У Каменным Логу – новы эксперымент
Ад 9 гадзін раніцы 1 снежня супрацоўнікі Смаргонскай пагранічнай групы сумесна з Ашмянскай мытняй і транспартнай інспекцыяй праводзяць эксперымент ў аўтадарожным пункце пропуску "Каменны Лог". Сутнасць яго ў тым, што грамадзяне, якія перасякаюць мяжу ў якасці пасажыраў, могуць не выходзіць з машыны.
Пра гэта паведаміла прэс-служба Смаргонскай пагранічнай групы.
Да пачатку эксперыменту асобе, што перасякала мяжу на транспартным сродку, неабходна было:
- прастаяць у чарзе на пад'ездзе да пункта пропуску;
- пры ўездзе ў пункт пропуску атрымаць у пагранічніка кантрольны талон;
- пад'ехаць да месца праходжання пашпартнага кантролю і праверкі транспартнага сродку;
- выйсці з аўтамабіля;
- падысці да кабінкі пашпартнага кантролю;
- аддаць дакументы памежніку для праверкі;
- падысці да транспартнага сродку і прадаставіць яго для надгляду;
- сесці ў транспартны сродак і пад'ехаць да выезду з пункта пропуску;
- аддаць кантрольны талон з адзнакамі аб пройдзеных усіх відаў кантролю;
- выехаць з пункта пропуску.
У ходзе эксперыменту ўкараняецца наступны парадак перасячэння мяжы для легкавых транспартных сродкаў, якія ідуць у краіны Еўрапейскага саюза:
- прастаяць у чарзе на пад'ездзе да пункта пропуску;
- пасля ўключэння зялёнага сігналу святлафора пад'ехаць да шлагбаўма;
- калі шлагбаўм узнімецца, заехаць на тэрыторыю пункта пропуску да месца праходжання пашпартнага кантролю і праверкі транспартнага сродку;
- аддаць памежніку дакументы на права перасячэння мяжы і тэхнічны пашпарт на транспартны сродак – для афармлення дакументаў;
- памежнік аглядае транспартны сродак, калі той рухаецца па "зялёным" калідоры;
- памежнік вяртае дакументы;
- транспартны сродак з пасажырам пад'язджае да выезду з пункта пропуску, дзе яго выпускаюць з пункта пропуску.
Пры ўездзе на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь парадак перасячэння мяжы для легкавых транспартных сродкаў аналагічны за выключэннем таго, што кантрольны талон па-ранейшаму выдаецца на пад'ездзе да пункта пропуску і забіраецца пры выездзе з пункта пропуску.Калі легкавы транспартны сродак рухаецца па "чырвоным" калідоры, то пасля праходжання пашпартнага кантролю накіроўваецца на аўтамабільны і мытны кантроль.
Для грузавога транспарту і пешаходаў парадак перасячэння мяжы не змяніўся.
Падрыхтавала Святлана ЦІШКО.
Яшчэ па тэме