Каб не страціць святое штосьці
![Каб не страціць святое штосьці. Каб не страціць святое штосьці](http://www.21.by/pub/news/2012/01/1327006831345219.jpg)
За апошні год было зарэгістравана больш за дваццаць праваслаўных прыходаў.
Наша краіна — адна з нямногіх у свеце, у якой усе нацыянальнасці і канфесіі жывуць у міры і згодзе.
Гэта абумоўлена і гістарычнымі абставінамі, і менталітэтам нашага народа, і, безумоўна, дзяржаўнай палітыкай, якая скіравана на тое, каб кожны чалавек адчуваў сябе ў ёй паўнапраўным грамадзянінам, адзначыў у час калегіі ўпаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Беларусі Леанід Гуляка. Вядучая роля ў рэлігійным жыцці краіны належыць Беларускай праваслаўнай царкве, зазначыў Гуляка. Сёння яна аб’ядноўвае больш за 1567 прыходаў, з якіх было зарэгістравана больш за дваццаць толькі летась. З’явіліся два праваслаўныя манастыры, адно брацтва. На чатырнаццаць павялічылася і колькасць праваслаўных храмаў. У пазамінулым годзе іх было 1334. У Віцебску пачала сваю дзейнасць новая духоўная семінарыя.
Летась было зарэгістравана чатыры абшчыны і дзве місіі Рымска-каталіцкай царквы. Цяпер іх колькасць дасягнула 479. Евангельскія хрысціяне-бапцісты зарэгістравалі 11 рэлігійных супольнасцей, а ўсяго іх у краіне больш за 280. У апараце ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей адзначылі, што цеснае ўзаемадзеянне вядзецца і з пратэстанцкімі, іўдзейскімі, мусульманскімі канфесіямі.