Ах, вёсачка, снегам атуленая
Такая зімовая ідылія радуе вока і цешыць душу
Падарыце іншы раз сабе крыху ціхай радасці, хвалюючых уражанняў і трапяткой асалоды. Калі такое можа быць, спытаеце вы? Ды ў снежную зіму, якая напаўняе свет здаровай прыгажосцю, быццам прынесла яна ўсяму наваколлю белае, чыстае свята.
Я адчуў такое зачараванне нядаўна ў вёсцы. Сёлета зіма вельмі марудзіла, доўга збіралася ўступаць у свае правы і ніяк не магла, быццам у яе не хапала сіл. Ужо і Вадохрышча прыспела, калі, як заведзена ў прыродзе, дрэвы аж трэскаюцца ад злых маразоў ды вольна гуляюць вірлівыя мяцеліцы. А тут увесь снежань і амаль палавіну студзеня адбывалася нешта незразумелае. Здаралася, ужо і ціснуў марозік, забіраў апошнюю вільгаць з лужын, з пахмурнага неба церушыў дробны сняжок, ну, думалася, нарэшце надыходзіць сапраўдная зіма. Але ж не тое было. Раптам цягнула цёплым ветрам з поўдня — і заплакала зіма: дарэмныя былі ўсе яе патугі, адліга злізала лёгкае снежнае покрыва.
Зноў бралася за сваё зіма, толькі ўжо са злосцю. То рване сцюдзёным ветрам, перамешаным з калючым марозам, то схопіць на зямлі апалае лісце, закруціць яго і шпурне на вясковую вуліцу. То строга пастукае ў аконную шыбіну халоднай галінкай бэзу, што расце ля самай хаты, быццам хоча спытацца ў гаспадароў: як вы там, гатовы мяне сустрэць?..
Сіроцкая зіма, як здаўна дасціпна празвалі ў народзе гэтую пару года, калі яна бедная на снег. А ў гэты дзень, ажно не верылася, закружыліся ў паветры легкія сняжынкі, такія маленькія гарэзы. Гляджу на іх і здаецца, што яны танцуюць чароўны ціхі танец, які вельмі напамінае вальс. Не спяшаюцца на зямлю, так хочацца яшчэ пабыць у небе, у чыстай прасторы, больш жа такое ніколі ў іх лёсе не паўторыцца. У небе рух, значыць, жыццё. А на зямлі ім зусім нецікава, давядзецца ляжаць нерухома да самай вясны, каб потым назаўсёды знікнуць.
Падстаўляю далонь, няхай садзяцца на яе сняжынкі, каб лепш разгледзець гэты пушысты цуд, які нараджаецца ў небе. Дарэмна: села сняжынка на далонь — праз імгненне яе няма. А вось на галінах дрэў яны трымаюцца ўчэпіста і дружна, і ўражанне такое, быццам зноў у нашым садзе зацвілі яблыні, слівы. І я спакойна разглядаю чыстыя, пяшчотныя то зорачкі, то кветачкі з шасцю надзвычай далікатнымі пялёсткамі...
За ноч выпала багата снегу. Пушысты і лёгкі, ён накінуў белыя шапкі на вершаліны дрэў, на кусты, клапатліва атуліў усе пабудовы. А дахі хат укрыў тоўстымі, цёплымі коўдрамі. Вось рванула ветрам, і на вуліцы закружылася няўрымслівая белая карусель.
Зноў ціха, лагодна і светла. Такая хвалюючая вясковая ідылія, якая асабліва зачароўвае раніцай! Чаго ў ёй не хапае? Ну канешне, лёгкага дымку з коміна. Мяркую, кожны з нас, хто нарадзіўся і вырас у вёсцы, успрымае гэты дымок, як сімвал жыцця любога паселішча. Дым раніцай з коміна — значыць, распалілі печ, у хаце будзе цёпла і ўтульна. І весялей становіцца на сэрцы, бо ведаеш, што ў вёсцы засталося тое дарагое, спрадвечнае і важнае, у чым яе душа.
На жаль, амаль няма такой добрай прыкметы ў вёсачцы, пра якую мой аповед. У свой час яна зусім марнела, пуставалі старыя хаціны, зарастала травой большасць агародаў, дзічэлі сады. А хто паклапоціцца пра гэтыя гаспадаркi? Уся ж дужая моладзь знайшла сабе добрыя месцы ў вялікім горадзе. Засталіся тут некалькі дзядуль і бабулек, іх ніякая сіла не магла адарваць ад бацькоўскага парога і роднай зямлі. Ды самае большае, што маглі ў такім узросце, — апрацоўваць хоць крыху свайго агарода, каб летам мець зяленiва, крыху бульбы, з чаго і рабілі невялікі запас на зіму.
І ўсё ж вёсачка не прапала — яе вярнулі да жыцця людзі хаця і з горада, але, дзякуй богу, не абыякавыя да зямлі. Як дачнікі набылі закінутыя агароды, прывялі ў парадак пабудовы, некаторыя паставілі новыя дамы — аднавілася вёсачка, папрыгажэла, павесялела. Асабліва летам, калі ў гэтым райскім куточку сярод прыроднага хараства прывольна праводзяць свае школьныя канікулы дзеці.
Але ж дачнікі не пастаянныя вясковыя жыхары. Позняй восенню ўсё сваё тут зачыняюць, і зіму вёсачка сумуе ў цішы і адзіноце. Які ўжо тут дымок з комінаў, калі ў хатах амаль няма пячэй? Жыхары карыстаюцца балонным газам.
І ўсё ж я з надзеяй пазіраю зараз на хату нашага суседа дзядзькі Сівага. Ён жыве ў вёсцы круглы год адзін і ніколькі не сумуе, бо адмысловы гаспадар любой сялянскай справы. Яго агарод — такая любата! Што, калі і як садзіць і даглядаць, ведае не горш, чым прафесіянальны аграном. Рупліва завіхаецца на сваім агародзе з самай ранняй вясны і амаль да першых замаразкаў, сумаваць зусім няма часу, на зіму запасае столькі рознага дабра...
Яшчэ сусед паставіў у сваёй хаце вялікую шыкоўную печ, каб і гатаваць любыя стравы, і, калі захочацца, ад душы пагрэцца. Таму я зараз не зводжу вачэй з коміна на даху яго хаты. Ну вось такі чаканы момант: над комінам мільгануў лёгкі дымок. Спачатку нясмелы, а праз некалькі хвілін бачу: дымок уецца ўпэўнена, і здаецца, у тым месцы ад яго аж пацяплела.
У дапаўненне да гэтага эпізода адна гісторыя, якую расказаў мне мой сябар па прафесіі. Прыйшоў час, што і ў яго роднай вёсцы засталіся ў асноўным нямоглыя пенсіянеры. І вось кожную раніцу яны па чарзе выходзілі на вуліцу і глядзелі, ці ўецца дым з комінаў. Калі ўецца — у людзей лягчэла на сэрцы, дзякуй Богу, жыве вёска...
Асабіста я за такую вясковую ідылію, калі чалавек, зачараваны прыродай, адначасова са шчырай любоўю і клопатам дбае пра родную зямлю-карміцельку.