Дзявочы характар раскрые... манікюр
Як па пазногцях выявіць жанчыну мацярынскага архетыпу?
Па сцвярджэнні стылістаў сёння варыянтаў манікюру настолькі шмат (ад класічнага французскага да няўяўнага нейл-арта), што выстаўляць свае пазногці напаказ не толькі можна, але і неабходна. Цікава, што форма пазногцяў і выбар манікюру можа вельмі шмат чаго расказаць аб іх уладальніцы.
Псіхолагі ўжо даўно распрацавалі тэст, сутнасць якога складаецца якраз у разглядванні формы пазногцяў. Дарэчы, мужчынам пры першым знаёмстве мы б параілі не абмінаць увагай такую паказальную дэталь, як манікюр дзяўчыны.
Так, форма пазногцяў, блізкая да квадрата, з'яўляецца сведчаннем даволі замкнутай натуры. Уладальніца квадратнай формы пазногцяў не выстаўляе пачуцці і эмоцыі напаказ. Такой жанчыне вельмі цяжка ўнушыць што-небудзь. Яна ніколі не паверыць вам на слова — абавязкова пераправерыць, узважыць. І толькі калі вашы словы не супярэчаць логіцы і фактам, яна паверыць вам. Людзей з такімі пазногцямі не варта крытыкаваць: узровень ганарлівасці ў іх крыху завышаны, затое ім не ўласцівы праявы самабічавання.Такія асобы ніколі не будуць шкадаваць сябе. Ды і іншых таксама наўрад ці. Яны самі па сабе даволі моцныя асобы, таму не даруюць слабасцяў і навакольным.Манікюр у дзяўчат з такой формай пазногцяў можа быць самым разнастайным, таму варта абавязкова прыгледзецца, які тон лаку нанесены на пазногці. Калі ў яе яркія, агрэсіўных адценняў пазногці (чырвонага, ярка-жоўтага, аранжавага або ліловага), то гэта значыць, што такая дзяўчына не даруе вам нават самых нязначных прамашак. Уладальніцы такога манікюру другога шанцу вам не дадуць. Калі ж яна выбірае больш спакойныя адценні, то ў вас наўрад ці атрымаецца "дастукацца да яе сэрца" з першых хвілін, дзён і нават месяцаў знаёмства. Французскі манікюр на пазногцях такой формы сведчыць аб тым, што перад вамі — адважная, гатовая на эксперыменты жанчына.
Ну а калі вы, напрыклад, пазнаёміліся з дзяўчынай, чые пазногці рыдлёўкападобнай формы, то рамантыкі ад яе чакаць не варта: перад вамі прагматычная і разважлівая жанчына ў самым добрым сэнсе гэтага слова. Яркі лак на "рыдлёўках" сведчыць аб тым, што чалавек ставіць перад сабой канкрэтныя мэты і гатовы прытрымлівацца іх, не зважаючы ні на што, як кажуць, "ісці па галовах". Лак пастэльных тонаў, нават калі пры гэтым выкарыстоўваецца вычварны малюнак і разнастайныя ўпрыгожанні і аксесуары, гаворыць аб адсутнасці фантазіі ў каханні. Такая жанчына будзе незаменная ва ўпарадкаваным сямейным жыцці з наладжаным бытам, свежаадпрасаванымі прасцінамі і смачнымі абедамі. Але бурнага сэксу ў самых нечаканых месцах вы ад яе не дачакаецеся. Што ж тычыцца французскага манікюру на рыдлёўкападобных пазногцях, то тут можна сцвярджаць, што яго ўладальніца выдатна ведае, чаго хоча. Больш за тое, яна ведае, як гэта атрымаць і правільна выкарыстаць. Такія дзяўчаты ва ўсім абапіраюцца на ўласны вопыт або на вопыт блізкіх людзей. Пераканаць іх адважыцца на нейкі эксперымент, упершыню паспрабаваць нешта новае вельмі складана.
Калі вы сустрэлі дзяўчыну з пазногцямі, якія па форме нагадваюць прамавугольнік, то перад вамі чалавек, які прывык жыць па прынцыпе: "А чаму б і не?". Вам лёгка ўдасца пераканаць такую дзяўчыну прыняць удзел у эксперыменце або проста пайсці на рызыку, паспрабаваць нешта ў першы раз. Аднак варта паспяшацца з прапановай, бо такая асоба вельмі хутка возьме над вамі лідарства і павядзе за сабой не толькі ў каханні, але, хутчэй за ўсё, і па жыцці. Усё гэта сапраўды дакладна супадае, калі чатырохвугольныя пазногці ўпрыгожаны манікюрам спакойных тонаў і малюнка. Калі ж пазногці нафарбаваны ярка-чырвоным лакам, то будзьце гатовыя да таго, што за фасадам самаўпэўненай жанчыны хаваецца маленькае няўпэўненае ў сабе дзяўчо, якое мае патрэбу ў моцным плячы. Ці гатовы вы падставіць яго? Тады вам яшчэ прыйдзецца пераканаць абранніцу ў тым, што яна сапраўды мае ў гэтым плячы патрэбу.
Асаблівай увагі заслугоўваюць жанчыны з востраканцовай формай пазногцяў. Такімі валодаюць звычайна артыстычныя натуры, фантазёркі і ініцыятыўныя рамантыкі. У кампаніі такой дзяўчыны вы не засумуеце. Яна прыемная ў зносінах, умее падтрымаць гутарку, валодае выдатным пачуццём гумару. Але пры гэтым яна зменлівая, як марская хваля, ні адной справы не даводзіць да канца і можа знікнуць з вашага гарызонту ў любы момант. Усе гэтыя характарыстыкі ўзмацняюцца ўдвая, калі на пазногцях такой жанчыны французскі манікюр. Калі ж "кіпцікі" светла-ружовыя, з мінімумам упрыгожванняў і малюнкаў і практычна матавыя, то перад вамі натура "шматслойная", якая ўтойвае свае імклівыя парывы за маскай сталасці. З такімі жанчынамі даволі цікава, таму што ніколі не ведаеш, калі яе артыстычная натура выйдзе на першы план. Яркі лак на такіх пазногцях можна ўбачыць хіба што ў дзяўчат-падлеткаў ці ў тых, хто па розных прычынах затрымаўся ненадоўга ў гэтым узросце. Але калі ўсё-такі на востраканцовых пазногцях вашай дзяўчыны менавіта яркі лак, то будзьце гатовыя да ролі бацькі ў яе жыцці. Вы будзеце адчуваць сябе заступнікам, моцным і адказным, абаронцам і... гаспадаром. Многія мужчыны мараць менавіта пра гэта, ці не так?
Дзяўчаты з круглымі пазногцямі — увасабленне мацярынскага архетыпу. Побач з такой жанчынай мужчына адчувае сябе ўтульна, спакойна, цёпла. Яе прызначэнне — хатні ачаг, нават калі яна сама яшчэ гэтага не зразумела. Вельмі часта ўладальніцы такой формы пазногцяў носяць ці хацелі б насіць доўгія валасы і някідкі манікюр. Калі ж у дзяўчыны круглыя пазногці пафарбаваны ва ўльтрамодныя або агрэсіўныя колеры — гэта значыць, што яе не задавальняе спакойнае жыццё і хочацца нейкіх перамен. Хто ведае, можа быць, вы і станеце тым самым глытком свежага паветра, якога яна так прагне. Пастэльныя тоны ў манікюры ўкажуць вам на тое, што ваша новая знаёмая — адкрытая кніга. Яна нічога не ўтойвае ад вас і не збіраецца гэтага рабіць. А французскі манікюр з'яўляецца сігналам, што перад вамі той рэдкі сінтэз прастаты і вытанчанасці, які мужчыны так часта спрабуюць знайсці ў жанчыне і вельмі рэдка сапраўды знаходзяць.
Папярэджваем, што ўсё вышэйсказанае справядлівае толькі ў тых выпадках, калі падобны манікюр з'яўляецца звычайнай практыкай у вашай новай знаёмай. Калі ж на першыя тры спатканні яна прыходзіла з рознымі ў стылявым і каляровым плане відамі манікюру, то такая дзяўчына наўрад ці падыдзе пад падобнае апісанне. Але тым яна і цікавей.
Падрыхтавала Іна АРЭХАВА.