"...Славяне маюць чып упартасці"

Источник материала:  

Чарнагорскі пісьменнік Слабадан ВУКАНАВІЧ — часты госць у Беларусі. Ужо некалькі гадоў запар удзельнічае ў міжнародных "круглых сталах" "Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго", што арганізоўваюць Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова "Літаратура і Мастацтва" ў час святкавання Дня беларускага пісьменства. Некалькі слоў для знаёмства перад гутаркай з добрым сябрам беларускай літаратуры. Нарадзіўся Слабадан у 1944 годзе. Жыве ў Падгорыцы. Прафесійна займаецца літаратурай. Выдаў шэраг паэтычных зборнікаў з такімі сімпатычнымі назвамі, як "Зорныя пёры", "Здымкі касеты касмічнага карабля", "Касмічнае перасяленне Мантэнэгра", "Куды нам далей", "Лодка — лыжка", "Крылатыя караблі нясуць златавустага Іераманаха", "Ты мне не паверыш, Амалія стала ветраком", а таксама — кнігі прозы "Пяць лібрэта для балета", раман "Ключ — Маятнік". Аўтар кніг для дзяцей. Творы пісьменніка прадстаўлены больш як у 30 анталогіях, калектыўных зборніках. Яго вершы і "гульняказы" ўключаны ў падручнікі для васьмігадовай (дзявяцігадовай) школы "Як гэта можна" і "Цуды чытання". Творы Слабадана перакладзены на англійскую, рускую, французскую, беларускую, італьянскую, арабскую, польскую, венгерскую, румынскую, славенскую, македонскую, турэцкую, балгарскую і албанскую мовы.

"...Славяне маюць чып упартасці"— Слабадан, раскажыце, калі ласка, крыху пра сучасную літаратурную сітуацыю ў Чарнагорыі. Як яна складваецца пасля распаду Югаславіі? Ці ёсць Саюз пісьменнікаў? Колькіх паэтаў, празаікаў, драматургаў ён аб'ядноўвае?

— Да распаду Югаславіі ў асацыяцыі пісьменнікаў Чарнагорыі было каля 500 сяброў. Калі браць у разлік невялікую колькасць насельніцтва ў нашым краі, то гэта, відавочна, добры паказчык. Чарнагорыя заўжды была вядомая як краіна мастакоў і пісьменнікаў. Праўда, літаратары адпраўляліся ў Белград, і там у сямідзясятыя гады мінулага стагоддзя сярэдняе пакаленне пісьменнікаў — лепшых, заўважу, пісьменнікаў Югаславіі — у большасці складалася з чарнагорцаў. З распадам Югаславіі распалася і Асацыяцыя пісьменнікаў Чарнагорыі, з яе сфарміраваліся дзве арганізацыі. Тых, хто за цэласнасць Югаславіі, і тых, каму па душы суверэнітэт Чарнагорыі.

— Ці выходзяць у вашай краіне літаратурна-мастацкія часопісы? Якімі тыражамі? Хто з'яўляецца іх асноўным чытачом?

— Цяпер рэгулярна выходзяць толькі тры часопісы, а раней было сем. На пачатку 2011 года я стварыў часопіс (ён называецца "Quеst"), які носіць міжнародны характар. У гэтым выданні прадстаўляецца нацыянальная культура ў свеце і іншыя культуры, літаратуры ў Чарнагорыі. Друкуецца шмат перакладаў. Рэдакцыйная рада складаецца з пісьменнікаў з Люксембурга, Ірландыі, Беларусі, Польшчы, Сербіі і Чарнагорыі. Спадзяюся, што колькасць замежных аўтараў будзе з года ў год у нас павялічвацца. Часопісы раней у нас выходзілі накладам не менш за 1 тысячу асобнікаў. Зараз у асноўным — 500 экзэмпляраў. Тыражы дзіцячых часопісаў — ад 5 да 14 тысяч экзэмпляраў.

— Ці нашмат у параўнанні з часамі Югаславіі скараціліся тыражы кніг пісьменнікаў Чарнагорыі?

— І тыражы кніг істотна зменшыліся. У асноўным — 500 экзэмпляраў. Нават некалькі гадоў таму кніга вядомага сербскага пісьменніка Міларада Павіча выйшла накладам у 500 асобнікаў. Гэта несумненна сведчыць пра крызіс чытача і чытання. Чарнагорыя — маленькі кніжны рынак. Хаця на чарнагорскай мове можна чытаць і ў Сербіі, Харватыі, Босніі і Герцагавіне.

— А тыражы паэтычных зборнікаў...

— І яны роўныя 500 экзэмплярам. Радзей — 1000.

— На якіх мовах пішуць і выдаюцца пісьменнікі Чарнагорыі?

— У асноўным на чарнагорскай, сербскай, баснійскай і харвацкай. Албанцы пішуць на албанскай мове.

— Наколькі трывалыя літаратурныя сувязі з астатнім светам? Ці падтрымліваеце вы стасункі з пісьменнікамі іншых краін былой Югаславіі?

— Чарнагорцы зараз упершыню ўзнавілі супрацоўніцтва з усімі былымі рэспублікамі. Прызнацца, і я раней больш друкаваўся за межамі Чарнагорыі, у іншых рэспубліках, і іншых краінах. Міністэрства культуры нашай краіны прадэкларавала ўзнаўленне новых адносін з усім светам. Як яно атрымаецца, яшчэ паглядзім.

— Хто з пісьменнікаў заваяваў зараз найбольшую ўвагу чытачоў Чарнагорыі?

— Самая шырокая ўвага чытачоў — да твораў маладога празаіка Огнена Спахіча. У яго дзве ўзнагароды — адна з Босніі, другая з Румыніі. Фарміруецца маладое, сучаснае пакаленне. Пажылыя пісьменнікі, з сацыялістычнага перыяду, абцяжараны сацрэалістычнай літаратурай. Маладыя ў большасці сваёй ведаюць замежныя мовы, карыстаюцца інтэрнэтам, жывуць ужо ў новай — камп'ютарнай эры, якая так ці іначай шмат чаго прыўносіць у літаратурны працэс. Шкада, праўда, што моладзь больш чытае замежных пісьменнікаў, чым творы сваёй, нацыянальнай, літаратуры. Хіба ж не культура — аснова нацыі?! Нацыянальнае ўсё ж павінна зберагацца, ушаноўвацца. Як, напрыклад, робіцца ў вас, у Беларусі. Адна толькі Нацыянальная бібліятэка ў Мінску бачыцца мне звышпадзеяй сённяшняга часу, гэткай Вавілонскай бібліятэкай.

— Слабадан, вы — часты госць у Беларусі. Ці параўноўваеце літаратурную сітуацыю ў Беларусі і Чарнагорыі?

— Я часта прыязджаю ў Беларусь, і, відаць, ніхто ў Чарнагорыі не ведае беларускую літаратуру лепш за мяне. Са старадаўняга чытаў Францыска Скарыну, Сімяона Полацкага, Паўлюка Багрыма, Вінцэнта Каратынскага, Францішка Багушэвіча. Чытаў і чытаю Янку Купалу, Максіма Багдановіча, Алеся Разанава, Анатоля Сыса, Алеся Бадака, Віктара Шніпа, Міколу Мятліцкага... Літаратурныя сітуацыі, калі браць пэўны гістарычны аспект, у нашых краінах у асноўным падобныя. Хаця сучасная Беларусь надае культуры шмат большую ўвагу, чым Чарнагорыя сёння.

А між тым, калі ў нас ішла вызваленчая барацьба, ужо ў 1494 Чарнагорыя мела друкаваную кнігу. Дзіўна, што цяпер мы так мала апякуемся пра прысутнасць культуры ўвогуле ў свеце. Здараецца, што чарнагорцы праслаўляюць іншыя краіны і тым самым нагадваюць пра нашу нацыю. Веру, што ў Чарнагорыі ўсё ж павернуцца да сваіх карэнняў, да саміх сябе.

— Каго асабіста вы перакладаеце з беларускіх пісьменнікаў?

— У часопісе "Арс" выйшла падборка з твораў 10 беларускіх паэтаў. Друкуюцца беларускія аўтары ў "Настаўніцкай газеце" і "Славянскім весніку". Гэта ўжо — у перакладах вашага суайчынніка Івана Чароты. З маёй прапановы пісьменнік і перакладчык Душан Джурышыч пераклаў у часопісе "Новыя сустрэчы", а таксама для "Quеst" вершы Алеся Бадака і Міколы Мятліцкага. Зараз мы рыхтуем разам з Іванам Чаротам таксама для "Quеst" пераклады вершаў Віктара Шніпа, якога лічу адным з самых цікавых паэтаў Беларусі.

— Да чаго ў асноўным тэматычна прывязана сучасная чарнагорская літаратура? Раскажыце хаця б пра асноўныя тэмы сучаснай прозы...

— Пакуль старэйшае пакаленне пісала пра вайну і рэвалюцыю, маладыя апрацоўвалі новыя тэмы: вынаходлівасць, кемлівасць у жыцці, клопаты пра тое, як увогуле выжыць у складаным свеце, пошукі ўласнага "я", лёс новага пакалення, беспрацоўе... Моладзь адчувае сябе страчаным пакаленнем. Пра гэта і піша. Заўважу з гісторыі літаратуры, што якраз страчанае пакаленне і стварала ў розных абставінах найбольш запамінальныя, яркія творы. Бо ў страчанага пакалення абвостранае жаданне вызначыць свой час, абазначыць сістэму каардынат, у якіх даводзіцца жыць.

— Часта спрачаюцца на тэму, наколькі літаратура павінна адлюстроўваць рэальнасць, навакольную рэчаіснасць... А вы асабіста што думаеце з гэтай нагоды?

— У мяне складваецца ўражанне, што нам, тым, хто пакаштаваў сацыялістычны лад жыцця, цяжка ўбачыць, разгледзець новы час, нават складана разабрацца ў ім. Пра гэта я гаварыў падчас пісьменніцкіх сустрэч, "круглых сталоў", канферэнцый у Мінску, Гомелі, Смаргоні. Мы, чарнагорскія пісьменнікі, не павінны пісаць тое ж, што пішуць у Расіі, Амерыцы, Францыі, Беларусі... Я пішу па-свойму, іншыя — так, як яны лічаць магчымым, як падказвае ім іх нацыянальны код. Багацце і развіццё ў тым, што мы ўсе розныя, не падобныя адно да аднаго. Сумна штодня есці адны і тыя ж прысмакі, якімі б салодкімі яны ні былі. Калі я гавару пра перавагу электроннай кнігі, то не таму, што я станаўлюся выключна на пазіцыі яе развіцця. Я канстатую час, характар яго развіцця. Электронная кніга не зважае на маю і вашу волю. Некаторыя, праўда, пасля заўважылі, што я захапляюся электроннай кнігай, але гэта не так. Я проста прызнаю рэальнасць. Ніхто не здольны спыніць кола цывілізацыі. У мяне складваецца ўражанне, што ў нас, у славян, ёсць асаблівы чып упар-тасці. А можа, гэта чып большай ступені чуласці нашай душы? Мы не можам мірыцца з многімі фактамі, з некаторымі, здавалася б, ісцінамі. Чалавек — гэта кола, якое выпрацоўвае святло, выпрацоўвае і цемру, стварае радасць, боль, смутак. Чалавек сам усё прыдумвае і сам стварае...

Вялікі чарнагорскі паэт Пётр Петравіч Негаш гаварыў: "Стакан жоўці шукае стакан мёду, змешанае лягчэй за ўсё піць". Значыць, і творчасць — з мёду і горкасці, з радасці і суму. Хіба гэта не падобна на славянскую медавіну, медавуху?..

Гутарыў Кастусь ЛЕШНІЦА.

Падгорыца — Мінск.

←В Бресте ГАИ вместе с театром кукол борются с детским дорожно-транспортным травматизмом

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика