Выпрабаванне сібірскімі маразамі: уначы месцамі да мінус 23
У першай палове тыдня часам будзе ісці снег, паведаміла рэдакцыі спецыяліст Рэспубліканскага гідраметцэнтра Мінпрыроды Вольга Фядотава. На асобных участках дарог галалёдзіца. Тэмпература паветра сёння ўдзень ад 0 па захадзе да мінус 7 градусаў на ўсходзе. А вось ужо ў сераду стане халадней. Уначы на 25 студзеня будзе мінус 3—10, пры праясненнях на ўсходзе да 11—15 марозу; удзень мінус 1—8, на паўночным усходзе да мінус 10 градусаў.
У другой палове тыдня на тэрыторыю краіны завітае сібірскі антыцыклон, атмасферны ціск павялічыцца і ападкаў стане значна менш. А вось з пятніцы і да нядзелі ўключна ападкаў увогуле не будзе. Тэмпература паветра ў чацвер на працягу сутак 9—15 градусаў ніжэй за нуль, па паўночным усходзе ўначы да 16—20 марозу; толькі на паўднёвым захадзе Брэсцкай і Гродзенскай абласцей на працягу сутак мінус 6—8 градусаў.
Паводле папярэдніх прагнозаў, у апошнія дні тыдня маразы яшчэ узмоцняцца. Уначы чакаецца мінус 10—17, месцамі да 18—23 марозу; удзень мінус 7—14, у асобных раёнах да 17 градусаў ніжэй за нуль. Сіноптыкі падлічылі, што такі тэмпературны фон на выхадныя будзе ўжо на 6—10 градусаў ніжэйшым за кліматычную норму.
Сяргей КУРКАЧ.