Як беларусы штурмуюць Беласток

Источник материала:  
18.01.2012 13:23 — Новости Общества

Як беларусы штурмуюць Беласток


Як беларусы штурмуюць Беласток
Фото: Народная Воля
Ва ўмовах крызісу кожны выжывае сам па сабе. Беларусы гэта зразумелі і не чакаюць літасці ні ад прыроды, ні ад дзяржавы. Бо настроі ў дзяржавы, як і прыроды, -- зменлівыя. Сёння адно -- праз дзень зусім іншае. Ніхто не ведае, што там заўтра яшчэ на нашу галаву. А таму ногі ў рукі -- і на закупку ў памежны польскі Беласток…

Сёння многія беларусы справядліва вырашылі, што мець у пашпарце польскую ці літоўскую нацыянальную візу -- вартая, эканомная для сямейнага бюджэту, а пры жаданні -- і прыбытковая справа. Зрабіць візу, як аказалася, не так ужо і складана. Існуюць фірмы, якія на гэтым спецыялізуюцца. Кошт за такія паслугі (адкрыццё візы на паўгода альбо на год) можа вар’іравацца ад 120 да 180 еўра. Беларускім прадпрымальнікам, напэўна, яшчэ прасцей, бо іх замежныя калегі, якія зацікаўлены ў продажы сваіх тавараў, афармляюць беларусам запрашэнні і дапамагаюць у атрыманні запаветнай адзнакі ў пашпарце. У Польшчу рэгулярна ходзяць маршруткі, з фірмамі можна звязацца праз рэкламныя аб’явы. Білет каштуе, можа быць, не так і танна (ад 20 да 35 еўра ў абодва бакі), але пры жаданні ўсё акупляецца.

…Мы вырашылі ехаць у Беласток на машыне. У будні дзень, калі чэргі на мяжы меншыя. Тым больш што на сайце Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі наогул паведамлялася за дзень да паездкі, што чэргаў ні з польскага боку, ні з беларускага няма. І ўвечары іх на самай справе не назіралася. Праўда, на самой мяжы абапал дарогі -- цэлая калона легкавушак. Шмат машын з гродзенскімі нумарамі, для якіх такі працэс -- звычайная работа, спосаб выжывання. У іх -- свая чарга. Як вядома, па новых правілах на асабістым аўта можна выязджаць за мяжу не часцей за адзін раз у восем дзён. Вось і чакаюць “чаўнакі” на памежжы, калі надыдзе іх дзявяты дзень, які дазволіць ізноў ірвануць у Польшчу.

Што вязуць суседзям? Асартымент традыцыйны -- цыгарэты, гарэлка, паліва. Напрыклад, у Польшчы пачак цыгарэт сярэдняга класа каштуе каля 3 долараў (у Беларусі нават пасля нядаўняга падаражэння -- каля долара), бензін і салярка ў суседняй краіне -- каля двух долараў, гарэлка -- каля сямі. Я не кажу пра сярэднія заробкі палякаў і беларусаў, але, калі можна купіць танней, то навошта панам плаціць больш? З такой вялікай розніцай у цэнах маюць выгаду і той, хто прадае, і той, хто купляе.

Праўда, застаецца адна праблема -- прайсці мытны кантроль. Але нашы людзі ўжо настолькі адаптаваліся да экстрэмальных умоў жыцця, што мытнікі не паспяваюць за фантазіяй беларускіх “чаўнакоў”.

-- Напрыклад, пераабсталёўваюць машыны бакамі з вялікімі літражом, каб больш увезці ў Польшчу паліва, -- распавядае мне адзін вадзіцель. -- Запраўляюць поўны бак перад самай мяжой. Пераязджаюць яе, зліваюць паліва пану, з якім ужо ёсць дамоўленасць, закупляюць танны польскі тавар і назад -- займаць чаргу, каб праз восем дзён ізноў адправіцца па наезджаным шляху.

Шмат “чаўнакоў” накіроўваюцца ў Польшчу менавіта вечарам, каб патрапіць на добра вядомы начны рынак Fasty у Беластоку. Працуе ён прыкладна з трох гадзін ночы па мясцовым часе, асаблівай папулярнасцю ў беларусаў карыстаецца павільён, дзе ў асноўным прадаюць нямецкія тавары -- пральны парашок, каву, шакалад, зубную пасту. Цэны ў разы меншыя, чым у Беларусі. Напрыклад, кілаграм молатай кавы Chibo каштуе ўсяго 7 долараў (каля 60 тысяч), ёсць 250-грамовыя ўпакоўкі па 10 тысяч рублёў (калі перавесці іх па курсе нацыянальнай валюты). Нямецкія шакаладкі -- па 8--12 тысяч, прыправа (500 грамаў) -- 17 тысяч, лак для валасоў -- 16 тысяч… Тут, як правіла, “затарваюцца” прадпрымальнікі-аптавікі. Бяруць тавар вялікімі ўпакоўкамі, афармляюць “ваты” -- дакументы для вяртання падатку. Таму, напрыклад, калі беларус купіў у магазіне тавару на 100 долараў, то наступным разам 23 долары яму вернуць.

Пасля начнога базару прадстаўнікі малога бізнесу звычайна накіроўваюцца на гарадскі рынак, што знаходзіцца непадалёку ад вакзала. Там сітуацыя з цэнамі аналагічная. Калі апынаешся ў гэтым месцы, то першае ўражанне -- што прыехаў на мінскі рынак “Ждановічы”. Вакол -- машыны з беларускімі нумарамі, усюды родная гаворка…

-- Іле, пан, каштуе кава? -- цікаўлюся ў мужчыны, які з “буса” раскладвае тавар.

-- Сколько надо, столько и "каштует", -- мой зварот да "пана", які аказаўся земляком, скончыўся канфузам.
На рынку аптавікі набываюць партыі шкарпэтак, трусоў, ручнікоў. Людзі купляюць газонакасілкі, перфаратары, шурупавёрты, швэдары і джынсы… Да прыкладу, той жа чайнік можна купіць усяго за 6--7 долараў, газонакасілку -- за 75 у.а. Параўнайце з цікавасці цэны з айчыннымі. Да таго ж улічвайце, што вам вернуць каля 20 працэнтаў ад кошту тавару.

А ўвогуле, як высветлілася, кожны едзе ў Беласток з нейкай канкрэтнай мэтай. Камусьці патрэбны тэлевізар (праз мяжу гэты тавар вязуць цэлымі патокамі), набываюць нават халадзільнікі, кухні, пральныя машыны.

Не забываюць многія беларусы наведаць і мясцовыя гіпермаркеты, дзе зніжкі на Каляды працягваюць дзейнічаць да гэтага часу і даходзяць да 70--85 працэнтаў. Цэны тут, безумоўна, вышэйшыя, чым на рынку, але і тавар больш якасны. І таннейшы, чым у беларускіх “буціках”.
У мясным аддзеле быў сведкам, як мужчына выдаў такі крык радасці, што скалануліся сцены крамы, а прадстаўнікі іспанскай футбольнай тарсіды дакладна пазелянелі б ад зайздрасці. Аказваецца, беларус знайшоў паляндвіцу па 14 злотых за кілаграм (прыкладна 35 тысяч рублёў за кг). Побач нехта ўсхвалявана рассказваў, што знайшоў камплект каструль за 14 долараў. А нехта ўбачыў танную бляшанку і спрабуе па складах прачытаць польскі надпіс: “Пез-дзень кур-ча-ка”.

-- Сам ты гэтае слова! -- смяюцца з яго сябры. -- У перакладзе з польскай мовы гэта “печань”. Вучыся правільна чытаць на польскай мове…
З’ехаць з Польшчы ўсе беларусы стараюцца раней, да абеду. Бо ўвечары можна прастаяць на мяжы і пяць гадзін. З’ехаць, каб ізноў сюды вярнуцца… Такія беларускія рэаліі. Кожны выжывае як можа. 
←Независимые профсоюзы рассматривают возможность кампании бойкота белорусских товаров в ЕС

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика