Самыя танныя навагоднія цацкі - у шапіках
Каб прыгожа прыбраць галоўны сімвал свята і пры гэтым пакінуць у кашальку грошы на стол і падарункі, трэба загадзя падумаць, якую ёлку вы хочаце − штучную ці жывую.
Жывая прынясе з сабой сапраўдны водар лесу, але пасля святаў прымусіць добра папацець, прыбіраючы асыпаныя іголкі.
Прадаваць жывыя елачкі пачалі на гэтым тыдні. Яны танней за штучныя, летась лясную прыгажуню вышынёй да метра можна было купіць за 11 тысяч рублёў, а сёлета яна каштуе 35 000.
Штучныя прадаюцца з канца лістапада, кошт метровай елкі − 120 тысяч рублёў, а хвоі − 150. Двухметровая штучная елка пацягне на 320 тысяч, а хвоя − на 500. Каб штучнае дрэва стварала сапраўдную святочную атмасферу, некаторыя гаспадары пырскаюць на яе лапкі некалькі кропель хвойнага эфірнага алею.
Ёлачка, гары!
У магазінах можна знайсці ужо гатовую ёлку − з гірляндай, мішурой і цацкамі. Такая метровая прыгажуня “без клопатаў” каштуе каля 400 тысяч рублёў. Аднак прадаўцы заўважаюць, што іх бяруць мала − гаспадарам падабаецца самім станавіцца творцамі святочнага сімвала свайго дома.
Ні адна ёлка не абыходзіцца без гірлянды. Самая танная, на 10 лямпачак, каштуе ад 11 тысяч рублёў. Аднакаляровая гірлянда на 100 лямпачак − каля 100 тысяч.
Выбіраем цацкі
У маладзечанскіх крамах пераважаюць ёлачныя шары. Знаёмых з дзіцячых ранішнікаў шышак і вавёрачак карэспандэнт “РГ” падчас агляду ёлачнага базару не знайшла. Затое ў шапіках ёсць цацачкі дыяметрам сантыметр-паўтара коштам у адну тысячу. Аптымальна набываць наборы цацак − ад чатырох штук.
Самыя танныя навагоднія цацкі - у шапіках.
Найлепш бяруць, па словах прадаўцоў, наборы з 10 цацак. Яны падабраныя ў адной колеравай гаме, кожныя дзве аздобленыя па-свойму: з малюнкам, з бліскаўкамі і гэтак далей. Набор цацак дыяметрам тры сантыметры абыдзецца ў 40 тысяч. Самы дарагі аказаўся набор з шасці цацак коштам больш за сто тысяч. А адзін шар дыяметрам 15 сантыметраў каштуе 34 тысячы.
Да шкляных цацак маладзечанскія магазіны прапаноўваюць дадаваць зробленыя з пруцікаў зорачкі коштам ад 3 тысяч рублёў і анёлкаў ці іншых істот з анучак − ад 12 тысяч за штуку.
Тыя ж 12 тысяч вы выдаткуеце за набор маленькіх банцікаў па 6-10 штук у залежнасці ад памеру. Некаторыя аддаюць перавагу сапраўдным бантам, купляючы для іх спецыяльныя навагодія стужкі, адзін метр яе каштуе 15 тысяч.
Апошнія штрыхі
Прыбраную цацкамі ёлачку традыцыйна аздабляюць мішурой, яна каштуе ад 10 да 30 тысяч. Да мішуры часам дадаюць ёлачныя пацеркі − ад 8 тысяч.
Апошні штрых − верхавінка. Звычайная вертыкальная каштуе ад 20 да 30 тысяч, у выглядзе зоркі − каля 18.
Прадавец аднаго з магазінаў Марына Вераб’ёва адзначыла, што сёлета ў выбары навагодніх упрыгожванняў маладзечанцы аддаюць перавагу чырвоным і залацістым колерам. А выбіраючы іншыя, стараюцца прытрымлівацца двухколеравай гамы.
Падсумуем
У сярэднім на ёлку мы затрацім:
Елка: штучная − 120 000, жывая − 35 000.
Сярэднія цэны на ўпрыгажэнні:
Гірлянда электрычная − 40 000.
Набор шкляных цацак на 10 штук − 40 000.
Цацкі з пруцікаў (за штуку) − 8 000.
Верхавінка − 20 000.
Мішура − 15 000.
Пакупнікі пераважна выбіраюць чырвоныя і залацістыя навагоднія ўпрыгожванні.
Зоя ХРУЦКАЯ.
Фота Зоі ХРУЦКАЙ.
Чытайце яшчэ на гэту тэму: