РОЗГАЛАС
Паводле аператыўных звестак, колькасць насельніцтва Беларусі на 1 снежня 2011 года склала 9 млн 466 тыс. чалавек, паведаміла БЕЛТА прэс-сакратар Нацыянальнага статыстычнага камітэта Алена Кандраценка.
У параўнанні з 1 студзеня гэтага года жыхароў краіны стала менш на 15,2 тыс. чалавек. Колькасць жыхароў за 11 месяцаў гэтага года павялічылася толькі ў Мінску — з 1 млн 864,1 тыс. чалавек на 1 студзеня да 1 млн 882,7 тыс. чалавек на 1 снежня. У астатніх рэгіёнах рэспублікі колькасць жыхароў за студзень—лістапад зменшылася. У выніку на 1 снежня ў Гомельскай вобласці налічвалася 1 млн 430,2 тыс. чалавек, у Мінскай — 1 млн 404,4 тыс., у Брэсцкай — 1 млн 391,8 тыс., у Віцебскай — 1 млн 214 , 4 тыс., у Магілёўскай — 1 млн 80,7 тыс., у Гродзенскай — 1 млн 61,8 тыс. чалавек.
У Беларусі ў студзені—лістападзе гэтага года нарадзілася 99 тыс. 955 дзяцей — на 963 дзіцяці больш у параўнанні са студзенем—лістападам 2010 года. Агульны каэфіцыент нараджальнасці за 11 месяцаў у цэлым па рэспубліцы склаў 11,5 на 1 тыс. жыхароў (за аналагічны мінулагодні перыяд было 11,4 праміле). Сярод рэгіёнаў краіны самы высокі гэты паказчык традыцыйна ў Брэсцкай вобласці (12,7 праміле), самы нізкі — у Віцебскай вобласці (10,1).
На возеры выратавалі пенсіянеркуЖыхарка вёскі Язна Мёрскага раёна пачула заклікі аб дапамозе, якія даносіліся з мясцовага возера. Патэлефанавала выратавальнікам: тоне чалавек.
Адбылося гэта каля паловы восьмай вечара. На месцы работнікі МНС за 15 метраў ад берага ў трыснягу ўбачылі жанчыну, якая прасіла дапамогі. Трэба сказаць, што глыбіня вадаёма ў гэтым месцы складала паўтара метра, лёду не было. Скарыстаўшы спецыяльны касцюм і выратавальную вяроўку, жанчыну выцягнулі з вады. Пасля агляду работнікамі хуткай медыцынскай дапамогі пацярпелая з дыягназам "агульнае пераахаладжэнне" была дастаўлена ў бальніцу Дзісны. Стан яе быў сярэдняй цяжкасці. Выратаваная была пенсіянеркай, яна пражывае ў вёсцы Язна. Прычыны знаходжання жанчыны на вадаёме высвятляюцца.
Елкі — пад ахову!Лясгасамі краіны ўзмоцнена ахова ляснога фонду ад незаконнага высякання дрэў. На дарогах каля лясных масіваў разам з ДАІ арганізаваныя 323 кантрольныя пасты.
Як паведамілі ў прэс-службе Міністэрства лясной гаспадаркі, рэгулярна праводзяцца рэйдавыя мерапрыемствы. За мінулы тыдзень дзяржаўнай лясной аховай праведзена 319 такіх рэйдаў, за незаконную высечку дрэў да адказнасці прыцягнута 13 парушальнікаў. На іх складзены адміністрацыйныя пратаколы.
Сяргей РАСОЛЬКА.
Нагуляўся і заснуў...
Слесар ЖКГ з Лунінца так нагуляўся ў більярд, што заснуў каля більярднага стала ў бары "Міраж". Пакуль хлопец спаў, яго кішэні нехта "пачысціў" — выцягнуў 515 долараў.
Следча-аператыўная група прыехала з сабакам, які і вывеў міліцыянераў на злодзея — беспрацоўнага з Лунінца.
Сымон Свістуновіч.
Ні правоў, ні візы, ні грошай
У Пінску 43-гадовая кабета "прадавала" пасведчанні на кіраванне аўтамабілем, шэнгенскія візы. Прынамсі, яна давала запаўняць анкеты, брала грошы, а потым знікала. У яе махлярскія сеткі трапілі як мінімум пяцёра аматараў атрымаць правы без навучання і візы без клопату. Жанчыне перадалі больш за 10 мільёнаў рублёў. Калі адзін з пацярпелых звярнуўся ў міліцыю, махлярку затрымалі. Для аператыўнікаў яна аказалася старой знаёмай: тройчы была асуджана за падобныя махінацыі.
Яна СВЕТАВА.
Абакрала дзіця
З кватэры гамяльчанкі раптам зніклі рэчы, прызначаныя для немаўляці: канверт для нованароджанага, бутэлечка для дзіцячага харчавання, прадукты, мыла, пялюшкі і іншае. Як высветліла міліцыя, 21-гадовая грамадзянка, якая звярнулася ў міліцыю, на працягу папярэдняга дня ўжывала спіртныя напоі разам з 33-гадовай раней судзімай "сяброўкай". Менавіта тая і скрала дзіцячыя рэчы.
Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Выпілі...
Прадпрымальнік з Гродна жыве ў кватэры сястры ў доме па вул. 40 гадоў Кастрычніка, што ў Івацэвічах.
47-гадовы мужчына кінуўся ў міліцыю, калі не знайшоў 25 тыс. долараў, якія трымаў у кватэры. Аператыўная група правяла следства і выйшла на 36-гадовую беспрацоўную, якая выпівала разам з прадпрымальнікам і ўкрала тыя долары. Жанчыну затрымалі.
Сымон Свістуновіч, Яна СВЕТАВА.
Машына "ўляцела" ў сцяну крамы
Такое здарэнне адбылося праз некалькі хвілін пасля апоўначы ў Бабруйску.
Як потым высветлілася, кіроўца аўтамабіля "Фальксваген-Пасат" не справіўся з кіраваннем, машына з'ехала з праезнай часткі і ў "лоб" сутыкнулася са сцяной крамы "ОМА". У выніку здарэння заціснутымі на пярэдніх сядзеннях аказаліся кіроўца і пасажыр. Абодва — жыхары горада. Вызваляць іх з салона давялося выратавальнікам. Мужчыны з траўмамі рознай ступені цяжкасці былі шпіталізаваны ў Бабруйскую цэнтральную бальніцу. У аўтамабілі знаходзіліся яшчэ два пасажыры, якія здолелі самастойна выбрацца з салона. Будынак крамы атрымаў нязначныя пашкоджанні.
Сяргей РАСОЛЬКА.