РОЗГАЛАС
20 снежня раённы цэнтр адзначыць свой юбілей: у гэты дзень гораду на беларуска-расійскім памежжы спаўняецца 430 гадоў.
Першая пісьмовая згадка пазначана 1851 годам: за тым часам Клімавічы былі цэнтрам староства ў Мсціслаўскім ваяводстве. Дакумент, дату якога клімаўчане прынялі за дзень нараджэння свайго горада, знайшлі калісьці ў Ленінградскім абласным архіве. Цікава, што там расказваецца пра "палюбоўны суд" у размежаванні зямлі паміж уладальнікам вёсак Паўлам Аўсеевічам Асмалоўскім і Клімавіцкім староствам.
Усе святочныя мерапрыемствы з нагоды юбілею запланаваны ў раённым цэнтры на суботу 17 снежня. Будуць літаратурныя чытанні, экскурсіі, выставы. Раённая арганізацыя "Белая Русь" уручыць падарункі клімавіцкім бацькам, у якіх сёлета нарадзіліся дзеці з 10 па 20 снежня. А 11 гадзіне народнае гулянне пачнецца на цэнтральнай плошчы горада ля будынка райвыканкама. А 14-й — святочны канцэрт у раённым цэнтры культуры. Увечары ў гарадскім парку будуць танцы і феерверк. Віншуем Клімавічы з юбілеем!
Ілона Іванова.
Як нас дураць
Танна будаваць — дорагаКрымінальная справа заведзена ў дачыненні да 43-гадовай мінчанкі, якая пад маркай аказання садзейнічання ў будаўніцтве кватэр завалодала грашыма даверлівых кліентаў. Ёй можа пагражаць да 12 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.
Як расказалі ў Кастрычніцкім РУУС, зламысніцы ўдалося пераканаць многіх сваіх знаёмых у тым, што яна можа дапамагчы ахвотным пабудаваць кватэру па ўмераных цэнах. Як правіла, здзелцы папярэднічала азнаямленчая сустрэча, на якой абмяркоўваліся ўмовы. Прычым яны былі настолькі прывабнымі, што кліенты, не раздумваючы, ішлі на супрацоўніцтва. Аднак пасля перадачы агаворанай сумы справы спыняліся. Пры гэтым зламысніца тлумачыла прамаруджванне вельмі важкімі суб'ектыўнымі і аб'ектыўнымі прычынамі. Вадзіць за нос даверлівых грамадзян ёй удавалася даволі доўга. Як мяркуюць следчыя, схема падману была распрацавана яшчэ ў 2007 годзе. За гэты час зламысніца паклала ў кішэню больш як 1,3 млрд рублёў.
Алена КАСЬЯН, "Мінск—Навіны".
Вінаград на 324 мільёныНедалёка ад вёскі Клясціцы Расонскага раёна супрацоўнікі ДАІ затрымалі аўтамабіль "Вольва", якім кіраваў жыхар Столінскага раёна. Мужчына без адпаведных дакументаў перавозіў 18 тон вінаграду. "Безгаспадарчы" вінаград агульным коштам 324 мільёны рублёў канфіскавалі.
Пад вугалем — цыгарэты на 160 мільёнаў
Ноччу каля вёскі Ліпаўка Верхнядзвінскага раёна, недалёка ад мяжы, беларускі пагранічны нарад затрымаў траіх людзей без дакументаў. Затрыманыя, якія прадставіліся грамадзянамі Латвіі, неслі шэсць каробак цыгарэт беларускай вытворчасці. Дзвюма гадзінамі пазней былі выяўлены сляды трох чалавек, якія вялі з Латвіі ў Беларусь.
А ў пункце пропуску "Бігосава-1" у грузавым цягніку, які з Полацка накіроўваўся ў Даўгаўпілс, пагранічнікі знайшлі пад вугалем 121 каробку з цыгарэтамі (60,5 тысячы пачкаў з акцызнымі маркамі Рэспублікі Беларусь) коштам больш за 160 мільёнаў рублёў. Цыгарэты канфіскавалі.
Аляксандр ПУКШАНСКІ.
Мазырскі волат-валунСамы вялікі камень-валун знойдзены нядаўна ў ходзе земляных работ у раёне вёскі Дразды Мазырскага раёна. Вага гіганцкага каменя — больш за 90 тон. Валун шырынёй пяць метраў і вышынёй тры метры ўстанавілі ў мікрараёне № 4 г. Мазыра. Цяпер ён стаў мясцовай славутасцю. Мясцовыя ўлады прынялі рашэнне прымацаваць на камені спецыяльную дошку, на якой будуць пазначаны памятныя даты горада, або неяк па-іншаму акультурыць яго з мэтай прыцягнення турыстаў у горад над Прыпяццю. Па ацэнках спецыялістаў, на тэрыторыю Беларусі вялізны валун прыйшоў з ледавіком 12—15 тысяч гадоў таму.