і як спяваць. Цяпер яе дзеці і ўнукі могуць самастойна, без апекі старэйшых зладзіць вясёлае свята і праспяваць: "Ой, Калядачкі, вы на дуб, на дуб. А нам, дзевачкам, ды ніхто не люб..."

Гэтым разам новінцы выбралі сабе дуб за вёскай Марцыянаўка, і нам, каб убачыць, як цягнуць Каляду, давялося пару кіламетраў адмахаць пешкі. А ў вёсцы Чыжаха жанчыны знайшлі прыгожае дрэва ледзь не за суседнім агародам (тут праводзіны Каляды звычайна ладзілі жанчыны і дзяўчаты). На кола ад прасніцы, упрыгожанае каласкамі з леташняга ўраджаю, чыжахскія святкавальніцы паставілі чыгунок з куццёю і панеслі яго, як пана, на руках. Каля дрэва іх ужо чакалі вяскоўцы, каб разам вадзіць карагоды вакол дуба, пагуляць у ката. Кацярына Карканіца загадзя спякла пірог у выглядзе хатняга любімца, прывязала яго да палкі і наладзіла спаборніцтва на выяўленне самага спрытнага юнака. Трэба ўмудрыцца скокнуць і адкусіць кату хвост ці лапку. Гэтая гульня заўсёды выклікае ўсмешкі і вясёлыя рэплікі. Фінал абраду — усцягванне Каляды (кола, бараны, саламянай лялькі, снапка на дрэва) і замацаванне яго да галін. З абавязковым прыгаворам-наказам ці просьбаю: "Сядзі, Каляда, высока, глядзі, Каляда, далёка!"

Свята ў Чыжасе, адной з самых аддаленых вёсак раёна, падмацоўвала баяніст і гарманіст з Беразіно Тамара Дземяшкевіч. Дужа душэўна спявалі застольныя песні жанчыны, радуючыся, што годна "зацягнулі Каляду на дуба", што за вокнамі лагодная зіма, што зноў прыйдзе вясна і будзе на стале хлеб і да хлеба.

Анатоль Кляшчук. Фота аўтара.

Бярэзінскі раён. 

←Прокурор Могилевской области не считает, что в Климовичском районе "сложилась какая-то мафия"

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика