Будучым навасёлам у Віцебску не тлумачаць пра прычыны даўгабуду

Источник материала:  
11.01.2012 09:46 — Новости Общества

Будучым навасёлам у Віцебску не тлумачаць пра прычыны даўгабуду


Будучыя навасёлы ў Віцебску паскардзіліся мне на даўгабуд і папрасілі разабрацца ў сітуацыі. Ледзь ці не адразу пабываў на месцы, дзе будуецца гэты шматпавярховік (на ўскраіне абласнога цэнтра). Тут у апошнія гады вядзецца актыўнае будаўніцтва жылля. Новыя "спальныя"мікрараёны, можна канстатаваць, "растуць, як грыбы".

А што ж канкрэтны дом? Аўтар гэтых радкоў упэўніўся, што незадаволеныя людзі маюць рацыю. На жаль, сітуацыя тыповая для краіны. Будаўнікоў не хапае катастрафічна. Ды і з крэдытаваннем будаўніцтва на льготных умовах не ўсё, мякка кажучы, ідэальна. Дык колькі ж можна будаваць?

Куды падзеліся грошы?

— Турбую вас па просьбе грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Мы — дольшчыкі будаўніцтва жылога дома па адрасе: Маскоўскі праспект, дом № 103 у мікрараёне Білева-1 (на скрыжаванні вуліцы Баграмяна і Маскоўскага праспекта — А.П.). Мы занепакоены тым, што будаўніцтва дома зацягваецца, — вельмі эмацыянальна расказвае карэспандэнту "Звязды" адзін з будучых навасёлаў. Гутарылі мы з ім яшчэ напрыканцы лістапада мінулага года. — У 2010-м годзе (у кастрычніку) былі заключаны першыя дагаворы на долевае будаўніцтва дома, якое вядзе ААТ "Жылбуд". Праз месяц людзей папрасілі перазаключыць дагаворы ў сувязі з тым, што тэрмін завяршэння будаўніцтва пераносіцца: з-за таго, што не ўсё на той момант заключылі дагаворы, банк не прафінансаваў будаўніцтва. Калі спачатку здача дома планавалася на май 2012 года, дык у адпаведнасці з другім дагаворам — на ліпень 2012 года. Вядома, чакаць лішнія два месяцы — параўнальна невялікі час, таму людзі без вялікай турботы перазаключалі дагаворы. Але нядаўна некаторыя жыхары даведаліся "ад трэціх асоб", што тэрмін уводу ў эксплуатацыю дома перанеслі: ледзь ці не на лістапад—снежань 2012 года.

Як растлумачыў будучы навасёл, ільготныя крэдыты людзі атрымалі ў студзені 2011 года, як тыя, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў (згодна з Указам Прэзідэнта № 185). Сёння лёгка можна падлічыць, колькі сродкаў пералічыў будаўнікам "Беларусбанк". Паводле слоў заяўніка (паўтаруся, сустракаліся мы з ім напрыканцы лістапада), прадстаўнікі кампаніі ААТ "Жылбуд" патэлефанавалі дольшчыкам і запрасілі іх на сход каля месца, дзе будуецца дом.

— Прыехаў на сход асабіста дырэктар кампаніі. Ён распавёў, што тэрміны будаўніцтва пераносяцца да канца 2012 года. Паводле яго слоў, дом, які будуецца, не ўключылі ў "нейкі спіс" гарвыканкама. І прапанаваў стварыць дольшчыкам таварыства жыльцоў, каб члены праўлення "хадзілі і выбівалі грошы". Застаюцца адкрытымі пытанні: якія грошы, навошта і ў каго "выбіваць"? — працягвае чытач. — У выніку зараз тры актывісты з ліку будучых жыхароў на добраахвотнай аснове спрабуюць неяк паўплываць на сітуацыю. Дарэчы, падчас таго сходу жыхары з вуснаў кіраўніка будаўнічай фірмы так і не пачулі канкрэтны адказ на пытанне: куды падзеліся грошы, накіраваныя банкам на будаўніцтва? Маўляў, крэдытаванне прыпынена. На пытанне наконт таго, чаму адсутнічалі і адсутнічаюць будаўнікі на аб'екце, быў атрыманы адказ, што ў горадзе ёсць больш важныя аб'екты.

Увод перанесены

Паспрабаваў я звярнуцца па каментарый у гарвыканкам. Перад гэтым асабіста пераканаўся, што будаўніцтва не вядзецца наогул. Калі прыехаў на аб'ект, каб яго сфатаграфаваць, нікога з рабочых не ўбачыў. Тэхніка стаяла... На свой ліст, накіраваны афіцыйным асобам, атрымаў адказ.

Першы намеснік старшыні віцебскага гарвыканкама Алег Меркушаў канстатаваў факты. Афіцыйны ліст, накіраваны журналісту, падпісаны 30. 12. 2011 года. Чыноўнік растлумачыў: "Прыцягненне да будаўніцтва дольшчыкаў і заключэнне з імі дагавораў стварэння аб'екта долевага будаўніцтва пачата з кастрычніка 2010 года. Зараз з 180 дагавораў па долевым будаўніцтве заключаны 179, у тым ліку з прыцягненнем ільготных крэдытаў 163 дагаворы... Фінансаванне будаўніцтва жылога дома ажыццяўлялася па меры заключэння дагавораў. Толькі ў верасні 2011 года пагашана запазычанасць па аплаце выкананых ААТ "Жылбуд" работ за перыяд з кастрычніка 2010 года па жнівень 2011 года. Па стане на 28.12. 2011 года на будаўніцтва аб'екта выдзелена авансаў пад выкананне работ у снежні 2011 года і ў студзені 2012 года ў суме 1,948 мільярда рублёў. Зараз па аб'екце засвоены 4858 мільёнаў рублёў. Работы ажыццяўляюцца ў адну змену (10 чалавек). Пасля вызвалення рабочых ААТ "Жылбуд" з іншых аб'ектаў у студзені 2012 года работа будзе арганізавана ў дзве змены. Увод у эксплуатацыю вышэйназванага дома перанесены на снежань 2012 года ў сувязі з нерытмічным фінансаваннем будаўніцтва, адсутнасцю паставак у чэрвені—верасні 2011 года ў неабходных аб'ёмах цэменту, таварнага бетону і металу... Перанос тэрміну ўводу дома №103 па Маскоўскім праспекце ўзгоднены з Віцебскім аблвыканкамам..."

Будучым навасёлам у Віцебску не тлумачаць пра прычыны даўгабуду

"Зваротаў у СМІ было б менш"

Дык чаму ж было не растлумачыць усё будучым навасёлам падчас таго ж сходу? І назваць прычыны пераносу тэрмінаў гэтак жа канкрэтна, як назваў іх першы намеснік старшыні гарвыканкама? Між іншым, узгаданая будаўнічая арганізацыя вельмі шмат добрага зрабіла па аднаўленні Віцебска і будаўніцтве новых аб'ектаў. Толькі, відаць, там не вельмі яшчэ навучыліся з людзьмі размаўляць, асабліва калі яны чакаюць ад будаўнікоў канкрэтных дзеянняў у канкрэтным выпадку.

Чамусьці, думаецца, зварот у карпункт па гэтай тэме будзе не апошнім. Паўтаруся, з будаўніцтвам жылля пры ўмовах льготнага крэдытавання ў апошні час не ўсё складваецца так, як хочацца будучым навасёлам. Магчыма, калі б прадстаўнікі банка, будаўнічых арганізацый, ды і мясцовых улад "трымалі руку на пульсе", "працавалі на апярэджванне", своечасова і даступна інфармавалі грамадзян пра рэальныя цяжкасці, якія ўзнікаюць падчас будаўніцтва, зваротаў у СМІ было б менш.

І наўздагон — наконт "больш важных аб'ектаў". Так, Віцебск за апошнія гады тры вельмі папрыгажэў. Адноўлены храмы, стварылі ў гістарычным цэнтры горада пешаходную вуліцу. А якая прыгожая і стыльная плошча Перамогі — галоўная ў вобласці... Але ж канкрэтнага грамадзяніна, жыхара горада, у першую чаргу, безумоўна, хвалюе, калі пабудуюць, дабудуюць, ці адрамантуюць яго дом, калі ў яго двары навядуць парадак. Ці не так? 

←В гомельских вузах будут усиленно изучать христианство

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика