Фотаапытанне: Як даўно вы каталіся на лыжах?
Як даўно вы каталіся на лыжах? Адказваюць віляйчане і маладзечанцы.
Мікалай Гатальскі, Вілейка, пенсіянер:
– Года ад 1995-га не хадзіў на лыжах. Яно і добра было б прайсціся на лыжах. Але як? У нас жа базы няма, каб на пракат узяць. А раней удзельнічаў у спаборніцтвах – і ў абласных, і ў інстытуце. Я па адукацыі выкладчык фізкультуры.
Аляксандр Раманоўскі, Вілейка, вучань СШ №5:
– У мінулы чацвер. На ўроку фізкультуры каталіся на лыжах.
Алена Усціновіч, Вілейка, тэхработнік СДЮШАР:
– У 10-м класе на ўроку фізкультуры. Гэта быў 1985-1986 год. Хаця не, праз год у вучылішчы мы яшчэ нарматывы здавалі. Пасля – сям’я, дзеці, работа-дом-работа...
Аляксандр Кавалёў, Маладзечна, галоўны спецыяліст аддзела фізкультуры, спорту і турызму:
– Мы з сям’ёй часта ходзім на лыжах. Напрыклад, у Бярозавы Гай. Калі ёсць снег, то раз на тыдзень абавязкова адпраўляемся на лыжную прагулку.
Жанна Анташкевіч, Маладзечна, менеджар па падборы персаналу:
– У мінулым годзе. З сябрамі зрабілі лыжную прагулку ў Бярозавы Гай. А раней я і ў першынстве горада ўдзельнічала, за каманду фабрыкі “Камсамолка” выступала.
Кацярына Раманоўская, Вілейка, вучаніца СШ №5:
– Яшчэ ні разу не каталася – я яшчэ не ўмею. Толькі дома прымервала лыжы – бабуля аддала.
Падрыхтавала Святлана ЦІШКО.