"Не быць рабом чужое волі", альбо Якімі прынцыпамі кіруецца пісьменнік Георгій Марчук
...Год таму ён прапанаваў павіншаваць з Новым годам, Калядамі дзіця, якому не пашанцавала з бацькамі. Як радавалася дзяўчынка, якая атрымала пасылку-падарунак ад пісьменніка!
Хто гатовы дзяліцца з іншымі, той сам бывае адораны лёсам. У жыцці пісьменніка Георгія Марчука падарункаў было шмат: ад чытацкай (у Беларусі і за межамі) увагі да высокіх узнагарод — такіх, як Дзяржаўная прэмія Беларусі (за экранізацыю яго ж рамана "Кветкі правінцыі"). І ў гэтыя дні пісьменнік і драматург атрымліваў падарункі — не за адно свята. Трэба ж было так падгадаць — нарадзіцца 1 студзеня! Гэта было ў 1947 годзе ў г. Давыд-Гарадку.
Лёс не шкадаваў яго. Рана застаўся без маці, жыў з дзедам і бабуляй. Уражлівы хлопчык, здаецца, бачыў не вачамі, а душою наваколле, жыццё гарадчукоў. Гэта дапамагло яму праз дзясяткі гадоў так праўдзіва апісаць самабытны ўклад жыцця, традыцыі, звычаі жыхароў беларускага Палесся ў раманах "Крык на хутары"(1983) і "Кветкі правінцыі"(1988).
У 1973 годзе Георгій Васільевіч скончыў Мінскі тэатральна-мастацкі інстытут па спецыяльнасці "Тэатразнаўства", у 1975 годзе — Вышэйшыя курсы рэжысёраў і сцэнарыстаў у Маскве. Дзесяць разоў быў лаўрэатам рэспубліканскіх конкурсаў па драматургіі. У творах Марчука прысутнічае вечны канфлікт паміж духоўным і матэрыяльным, узнімаюцца пытанні аб адказнасці кожнага чалавека за сваё жыццё перад Богам і людзьмі. Ён аўтар 8 раманаў, 50 п'ес, кнігі казак для дзяцей, кнігі навел "Хаос", зборніка афарызмаў. Па сцэнарыях Марчука зняты фільмы "Пісьмо Феліні" (2006) і "Яблык Месяца" (2009). Зараз Георгій Васільевіч — сакратар Саюза пісьменнікаў Беларусі. Расійская акадэмія славеснасці ўзнагародзіла Георгія Васільевіча медалём "Ревнителю просвещения" і медалём Шолахава.
Чытачам "Звязды" імя Георгія Марчука добра вядомае: на старонках газеты друкаваліся яго афарызмы, паводле якіх можна было зразумець жыццёвую пазіцыю іх аўтара. Удакладніць яе дапаможа невялічкае бліц-інтэрв'ю з пісьменнікам, які на пачатку новага года адзначыў 65-годдзе.
— Паводле якіх прынцыпаў будавалася і будуецца ваша жыццё?
— Не быць рабом чужое волі.
— Ад чаго стамляецеся больш за ўсё?
— Ад несправядлівасці свету.
— Што надае вам жыццёвыя сілы?
— Калі гэтая несправядлівасць памяншаецца.
— У якой краіне хацелі б пабываць?
— Усюды ўсё амаль аднолькавае. А традыцыі, твары людзей, прыроду, архітэктуру можна пабачыць і на экране тэлевізара.
— З кім з цікавых людзей нашага часу вы хацелі б пагаварыць?
— Падкажыце мне напачатку гэтых цікавых людзей, і я выберу. Для мяне няма нецікавых людзей.
— Якія кнігі беларускіх аўтараў, на ваш погляд, трэба перачытаць усім?
— "На імперыялістычнай вайне" М. Гарэцкага, "Людзі на балоце" І. Мележа, "Адвечная песня" Я. Купалы, "Сымон-музыка" Я. Коласа.
— Над чым працуеце зараз?
— На пісьмовым стале новая сатырычная камедыя і накіды новага рамана. Завершаны вясковыя казкі.
— Вы гаварылі, што праводзіце за пісьмовым сталом па 8-10 гадзін і пішаце ручкай, а не на камп'ютары. Ці так гэта?
— Пішу ручкай, але цяпер не па 8-10 гадзін у суткі, а па 8-10 гадзін у месяц.
— Самы шчаслівы дзень у жыцці?
— Хапала шчаслівых і нешчаслівых дзён. Адны з самых шчаслівых — дзень першых апладысментаў на сцэне клуба Давыд-Гарадка (мне было ўсяго 10 гадоў), нараджэнне дачкі, першая прэм'ера маёй камедыі "Люцікі-кветачкі" ў Мазыры, нараджэнне ўнучкі.
— Было б цікава ведаць пра вашу сям'ю.
— Жонка працуе ў медыцыне. Дачка піша п'есы і казкі, якія ідуць і ў Расіі, а таксама фэнтэзі для падлеткаў. Унучка Маруся вучыцца ў пятым класе, іграе на гітары, сядзіць суткамі "ВКонтакте" і зусім не хоча пакуль чытаць дзедавы творы.
— Чаго вам больш за ўсё не хапае сёння?
— Магчымасці прыпыніць час, каб так хутка не старэць.
— У гэтыя святочныя дні што хацелі б пажадаць чытачам?
— Любіць жыццё і людзей, якія побач. Калі ты патрэбен хаця б аднаму чалавеку, то можаш лічыць сябе шчаслівым.
Галіна БАБАРЫКА,
Член Саюза пісьменнікаў Беларусі.