На будоўлях Гомельшчыны ўводзіцца калектыўная адказнасць за захаванне будаўнічых матэрыялаў і сродкаў
08.12.2011 15:23
—
Новости Общества
На будоўлях Гомельшчыны ўводзіцца калектыўная адказнасць за захаванне будаўнічых матэрыялаў і сродкаў
Телерадиокомпания "Гомель"На апошнім пасяджэнні Гомельскага аблвыканкама разглядалася пытанне аб захаванасці маёмасці ў аграпрамысловым комплексе і будаўнічай галіне Гомельскай вобласці. Для клопату ёсць падставы. Колькасць крадзяжоў расце. Калі раней часцей выкрадалі быдла, коней, то зараз інтарэс злачынцаў зрушыўся ў бок дызельнага паліва, запасных частак. Раскрывальнасць жа такіх злачынстваў ледзь перавышае 50%. Загады міліцыі кіраўнікі гаспадарак часам пакідаюць без увагі.
Анатоль Васільеў, начальнік упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі ЎУС Гомельскага аблвыканкама:
- 51 кіраўнік сельгаспрадпрыемстваў прыцягнуты судамі да адміністрацыйнай адказнасці па матэрыялах міліцыі за непрыняцце мер па прадстаўленнях органаў унутраных спраў. А ў Брагінскім раёне ў нас ёсць такія ўнікумы, якія па чатыры разы прыцягваліся да адказнасці, аднак воз і цяпер там.
Ёсць пытанні ў гэтым дачыненні і да кіраўнікоў будаўнічай галіны. З пачатку года зарэгістравана звыш 140 выпадкаў крадзяжоў з будаўнічых аб'ектаў. Часцей за ўсё выкрадаюць электраінструмент, сілавы кабель сілкавання вежавых кранаў. Часам такія крадзяжы могуць выклікаць нават зрыў тэрмінаў здачы аб'екта ў эксплуатацыю. Таму да месца прыйшлася прапанова па ўкараненні калектыўнай адказнасці на будоўлях. Адказваць за захаванасць маёмасці будуць усе - ад дырэктара будаўнічай арганізацыі да вартаўніка.
Аляксандр Канаваленка, намеснік генеральнага дырэктара Гомельскага абласнога кіравання будаўнічым комплексам:
- Кіраўнік прадпрыемства пазбаўляецца часткова або поўнасцю прэміяльных выплат пры наяўнасці крадзяжоў на аб'ектах. Таксама з брыгадамі будаўнічымі складаюцца дамовы і ўносяцца абавязальніцтвы аб матэрыяльнай адказнасці брыгаднай, агульнай.