Таварыства аховы помнікаў: выратуем Зыбіцкую разам!

Источник материала:  
20.12.2011 15:44 — Новости Общества


Беларускае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры звяртаецца да грамадскасці з заклікам «Выратуем Зыбіцкую разам!». Таварыства настойвае на правядзенні грамадскага абмеркаванне рэканструкцыі мінскай вуліцы Зыбіцкай (Гандлевай).

Таварыства аховы помнікаў: выратуем Зыбіцкую разам!

«Усе, каму баліць за гісторыка-культурную спадчыну Беларусі! Давайце аб’яднаемся і зробім супольныя намаганні, каб выратаваць адзін з унікальных куткоў гістарычнага цэнтра Мінска — правы бок вуліцы Зыбіцкай (Гандлёвай). Пытанне аб забудове тэрыторыі паўстала даўно. Ні адзін з прадстаўленых праектаў не адпавядаў і не адпавядае заканадаўству і дзеючым методыкам у сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны», — гаворыцца ў звароте таварыства.

Старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч у інтэрв’ю Naviny.by, падкрэсліў, што ў мінулым годзе Таварыствам аховы помнікаў быў распрацаваны эскізны праект рэгенерацыі дадзенай тэрыторыі, якім прадугледжана аднаўленне страчаных гістарычнай планіровачнай структуры, будынкаў і збудаванняў, гістарычнага ландшафту.

«Высокі прафесіяналізм даследчыкаў і распрацоўшчыкаў эскізнай прапановы ГА БДТАПГК быў падцверджаны і ў гэтым годзе перамогай у намінацыі «Рэстаўрацыя, рэканструкцыя і аднаўленне аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны» на міжнародным архітэктурным конкурсе «Леанарда 2011», — падкрэсліў Астаповіч.

Праект-пераможца, падкрэслівае Астаповіч, стаў адзіным беларускім на «Леанарда», а намінацый на конкурсе было сем.

Але, нягледзячы на высокія адзнакі грамадскасці і спецыялістаў, праектная прапанова была праігнаравана на афіцыйным узроўні, а Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры ўзгадніла праект афіцыйны (распрацоўшчык «Мінскпраект»), але прапанавала дапрацаваць яго згодна з нацыянальнымі нарматыўнымі, міжнароднымі метадычнымі дакументамі, улічыць прапановы Таварыства.

Па словах Астаповіча, зараз знайшліся інвестары, дарэчы з Расіі. Такім чынам, кажа Астаповіч, над Зыбіцкай (Гандлёвай) навісла пагроза. Бо ўжо пачалося праектаванне з боку «Мінскпраекта» і «Грамадзянпраекта», эскізная прапанова, якая не адпавядае аніводнаму крытэрыю правядзення прац на гісторыка-культурных каштоўнасцях, у верасні ўзгоднена для далейшай працы Навукова-метадычнай радай.

«І, як вынік, неўзабаве будзе страчана амаль апошняя пляцоўка гістарычнага цэнтра, дзе працы можна было б выканаць бездакорна, і вынікам прац ганарылася б уся Беларусь і яе грамадзяне», — адзначыў Астаповіч.

Таварыства лічыць, что застаецца адзіны шанц — аб’яднацца: «Таму заклікаем абараніць кавалачак гістарычнага цэнтра Мінска разам. Гэта можна зрабіць праз грамадскае абмеркаванне, якое прадугледжана пастановай Савета міністраў ад 1 чэрвеня 2011 г. № 687, якая прадпісвае працэдуру такіх абмеркаванняў, у тым ліку праектаў на гісторыка-культурных каштоўнасцях, і якой зацверджана Палажэнне аб парадку правядзення грамадскіх абмеркаванняў у вобласці архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці».

Таварыства прапануе грамадзянам накіраваць на адрас Мінгарвыканкама (220050, пр. Незалежнасці, 8, г. Мінск) адпаведны ліст, узор якога можна спампаваць адсюль

Таварыства, такім чынам, хоча прымусіць чыноўнікаў выканаць заканадаўства і правесці грамадскае абмеркаванне па Зыбіцкай. Іншага шляху, відаць, няма, кажа Астаповіч. Ён разлічвае на тое, што мінчане не будуць абыякавымі. Па звестках Астаповіча, лісты ўжо напісалі некалькі вядомых у Беларусі людей і старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла.

«Для нас важная гэтая маральная падтрымка. Калі грамадскасць не падтрымае ідэю правядзення грамадскага абмеркавання ці на ім дадуць згоду на афіцыйны праект, паўстане пытанне — для каго тут працаваць. Тады можна будзе толькі сказаць, што мы вартыя свайго лёсу», — падкрэсліў Астаповіч.



Алена СПАСЮК

←Гродненский облисполком взялся за цены на лекарства и елки

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика