Навагоднія падарункі пад водар... усходніх духмянасцяў

Источник материала:  

Няхай бы нарэшце хоць крыху падмарозіла. І нават — няхай бы і сімвалічна — прыснежыла. Каб прырода злітавалася і за некалькі дзён да Новага года ўсё ж зрабіла спробу прывесці ў адпаведнасць надвор'е з каляндарным месяцам. Як бы там ні было, але каб у паветры з'явілася, нарэшце акрэслілася прадчуванне свята. А вось настрой уздымаць — тут толькі на самога сябе спадзявацца трэба.

...Затое як снежны ком — за нейкія лічаныя хвіліны — павялічваўся натоўп перад адкрыццём "Навагодняга кірмашу-2011" у сталічным выставачным цэнтры "Белэкспа" па вуліцы Янкі Купалы, 27. Здаецца, толькі што на ганку было не больш за тузін патэнцыйных наведнікаў, як раптам давялося нават саступіць уніз, каб вызваліць месца для самых нецярплівых, якія імкнуліся загадзя патрапіць бліжэй да ўваходных дзвярэй. Саступіў — і не пашкадаваў. І іншыя павярнуліся, зрабілі некалькі крокаў з прыступак... Пах хвоі! Побач прадаўцы паздымалі ўпакоўку з вялікіх, за два метры, елак і соснаў, і ў ранішнім марозным паветры нарэшце дыхнула святам.

— Колькі каштуюць дрэвы? А асобна галінкі прадаяце? А сасна доўга будзе стаяць, як елка ці не? — пасыпаліся пытанні з усіх бакоў.

Навагоднія падарункі пад водар... усходніх духмянасцяў

Высветлілася, што навагоднія дрэвы такой вышыні прапануюць па цане ад 300 да 400 тысяч. Паўметровае жывое ў кадцы — 80 тысяч. Тут жа пабачыў адмысловую пластыкавую падстаўку-кадку для дрэў. Дыяметр ствала значэння не мае: адным націсканнем рукі спецыяльныя заціскачкі надзейна замацуюць сасну ці елку. А ў кадку і ваду можна наліваць, каб падоўжыць жыццё дрэву. Кітай, напэўна? Высветлілася, не — мінская вытворчасць! Каштуе параўнальна нядорага — 180 тысяч.

...Гірлянды, мішура, шарыкі для навагодніх дрэў на выставе-кірмашы не выклікаюць асаблівых пачуццяў: звычайны, не самы шыкоўны выбар, ды і цэны практычна такія ж, як і па горадзе. Хочацца — не-ча-га! Вось, напрыклад, арыгінальнае ўпрыгажэнне-сувенір, ручная работа. Сапраўдная бутэлька шампанскага, абгорнутая ў залатую фольгу і дэкараваная ў зімовым стылі шышкамі, галінкамі, сняжынкамі, стужкамі. Паверце, прыгожа.

— А як жа піць з такой бутэлькі? Шкада нават адкаркоўваць будзе? — пытаюся ў майстроў-прадаўцоў.

— А можна і не піць менавіта з гэтай, а купіць у краме звычайную, — слушна заўважаюць тыя. — А нашу пакінуць у якасці ўпрыгажэння. Ці вельмі акуратна адкаркаваць, выпіць шампанскае за святочным сталом, а потым уставіць у рыльца бутэлькі свечку і запаліць яе — атрымаецца вельмі прыгожы падсвечнік.

Цана пытання — 150 тысяч рублёў. Прыкладна за такую ж суму можна набыць навагоднюю ёлачку сантыметраў на 40 з... пафарбаванага ў чырвоны колер пер'я. Глядзіцца такая навагодняя "красуня" незвычайна. Дарэчы, з якіх толькі натуральных матэрыялаў не вырабляюць навагоднія дрэўцы нашы майстры-фларысты!

І з танюткіх сухіх доўгіх галінак, і з аднолькавых невялікіх драўляных кавалачкаў, складзеных "пірамідкай", і з сухога сена, упрыгожанага сапраўднымі, нарэзанымі скрылікамі... апельсінамі! Апошнія выглядаюць, як яркія навагоднія шары. Падобныя вырабы — ад 120-140 тысяч рублёў. Зрэшты, можна знайсці на выставе-кірмашы і зусім недарагія ўпрыгажэнні, напрыклад, пафарбаваныя ў серабрысты ці залацісты колер шышкі сасны. Штучка — дзве тысячы. Упрыгожаная такім чынам ёлка — хоць штучная, хоць натуральная — выглядае вельмі адмыслова. Хто зацікавіўся — дам параду на наступны год. Будзеце летам у лесе, назбірайце добры пакет сасновых (падыходзяць і з елкі, але яны больш крохкія) шышак, прасушыце іх добра, пасадзіце ў тарэц на клей металічную пяцельку. А потым папырскайце фарбай з балончыка. Колер можа быць які заўгодна. За грошы, аддадзеныя за той балончык, атрымаеце такую колькасць зробленых сваімі рукамі ёлачных упрыгажэнняў, што і сабе хопіць, і ў падарункі сябрам і знаёмым.

...А зараз адкрыю "страшэнную" тайну, натуральна, для непаінфармаваных. Тое, што для многіх з'яўляецца выставай "Навагодні кірмаш", для другіх выключна — "Таварамі з Індыі". Пагалоска пра яе (вядома, найперш сярод жанчын) ходзіць цягам года. Так, ужо не першы год тавары з Індыі прадаюцца ў гэты час побач са святочным асартыментам, экспазіцыя іх даволі вялікая, хоць, на мой погляд, і крыху аднастайная.

— Як усё дорага! — усклікае адна кабета сталага веку. А іншая побач моўчкі і з задавальненнем "нырае" ў гэтыя бясконцыя і неабсяжныя "залежы" тканін, адзення, упрыгажэнняў... Дорага — гэта гледзячы што і з чым параўноўваць: з мінулым годам, з цяперашнімі цэнамі, натуральнае са штучным?.. Аднак у любым выпадку ахвотных набыць нешта каларытнае хапае.

— Майце на ўвазе, гэтыя халацікі, па-першае, з віскозы, па-другое, гэта псеўдаіндыйскі стыль, самі яны такога не носяць, — шчыра папярэджваюць нашы дзяўчаты-прадаўцы. — Кароткі каштуе 80 тысяч, доўгі — 100 тысяч рублёў.

Але моладзь, а часам і людзі старэйшага ўзросту мала звяртаюць увагі на такія папярэджанні: танна, быццам бы арыгінальна. Напрыклад, шалікі бяруць не па адным, а па некалькі адразу — па 20-50 тысяч рублёў за штуку. Як той казаў, і сабе, і каму ў падарунак будзе. Шмат наведніц цікавяцца проста ўсходнімі тканінамі, вядома, не абыходзяць стэнды з ювелірнымі ўпрыгажэннямі. Цікавыя драўляныя вырабы — разныя шкатулкі розных памераў, аздобленыя металічнымі ўпрыгажэннямі, вялікія куфры, этажэркі, столікі, падносы... Да прыкладу, сярэдніх памераў шкатулку ў прадаўцоў-індусаў можна набыць за 50-70 тысяч рублёў.

Многія з дзяцінства памятаюць пра чай "са сланом". Напэўна, ён так і застаўся для некаторых самым смачным. Скажам, я дагэтуль памятаю водар кавы з Індыі, дастаць якую некалі было цяжка. Каемся, нават падысці да вітрын са спецыямі, чаем, кавай не атрымалася: велізарная чарга стаяла тут літаральна праз пяць хвілін пасля адкрыцця выставы-кірмашу. Прыкладна такая ж гісторыя была з намі і ў мінулы раз...

...Уся гэта дзея адбываецца пад індыйскую ж музыку, пад водар усходніх духмяных рэчываў, якія тут жа і прадаюцца. Нешта паміж сабой абмяркоўваюць важныя барадатыя індусы ў сваіх нацыянальных галаўных уборах. Людская плынь нясе цябе, здаецца, па-за тваёй воляй... Мільгаюць твары, стракацяць яркія фарбы адзення, казычуць нос нязвыклыя пахі... На нейкі момант ты ўяўляеш сябе пакупніком на далёкім усходнім базары. І толькі зрабіўшы крок за парог выставачнага павільёна, уцягнуўшы поўнымі грудзьмі марознае паветра з водарам хвоі, нібы пакідаеш казку і прачынаешся — ты дома, а праз тыдзень Новы год!

...Ахвотныя калі не купіць нешта для сябе, для родных, а проста акунуцца ў своеасаблівую атмасферу выставы "Навагодні кірмаш" (пра "Тавары з Індыі" прамаўчу) змогуць зрабіць гэта па 31 снежня ўключна (у апошні дзень выстава будзе працаваць да 14 гадзін, ва ўсе іншыя — з 11 да 20 гадзін). Уваход — вольны.

Сяргей РАСОЛЬКА.

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ.

←О добром и вечном

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика