Колькі каштуе Новы год у перыферыі

Источник материала:  
31.12.2011 09:17 — Новости Общества

Колькі каштуе Новы год у перыферыі

Тут і цяпер
Колькі каштуе Новы год у перыферыі
"Тут і цяпер" падлічыла кошт сустрэчы самага любімага ў народзе свята ў Горках Магілёўскай вобласці.

Калі вы член партыі "зялёных"

Сустракаць надыходзячы год трэба актыўна, пазітыўна і лепш за ўсё ў коле сям'і. А які ж Новы год без ёлкі? Набыць калючую прыгажуню можна на ёлачных кірмашах. Арыенціровачны кошт ялінкі да аднаго метра — ад 30 да 53 тысяч беларускіх рублёў, да двух метраў — ад 35 да 70 тысяч; ад трох метраў і вышэй — 45—95 тысяч руб. Ёлачныя кірмашы павінны працаваць штодзённа з 10.00 да 19.00 без абедзеннага перапынку.

Калі ж вы член партыі "зялёных" або чалавек, які проста любіць прыроду і клапоціцца пра яе захаванасць, то можаце набыць штучную ёлку. Яе кошт можа вагацца ад 140 (вышыня 80 см) да 370 тысяч (вышыня прыкладна з сярэдні жаночы рост).

Набыць ёлачныя ўпрыгажэнні сёння таксама не праблема. Мішура і цацкі прадаюцца практычна ва ўсіх гандлёвых пунктах горада, акрамя аптэк. Цэны самыя розныя: як мінімум 16 тысяч каштуе набор маленькіх шарыкаў, і каля 56 тысяч — буйных. Нітка мішуры абыдзецца у 6—16 тысяч у залежнасці ад ступені пушыстасці. Гірлянды прапаноўваюць за 65—135 тысяч бел. руб. (даўжыня мае значэнне).

Ну вось, можна сказаць, што ёлку мы набылі і ўпрыгожылі. Бюджэтны варыянт "зялёнай госці" абышоўся ў амаль што 140 тысяч рублёў.

Залічваецца і хрэн

Сёння самы цікавы і найбольш значны артыкул выдаткаў — навагодняе меню. Звычайна гаспадыні складаюць яго загадзя, паступова набываючы неабходныя прадукты. Дык што ж павінна быць на стале ў навагоднюю ноч Дракона? Абсалютна ўсё, што можа дазволіць кашалёк гаспадара стала, — ад курыных кумпячкоў да вытанчаных страў. Бо сімвал наступнага года — істота ўсёядная і непераборлівая. У гэтым пытанні абавязкова трэба ўлічыць меркаванне дамачадцаў, асабліва калі гэта дзеці.

На навагоднім стале, па традыцыі, павінна прысутнічаць не менш за 12 страў. Дробныя, напрыклад, хрэн у слоічку, таксама лічацца. Са спіртнога — шампанскае, у астатнім — хто чаму аддае перавагу. Сокі (лепш натуральныя) і ліманад таксама пажаданыя.

У нашым горадзе шампанскае можна набыць за 28 тысяч рублёў, гарэлка пацягне ад 20 да 46 тысяч, а параўнальна нядрэннае чырвонае віно беларускай вытворчасці можна знайсці за 23 тысячы. Міска традыцыйнага аліўе абыдзецца прыблізна ў 35 тысяч, пры ўмове, што бульба і морква свае. Кілаграм нармальнай свініны можна купіць на рынку за 55—60 тысяч, рыбу гарбушу — за 33 тысячы за кг (па акцыі ў мясцовым супермаркеце).

Не будзем выпрабоўваць цярпенне чытачоў падрабязным пералікам коштаў святочнага меню, тым больш што кожны навагодні стол не падобны на астатнія. Дадамо толькі, што мандарыны можна купіць па 13—17 тысяч за кілаграм, а бананы — па 11 тысяч. Садавіна на навагоднім стале абавязковая. Ах, так, яшчэ торт! Смачны торт вагой 800—900 г пацягне на 40—48 тысяч рублёў.

Новы год — самае доўгачаканае і любімае свята. Таму нядрэнна папесціць сябе і блізкіх далікатэсамі. Пра цэны на розныя "марцыпаны" мы не даведваліся, тым больш што ў нашым горадзе іх ("марцыпанаў") няма. У такім выпадку ў якасці далікатэсу могуць выдатна падысці вэнджаная скумбрыя (па 99 тысяч за кілаграм) і хурма (па 39 600). Увогуле, па нашых падліках, святочны стол без празмернасцей можа паменшыць ваш сямейны бюджэт на 500—600 тысяч рублёў.

Дзед Мароз з унучкай - 22 тысячы з хвосцікам

А які ж Новы год без падарункаў? І хто іх прыносіць? Правільна — Дзед Мароз. Сёлета дзеці чакаюць яго з асаблівым нецярпеннем: прыйдзе казачны Дзед, і нарэшце наступіць зіма. Выклік Дзеда Мароза з унучкай дамой каштуе ў нашым горадзе 22 тысячы з хвосцікам. Наогул, падарункі — гэта адмысловая тэма. Каб пацешыць сучаснага дзіця, трэба яшчэ пастарацца.

Тым не менш "радасць" любога хлапчука ад 6 да 12 гадоў — канструктар "LEGO" вам прапануюць за 180—360 тысяч. Мінімальны кошт машынкі з пультам радыёкіравання — 150 тысяч. З дзяўчынкамі складаней. Сучасныя паненкі, калі гаварыць пра падарункі, аддаюць перавагу моднай вопратцы, і не абы якой. У нашым райцэнтры, да прыкладу, цёплая туніка турэцкай вытворчасці на дзяўчынку падлетка каштуе 300 тысяч і больш, джынсы — 180—250 тысяч, зімовыя боцікі з натуральнай скуры — каля мільёна, набор якаснай касметыкі ад 90 тысяч да бясконцасці, у залежнасці ад фірмы вытворцы.

А вось падарункам даросламу можа быць што заўгодна — ад маленькага кактуса ў вазончыку (60 тысяч) да "крутога" кухоннага камбайна (ад мільёна рублёў). Пажадана, каб падарунак быў не столькі дарагім, колькі карысным — добра і вам, і таму, каго адорваеце.

Пойдзем далей. Пытанне аб тым, у якім уборы сустракаць Новы год, далёка не апошняе. Дракон — жывёла містычная, карнавальная, таму галоўная рэкамендацыя ў гэтую ноч — абавязкова зіхацець. Хто чым можа: каштоўнасці, бліскучы гумар, асляпляльная прыгажосць, надзвычайнае жыццялюбства — усё актуальна. Адпаведныя ўборы для мілых дам на гарадскім рынку (а больш няма дзе!) можна купіць за 360—450 тысяч. Карнавальны касцюм для дзіцяці абыдзецца амаль у 100 тысяч.

Здаецца, мы не абмінулі ўвагай нічога з таго, што дазваляе стварыць адчуванне свята. Такім чынам, сціплае (бюджэтнае) свята для сям'і з чатырох чалавек (мама, тата і двое дзяцей) абыдзецца ў гэтым годзе ў суму каля 1,5 мільёна рублёў. У нашым рэгіёне гэта фактычна адна сярэдняя зарплата. Вядома, можна было б пазбавіцца мітусні і кухонных клопатаў і пайсці ў чароўную навагоднюю ноч у добры рэстаран або выправіцца ў марскі круіз, але для большасці нашых землякоў у сучасных эканамічных умовах гэтая альтэрнатыва застанецца марай.

←Спокойно, Маша, я Островский! Разбойника Дубровского до сих пор ищут по всей Беларуси

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика