Каб вучыцца па-беларуску, першакласніца з Брэста дабіраецца ў школу праз увесь горад

Источник материала:  
26.12.2011 14:22 — Новости Общества

Каб вучыцца па-беларуску, першакласніца з Брэста дабіраецца ў школу праз увесь горад


У пачатковай школе № 34 (мікрараён "Усход") у гэтым навучальным годзе створаны беларускамоўны клас. Бацькі некаторых вучняў пастараліся!

Каб вучыцца па-беларуску, першакласніца з Брэста дабіраецца ў школу праз увесь горадЯк аргумент яны прыводзілі такія красамоўныя лічбы ў звароце ў адміністрацыю Маскоўскага раёна горада. Па Брэсцкай вобласці ў 334 агульнаадукацыйных установах з 607 выкладанне вядзецца на беларускай мове. А ў Брэсце толькі ў гімназіі № 3 з музычна-харэаграфічным ухілам, што ў мікрараёне "Рэчыца", навучанне беларускамоўнае, ды і то ў пачатковых класах.

Голас бацькоў у адміністрацыі раёна пачулі. Цяпер да 1-га "Б" класа 34-й школы павышаная ўвага. Як спраўляюцца з праграмай навучання дзеці, што выхоўваюцца ў пераважна рускамоўным асяроддзі?

"Шчыра кажучы, я крыху хвалявалася, – прызнаецца настаўніца Лідзія Міранюк. – У нашым класе пяцёра дзетак, і толькі адна з іх – Валя Божык – магла размаўляць па-беларуску. У гэтай шматдзетнай сям´і, якая жыве на "Рэчыцы", прынята гаварыць па-беларуску. Але зараз я задаволеная і сабой, і вучнямі. Мы выдатна спраўляемся з праграмай, і мае першакласнікі без асаблівых праблем авалодваюць роднай мовай".

Лідзія Уладзіміраўна дадала, што методыка выкладання аднолькавая для ўсіх першых класаў. Але ў буквары Анатоля Клышкі, па якім яны вучацца, ёсць адна асаблівасць. Тут алфавіт падаецца па прынцыпу: спачатку 10 зычных літар, а потым галосныя. І толькі асвоіўшы хаця б адну галосную, можна вучыцца чытаць.

Вопытная настаўніца, якая раней працавала завучам і адначасова выкладала беларускую мову ў 13-й школе, працуе па методыцы папераджальнага навучання. Яе выхаванцы за няпоўныя чатыры месяцы не толькі навучыліся чытаць па-беларуску, але і трошкі пішуць пад дыктоўку.

Мы назіралі, як на ўроку дзеці даставалі са сваёй "скарбонкі" цяжкія пакуль што для іх словы і разам з настаўніцай спрабавалі іх тлумачыць. Францішак Вялічкін цяпер ведае, што сваволіць – гэта тое ж самае, што дурэць. А Валя Божык разумее, што кніга, па якой яна вучыцца, – гэта падручнік. На наступным уроку "скарбонка" папоўніцца новымі словамі.

Засвоіць матэрыял дзецям дапамагаюць электронныя сродкі навучання – мультымедыйная ўстаноўка і шырокафарматны экран. Пры неабходнасці настаўнік мае магчымасць выхаду ў інтэрнэт.

Дарэчы, Валя Божык, каб вучыцца на роднай мове, вымушана дабірацца ў школу з мікрараёна "Рэчыца", а значыць, прачынацца нашмат раней за аднакласнікаў. Аднак дзяўчынка спакойна тлумачыць, што ў школу яе прыводзіць старэйшая сястрычка Лера. Спачатку яны едуць аўтобусам ("дзявяткай"), а потым перасядаюць у тралейбус, каб даехаць у мікрараён "Усход".

Ініцыятыва бацькоў Сяргея і Ларысы Божык, якія клапаціліся аб адкрыцці беларускамоўнага класа ў СШ № 27 на "Рэчыцы", не знайшла падтрымкі ні ў настаўнікаў, ні ў бацькоў, ні ў аддзеле адукацыі адміністрацыі Ленінскага раёна Брэста.

– А якую яшчэ мову, акрамя беларускай, вы хацелі б ведаць? – запыталіся мы ў дзяцей. "Англійскую! – дружна цягнуліся ўверх рукі. – І яшчэ нямецкую". А Валя Божык дадала: "Чэшскую".

Авалодаць чэшскай мовай, ведаючы беларускую, ёй будзе нескладана. А Чэхія, як еўрапейская краіна з блізкімі нам гісторыяй і менталітэтам, і сапраўды прыцягальная для нашай моладзі, якая хоча працягваць адукацыю за мяжой. Менавіта Прага прытуліла нашага першадрукара Францыска Скарыну, які там і сваю Біблію надрукаваў. Але аб гэтым, як і яшчэ шмат аб чым з нашай гісторыі, дзеці маюць даведацца крыху пазней.

Факультатыўныя заняткі па англійскай мове вучнi з беларускамоўнага класа наведваюць разам з вучнямі паралельнага 1-га "А". І, як заўважае дырэктар школы Аксана Івашова, ніякіх праблем з навучаннем не існуе. У зносінах з равеснікамі таксама ўсё добра: яны разам праводзяць ранішнікі, разам рыхтуюцца зараз да самага любімага свята – Новага года, які абяцае шмат падарункаў і весялосці.

Калі мы загаварылі пра плюсы і мінусы навучання ў класе, дзе ўсяго пяцёра вучняў, Лідзія Уладзіміраўна Міранюк адказала, што мінусаў, ва ўсякім разе пакуль што, яна не бачыць. А вось магчымасць займацца з першакласнікамі індывідуальна, з улікам здольнасцей і характару кожнага, тут сапраўды ёсць. І бацькі з улікам гэтай акалічнасці таксама цясней згуртаваліся.

Гэта яны павялі сваіх дзяцей на спектакль "Чырвоны капялюшык" ў Брэсцкі тэатр лялек. Яны ж арганізавалі наведванне этнаграфічнага музея ў Брэсцкім універсітэце імя А.С. Пушкіна. І, пэўна, першакласнікі адчулі, што беларусаў аб´ядноўвае не толькі агульны побыт – кошыкі ды ручнікі, якія яны там пабачылі, – а нешта нашмат большае…

Дзякуй вам, дзеці, за ўрок! 
←Лукашенко: усилия депутатов способствовали росту престижа Беларуси на мировой арене

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика