«Я, Уладзімір Данько...»
Былому міністру ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь споўнілася 70 гадоў
Генерал-лейтэнант Уладзімір Данько працаваў на розных міліцэйскіх пасадах у Фрунзенскім, Цэнтральным РАУС сталіцы. Кіраваў Маскоўскім райаддзелам Мінска, УУС Гродзенскай вобласці, Міністэрствам унутраных спраў, Акадэміяй МУС Беларусі. Былі на яго жыццёвым шляху ўзлёты і падзенні...
З аднымі спадарожнікамі ён зрастаўся душой і сэрцам, сябраваў, навучаў, дапамагаў у меру сіл, у іншых вучыўся сам. З другімі трымаў дыстанцыю, а то і ўвогуле прынцыпова развітваўся.
Колькі супрацоўнікаў міліцыі з усіх раёнаў Гродзеншчыны засталіся ўдзячнымі свайму начальніку ўпраўлення ўнутраных спраў за карысную ініцыятыву набыцця ўласных дамоў у грамадзян: наваселле ж спраўлялі тыя міліцэйскія бедалагі, якія многія гады чакалі паляпшэння жыллёвых умоў. А колькі было адрэстаўравана, капітальна адрамантавана, расшырана і занава ўзведзена будынкаў, у якіх размяшчалася гродзенская міліцыя!
Службу ў Гродзенскай вобласці генерал Данько называе «залатым часам». Ён быў ва ўсіх навідавоку, карыстаўся заслужаным аўтарытэтам не толькі ў рэгіёне, але і ў кіраўніцтва рэспублікі, Саюза. Сябраваў з прадстаўнікамі прэсы. Цікавы факт: сем разоў Уладзімір Данько станавіўся пераможцам рэспубліканскага літаратурнага конкурсу «Мая міліцыя». Сродкі масавай інфармацыі сталі звыклай і надзейнай апорай генерала, высокай трыбунай і памочнікам у службе. Можа, СМІ і пасадзейнічалі таму, што У. Данько Міжнародным Кембрыджскім біяграфічным цэнтрам быў уключаны ў кнігу «Выдатныя людзі ХХ стагоддзя» і ўзнагароджаны адпаведным дыпломам і імянным сярэбраным медалём.
Аб самых яркіх і нават небяспечных і трагічных эпізодах свайго жыцця Уладзімір Антонавіч напісаў кнігу «Я, Уладзімір Данько...». У гэтым аўтабіяграфічным нарысе генерал успамінае мноства спадарожнікаў свайго няпростага лёсу.
...Аднойчы справа ледзь не дайшла да стральбы на паражэнне падчас разбіральніцтва з адлічаным з вучобы студэнтам тэхнікума па мянушцы Матрос. Той паводзіў сябе надзвычай неадэкватна і нават агрэсіўна. Але ў маладога афіцэра была моцная вытрымка і самадысцыпліна, знаходлівасць і жалезная воля.
Застаўся ў памяці і выпадак, які страсянуў Гродна ў бытнасць Уладзіміра Данько начальнікам абласнога УУС: нападзенне затрыманага злачынца на міліцыянера-вадзіцеля і завалоданне яго зброяй. Тады былі паранены двое супрацоўнікаў міліцыі. Злачынец захапіў заложнікаў — чатырох выпадковых людзей, а затым і сваю каханку. Заціснуты ў вугал, нягоднік выскачыў у акно і, адстрэльваючыся, раніў малодшага інспектара-кінолага. На ногі былі пастаўлены ўсе, інфармацыя аб здарэнні стала вядома рэспубліканскаму і нават саюзнаму міністэрствам. Дакладваць наверх прыходзілася праз кожныя дваццаць хвілін, а паралельна і кіраваць аперацыяй па абясшкоджванні злачынца.
Пры затрыманні парушальнік спакою быў забіты. Колькі разбіральніцтваў прыйшлося потым перацярпець, колькі нерваў было спалена. У выніку — загады аб заахвочванні найбольш здатных байцоў, узнагароджанне раненых міліцыянераў... і рубцы на сэрцы.
Пасля таго як выйшаў на пенсію, генерал Данько стаў членам Беларускай грамадскай арганізацыі ветэранаў органаў унутраных спраў і ўнутраных войск. Ён абраны ганаровым членам з правам рашаючага голаса, узнагароджаны нагрудным знакам «За заслугі».
Генерал-лейтэнант унутранай службы Уладзімір Антонавіч Данько з гонарам прайшоў усе жыццёвыя выпрабаванні, пераадолеў крутыя прыступкі армейскай і міліцэйскай службы. Узлёты і падзенні не зрабілі яго душу чэрствай да іншых людзей з іх патрэбамі, малымі і вялікімі бедамі, за што многія і сёння кажуць яму вялікае дзякуй!