Індывідуальнае будаўніцтва — па новых правілах

Источник материала:  
14.12.2011 09:39 — Новости Общества

Індывідуальнае будаўніцтва — па новых правілах


Індывідуальнае будаўніцтва — па новых правілах
Фото Марыны Бегунковай, Звязда
Указ кіраўніка дзяржавы № 520 ад 11 лістапада 2011 года
"Аб некаторых мерах па ўдасканальванні адносін у галіне будаўніцтва, адбірання і выдзялення зямельных участкаў" выклікаў вялікую цікавасць сярод патэнцыйных індывідуальных забудоўшчыкаў і ўладальнікаў зямельных участкаў, якія, у сваю чаргу, былі атрыманы чаргавікамі бясплатна.

На пытанні нашых чытачоў падчас "прамой лініі" ў "Звяздзе" па тэме "Індывідуальнае будаўніцтва будзе весціся па новых умовах" адказвае намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Беларусі Андрэй Гаеў.

— У мяне ад бацькоў застаўся прыватны дом і зямельны ўчастак. На гэтую нерухомасць ёсць толькі завяшчанне і ўсё. Ці не атрымаецца так, што ў новым годзе ў мяне гэтую зямлю адбяруць?

Сп. Мароз, г. Мінск.

— Не, зямлю ніхто ў вас не забярэ. Удакладню, на гэты дом няма тэхпашпарта, не зарэгістраваны зямельны ўчастак і нерухомая маёмасць?

— Так, дакументаў на зямлю няма.

— Згодна з патрабаваннямі Кодэкса аб зямлі, спадчыннікі павінны звяртацца на афармленне правоў на зямельныя ўчасткі на працягу 18 месяцаў з даты атрымання спадчыны. Цяпер вам не трэба ўсё кідаць і займацца толькі гэтай спадчынай, каб паспець да пачатку 2012 года. Аднак афармляць гэта трэба. Сёння ў сельскай мясцовасці існуе спрошчаны парадак афармлення такіх дакументаў.

— Што рабіць у першую чаргу?

— Звярнуцца ў мясцовы сельсавет і ў арганізацыю па рэгістрацыі нерухомай маёмасці. У сельсавеце трэба падаць заяву наконт зямельнага ўчастка. Гэта можна зрабіць і ў першыя дні новага года.

— Ці закране дзейнасць гэтага ўказа садовыя таварыствы? Няўжо ўсім неабходна будзе дабудаваць там домікі за тры гады?

Алена, Брэсцкая вобласць.

— Не. Грамадзяне, якія маюць зямельныя ўчасткі ў садаводчых таварыствах, маюць права будаваць там садовыя домікі ці іншыя аб'екты нерухомасці, але не павінны гэта рабіць абавязкова. Тут галоўнае, каб такія зямельныя ўчасткі выкарыстоўваліся па сваім мэтавым прызначэнні. Адзінае, што трэба ведаць, датычыцца рэгістрацыі зямельных участкаў. Калі ваш зямельны ўчастак, што ў садовым таварыстве, усё яшчэ не зарэгістраваны, то вам трэба тэрмінова падаць заяву (да 1 студзеня 2012 года) у арганізацыю па рэгістрацыі нерухомай маёмасці на афармленне дакументаў на зямельны ўчастак.

— У нашай сям'і ёсць дом у Заслаўі і 15 сотак зямлі — спадчына ад бабулі. Завяшчанне было аформлена на дваіх спадчыннікаў: на маю маму і татаву сястру. Фактычна цяпер ёсць два ўласнікі гэтага ўчастка. Калі мы ў далейшым вырашым прадаць сваю долю ў гэтым доме, то нам неабходна атрымаць на гэта згоду і ўласнікаў другой паловы дома?

Інга Пінчук, г. Мінск. 

— Пры продажы долі адзінага аб'екта нерухомасці неабходна атрымаць згоду на гэта другога ўласніка. Спачатку вы павінны паведаміць вашым сваякам пра тое, па якім кошце маеце намер прадаць сваю долю дома. Калі яны адмовяцца купіць вашу долю, то вы маеце права прадаць яе ўжо іншым людзям.

— Гэтую адмову нашых далёкіх сваякоў трэба афармляць пісьмова?

— Так. Тут існуе адзін нюанс. Калі вы вырашыце падарыць сваю долю гэтай нерухомай маёмасці сваім дзецям ці іншым блізкім сваякам, то паведамляць пра гэта іншым сумесным уласнікам дома не трэба. А вось калі плануецца адчужэнне маёмасці за грошы, тады пераважнае права куплі мае сумесны ўласнік агульнай маёмасці.

— Як афармляецца такая адмова і дзе?

— Згоду на продаж сваёй долі можна афармляць у натарыяльнай канторы або непасрэдна ў агенцтве па рэгістрацыі нерухомай маёмасці, дзе будуць падрыхтаваны адпаведныя дакументы. У гэтым выпадку ўмовы па кошце долі аб'екта дыктуюць не сумесныя ўласнікі, а менавіта вы. Калі на гэтую суму яны не згодны, тады пачынаеце прадаваць сваю долю іншым людзям. Тут існуе толькі адно "але"... Прадаць іншым асобам гэтую долю нельга за меншую цану, чым вы прапанавалі суседзям. Калі не выконваць усе гэтыя працэдуры, то здзелку па куплі-продажы долі сумеснай нерухомай маёмасці ў судзе могуць прызнаць незаконнай.

— Менавіта цяпер у адлегласці 10—20 кіламетраў ад Мінска можна набыць закансерваваную нерухомасць на зямельным участку па параўнальна невялікім кошце — не больш за 10—15 тысяч долараў. Што з гэтым зямельным участкам я змагу зрабіць пасля Новага года?

Сяргей Фрэнкель, г. Мінск.

— Вам неабходна будзе аднавіць будаўніцтва жылога дома і пабудаваць каробку на працягу трох гадоў. Другі раз закансерваваць такое незавершанае будаўніцтва ўжо будзе нельга.

— А калі ў наступным годзе я пэўны час не буду аднаўляць гэтае закансерваванае незавершанае будаўніцтва, а потым вырашу гэты аб'ект прадаць іншым фізічным асобам?.. Такая магчымасць з гэтай нерухомай маёмасцю ў мяне застаецца?

— Так, калі вы не будзеце нешта рабіць з гэтым аб'ектам, яго статус закансерваванага незавершанага будаўніцтва захаваецца, і вы будзеце мець права прадаць яго іншым фізічным асобам і ў наступным годзе. Праўда, ці існуе нейкі сэнс у падобных аперацыях куплі-продажу? Апошнім часам нават даволі ліквідныя зямельныя ўчасткі ўпэўнена працягвалі таннець...

Шмат пытанняў ад чытачоў "Звязды" на "прамую лінію" паступала па іншай тэматыцы. Галоўным чынам людзей цікавіла, калі дзяржава праз Беларусбанк адновіць ільготнае крэдытаванне людзей, якія ажыццяўляюць індывідуальнае будаўніцтва ў якасці сацыяльных чаргавікоў? Вядома, што на такія пытанні дакладныя адказы нашы падпісчыкі могуць атрымаць толькі непасрэдна ў банкаўскіх структурах.

А яшчэ нашых чытачоў зацікавіла галоўная мэта Указа кіраўніка дзяржавы № 520. Што павінна змяніцца пасля таго, як усе нормы гэтага дакумента пачнуць дзейнічаць?

— Адна з галоўных ідэй гэтага ўказа накіравана на забеспячэнне зямельнымі ўчасткамі менавіта тых грамадзян, якія рэальна жадаюць будаваць уласнае індывідуальнае жыллё на зямлі. Па-другое, гэты дакумент павінен цалкам выключыць нейкія з'явы па выкарыстанні шэрых схем на скрытым рынку зямлі. Да гэтага часу былі выпадкі, калі "зямельныя чаргавікі" атрымлівалі па некалькі ўчасткаў пад будаўніцтва жылых дамоў на адну сям'ю, а потым, пасля пэўных мерапрыемстваў, зямельныя ўчасткі прадаваліся ў якасці незавершанага будаўніцтва ўжо па рынкавым кошце такой зямлі.

— Добры дзень, сярод нашых сяброў пачалі гуляць чуткі, што ў наступным годзе пад будаўніцтва жылых дамоў каля буйных гарадоў Беларусі будуць даваць зямельныя ўчасткі плошчай не больш за 5—6 сотак. Няўжо гэта праўда?

Надзея Маліноўская,
г. Віцебск. 

— Гэта зусім не так. Існуе норма толькі аб тым, што ў прыгарадных раёнах сталіцы і абласных цэнтрах пад індывідуальнае будаўніцтва пачнуць даваць у наступным годзе зямельныя ўчасткі плошчай ад 10 да 15 сотак.

— У мяне ёсць яшчэ адно пытанне. Мой знаёмы купіў зямельны ўчастак на аўкцыёне за грошы. Будуе свой дом ён капітальна, але вельмі марудна. Што будзе, калі за тры гады пабудаваць сабе жыллё ён не паспее? Якім чынам у яго будуць адбіраць зямельны ўчастак і недабудаваны дом, якія афіцыйна цяпер прызнаны прыватнай уласнасцю пакупніка?

— Зямельныя ўчасткі павінны выкарыстоўвацца па сваім мэтавым прызначэнні. Калі ўчастак даецца пад будаўніцтва жылога дома, тады там неабходна пабудаваць індывідуальнае жыллё. Сёння дакладных тэрмінаў будаўніцтва жылога дома пакуль не існуе. Згодна з указам № 520, норма па тэрмінах будаўніцтва прыватных жылых дамоў пачынае дзейнічаць з 1 сакавіка 2012 года. Цяпер па гэтым указе будзе так, што за тры гады гаспадар участка павінен пабудаваць толькі каробку дома (узвядзенне фундамента, сцен і даху будучага жылога памяшкання). Калі і за тры гады грамадзянін па нейкіх аб'ектыўных прычынах не паспявае зрабіць каробку, то з улікам рэальнага матэрыяльнага становішча, магчымай хваробы або ў сувязі з доўгай адсутнасцю ўласніка ўчастка на тэрыторыі Беларусі ён можа звярнуцца ў выканкам з просьбай аб прадаўжэнні тэрмінаў будаўніцтва. Калі паводле ранейшай рэдакцыі такой нормы мясцовыя ўлады маглі дазволіць павялічыць тэрмін будаўніцтва на год, то цяпер яго могуць павялічыць да двух гадоў.

Плюс існуе яшчэ адзін аспект. У гаспадара зямельнага ўчастка існуе магчымасць закансерваваць сваё незавершанае будаўніцтва яшчэ тэрмінам на тры гады. Указ ніякіх абмежаванняў і забароны тут не прадугледжвае. Разам з тым закансерваваць незавершанае будаўніцтва на пэўным участку можна будзе толькі адзін раз. Такім чынам, нават пасля 1 сакавіка 2012 года ў грамадзян будзе дастаткова часу, каб пабудаваць каробку дома. Усё, што датычыцца поўнага аздаблення дома, падвядзення камунікацый і прыёмкі аб'екта жыллёвай нерухомасці ў эксплуатацыю, то гэта дазваляецца рабіць ужо за межамі гэтых гранічных тэрмінаў. Звычайна тыя, хто набывае зямельны ўчастак на аўкцыёне, будуе індывідуальнае жыллё даволі хутка, аднак... Участкі, якія былі набыты на аўкцыёнах, могуць прадавацца нават без наяўнасці дабудаваных дамоў. Такія ўчасткі можна будзе прадаваць нават разам з будаўнічымі матэрыяламі на іх.

— Вы ведаеце, што ў нашай краіне для вядзення калектыўнага садаводства было выдзелена каля 282 тысяч зямельных участкаў, а амаль палова з іх і да гэтага часу яшчэ не зарэгістравана? Няўжо і сапраўды пачнецца рэалізацыя ўсіх пунктаў Указа кіраўніка дзяржавы № 50 "Аб мерах па ўпарадкаванні дзейнасці садаводчых таварыстваў"? Там прадугледжваецца, што калі да 1 студзеня такі ўчастак не зарэгістраваць, то гэта можа з'яўляцца падставай для канфіскацыі такіх зямельных участкаў у адпаведнасці з заканадаўствам аб ахове і выкарыстанні зямель. А вось у мяне па такім зямельным участку існуе спрэчнае пытанне з суседам, таму маю зямлю і не рэгіструюць. Няўжо праз месяц гэту зямлю ў мяне канфіскуюць?

Аляксандр Яськоў,
г. Мінск. 

— Гэтая норма працуе ўжо шмат гадоў, таму ў людзей хапала часу на афармленне гэтых участкаў. Калі вы асабіста ўжо рабілі захады, накіраваныя на афармленне свайго зямельнага ўчастка, тады супраць вас штрафных санкцый з наступнай канфіскацыяй зямлі прымацца не будзе. Удакладню, што ў першую чаргу будуць займацца тымі гора-гаспадарамі, хто ўвогуле не падаў заяву на правядзенне гэтай рэгістрацыі. 

←В Ивацевичском районе обнаружено 96 видов животных и растений, включенных в Красную книгу Беларуси

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика