Фабрыка дыназаўраў з Бярозы
Ролік пра дыназаўраў сям'і Найбіч летась заняў першае месца на конкурсе "Слабо?" расійскай тэлепраграмы "Сам сабе рэжысёр". На стварэнне незвычайнай калекцыі, прызнаўся скульптар-самавучка, яго натхніў малодшы сын Ілья, народжаны ў год Дракона.
"Для пагрузкі-разгрузкі аднаго дыназаўра трэба 6 чалавек"
— Пачалося ўсё з таго, — распавядае жонка Уладзіміра Найбіча Таццяна, — што нам у 2000 годзе Бог падарыў трэцяга сына. Гэта быў якраз год Дракона па ўсходнім календары. Неяк муж прынёс дадому з крамы набор цацачных дыназаўрыкаў. Сеў гуляць з малым і кажа: "Таня, а давай паспрабуем зрабіць вялізнага дыназаўра. А раптам атрымаецца?"
Першых сваіх дагістарычных яшчараў Найбічы выставілі ў мясцовым музеі, калі Ільюшу споўніўся годзік. З часам Уладзімір удасканаліў калекцыю. І зараз яго 10 дыназаўраў, выкананыя ў натуральную велічыню, паспяхова гастралююць па буйных гарадах Беларусі.
Крылаты птэразаўр, спіназаўр, падобны на кракадзіла, эйніязаўр з рогам на носе, эўплацыфал з "булавой" на канцы хваста, 7-метровы тыраназаўр рэкс... Для транспарціроўкі ўнікальнай калекцыі неабходна фура на 85 кубоў. А для пагрузкі-разгрузкі аднаго дыназаўра — намаганні 6 чалавек.
— Прычым абыходзіцца з веліканамі ручной работы трэба максімальна далікатна, каб не пашкодзіць, — падкрэслівае скульптар і запрашае ў майстэрню, дзе дэманструе набор інструментаў, з якімі пры пераездах не расстаецца. — На вялікія адлегласці сваіх дыназаўраў мы, як правіла, не перавозім: надта накладна. Апошні раз 7 мільёнаў аддалі за фуру.
Усю ж экспазіцыю, якая пера-дае атмасферу дагістарычных часоў, Уладзімір і Таццяна пры дапамозе работнікаў музея манціруюць каля 5 дзён. Акрамя дыназаўраў, у "Парк юрскага перыяду" (менавіта так называецца выстава. — Н. Д.) уваходзяць дагістарычныя жучкі і павучкі, дэкарацыі, пальмы, гукі прыроды і роў дыназаўраў, а таксама 20-кілаграмовая костка маманта, знойдзеная непадалёку ад Драгічына.
— Не так даўно нейкія людзі з Магілёва прапанавалі набыць у іх зуб дыназаўра за 1000 долараў, — кажа Таццяна. — Вельмі б хацелася мець і гэты экспанат, але мы, зразумела, адмовіліся. Бо гэта для нас непад'ёмны кошт.
Зубы ды кіпцюры — са скульптурнага пластыку, язык і паднябенне — з пчалінага воску
Вырабіць 7-метровага дыназаўра, як аказалася, не так проста.
— Спачатку робіцца металічны каркас, які пакрываецца мантажнай пенай і скульптурным пластыкам, — дзеліцца творчымі сакрэтамі Уладзімір Пятровіч. — На аднаго дыназаўра трэба як мінімум 50 балонаў пены. Затым тулаву рэптыліі надаецца форма, абцягваецца скуразамяняльнікам і расфарбоўваецца алейнымі ці акрылавымі фарбамі. Зубы ды кіпцюры раблю са скульптурнага пластыку, язык і паднябенне — з натуральнага пчалінага воску, які набываем у мясцовых пчаляроў вялікімі скрынямі.
Адным словам, карпатлівая гэта работа. Над сваімі дыназаўрамі Уладзімір Найбіч працаваў тры гады. Ахвотна дапамагалі яму ў гэтай справе жонка Таццяна і тры сыны — Андрэй, Раман і Ілья.
— Якая наша дапамога? Недзе нешта падшпакляваць, патрымаць, воск размяць. Асноўны ж творца ў нас Уладзімір. Муж вельмі прыгожа малюе. Гэта сямейнае. У яго ж і дзядзька мастак, і дзед быў творчым чалавекам, і бацька — закройшчык ад Бога.
Пазнавальная калекцыя Найбічаў у першую чаргу арыентавана на школьнікаў. Таму шматдзетны тата, безумоўна, падчас яе стварэння ўлічваў падказкі сваіх сыноў — самых першых гледачоў і крытыкаў.
— Наш Ілья, Таня не дасць схлусіць, на памяць ведае ўсіх дыназаўраў, — кажа Уладзімір Найбіч. — Яго любімая кніга — гэта энцыклапедыя дыназаўраў. Дыскі з дакументальнымі і мастацкімі фільмамі пра дыназаўраў можа пераглядваць па некалькі разоў.
— Пераемнік расце?
— Тата марыць аб гэтым, — усміхаецца Таццяна. — Але Ілья кажа, што ён хоча быць "дохтарам". Час пакажа.
"Спадзяюся, што Найбічаў не з'елі іх жа дыназаўры"
Таццяна, якая ў сям'і за менеджара, расказала, што не так даўно на іх выйшлі са Смаленска.
— Спадабаліся ім нашы дыназаўры. Хочуць, каб муж зрабіў ім 6 штук для пастаяннай экспазіцыі. Зараз ідуць перамовы. Таксама не так даўно з Сочы тэлефанавалі. "Алё, гэта фабрыка дыназаўраў?" — спыталіся <І>(смяецца) . Там хацелі замовіць дыназаўраў, якія маглі б варушыцца. Але муж пакуль такіх не робіць.
Званкі з Расіі пачалі паступаць пасля таго, як па тэлебачанні паказалі ролік пра іх скульптуры з мантажнай пены.
— Мы адправілі ролік на "Сам сабе рэжысёр", — распавядае Таццяна. — І занялі першае месца. Нам даслалі тэлеграму, запрашалі на здымкі перадачы прыехаць. Але, на жаль, не атрымалася вырвацца: якраз у тыя дні перавозілі экспазіцыю з Брэста ў Пінск. Так што наш галоўны прыз — музычны цэнтр — дагэтуль там нас чакае.
— Мне спадабалася, як вядучы пажартаваў пасля таго, як паказалі наш ролік, — дадае Уладзімір. — Маўляў, шкада, што Найбічы з Бярозы не прыехалі, але, спадзяюся, не таму, што іх з'елі ўласныя дыназаўры (смяецца).
— А можа, у вас у калекцыі ёсць яшчэ якія-небудзь смешныя гісторыі, звязаныя з дыназаўрамі? — цікаўлюся.
— Калі казаць пра рэакцыю людзей, то неяк летам я шпакляваў на двары рэкса. У нас, вы ж бачылі, высокая агароджа. Таму з-за яе выглядвала толькі галава дыназаўра. Ні тулава, ні мяне з дарогі не было бачна. У гэты час ля нашага дома на веласіпедзе праязджаў мужчына. Ведаеце, я ўпершыню бачыў, каб чалавек так хутка круціў педалі.
— Няўжо падумаў, што жывы?..
— У мяне на гэты конт ёсць гісторыя, — дадае Таццяна. — Неяк раз я сама прадавала білеты на выставу. Падыходзіць жанчына з дзіцем і кажа: "Прапусціце, я з санстанцыі". Я сцяміла, што яна такім чынам захацела прайсці бясплатна, і ледзь стрымала смех. "А што вы збіраецеся правяраць? У нас жа не жывыя дыназаўры, а скульптуры". Трэба было бачыць, як ад здзіўлення і расчаравання акругліліся яе вочы.
"Чучала фарэлі і паўлітра чырвонай ікры ў прыдачу"
Але не толькі дыназаўрамі славяцца Найбічы. Яны таксама маюць вялікія калекцыі матылькоў, жукоў і чучал рыб.
Марскіх вожыкаў, чарапах, кракадзілаў, акул у асноўным набываюць у выглядзе гатовых чучал за мяжой. Некаторыя экзэмпляры рэдкіх відаў рыб Найбічам выдзеліў мясцовы рыбгас "Сялец". Нешта шукаюць у супермаркеце.
— Набывалі таго ж васьмінога, лангуста, амара ў замарожаным выглядзе, здымалі шкуру і набівалі пілавіннем. А неяк перад Новым годам прывезлі дадому з Мінска жывую фарэль. Разрэзалі — а там паўлітра чырвонай адборнай ікры.
Яшчэ адно захапленне Найбічаў — жукі.
— Самы дарагі жук абышоўся нам у 100 еўра, — кажа Уладзімір.
— Гэта вялікі, з далонь, бразільскі дрывасек, — дадае Таццяна. — Ёсць у нашай калекцыі яшчэ і вялікі жук пад назвай пан. Ён, калі ляціць на высокай хуткасці, можа збіць нават чалавека з ног. Маем і самае доўгае насякомае — трапічны палачнік даўжынёй больш як 30 сантыметраў. А яшчэ жука-дрывасека, скарпіёнаў, павукоў і златак, з якіх у Грэцыі выраблялі брошкі ды бранзалеты...
Зараз Уладзімір разам з жонкай і сынамі працуюць над новай выставай рэдкіх жывёл. Сярод экспанатаў, частку з якіх мне пашчасціла пабачыць у скончаным або напаўгатовым выглядзе, — паўночны мядзведзь, лігр (скрыжаваныя тыгр і леў), чорны ягуар, слон, снежны барс, гарыла і шмат хто яшчэ. Экспазіцыя, як плануецца, стартуе летам 2012-га. Магла б і хутчэй, але ўсё ўпіраецца ў грошы.
— Матэрыялы вельмі дарагія, — кажа Таццяна Найбіч. — На ўсё адразу грошай не хапае. Сёння муж вось купіў сілікону — значыць, будзе дарабляць барадавачніка. Набыў бляшанку клею — бегемота. Вось за гэтыя два цюбікі фарбы для шкур аддалі 600 тысяч. Іх хапае толькі на галаву аднаго звера.
Але Найбічы любяць сваю справу, таму ўкладаюць у яе не толькі грошы, але і душу. Працуюць і мараць, што прыйдзе дзень, і ў іх з'явіцца выставачная зала, дзе б яны змаглі "прапісаць" свае ўнікальныя калекцыі, але ўжо не на месяц-два, а назаўсёды. Пажадаем, каб у год Дракона іх мара спраўдзілася.
Надзея ДРЫЛА. Фота аўтара і з архіва сям'і Найбіч.
Брэсцкая вобласць.