Ці хопіць у беларускіх праваахоўнікаў рэсурсу, каб перамагчы наркапагрозу?

Источник материала:  
30.11.2011 07:57 — Новости Общества

Ці хопіць у беларускіх праваахоўнікаў рэсурсу, каб перамагчы наркапагрозу?


Часам да нас прыязджаюць замежныя журналісты і вельмі просяць расказаць "што-небудзь" добрае, адметнае пра краіну.

І мне хацелася б казаць пра барацьбу з наркаманіяй.

Агульнапрызнана, што Беларусь уваходзіць у дзясятку (!) краін свету, якія найбольш эфектыўна змагаюцца з сінтэтычнымі псіхатропамі — "спайсамі", "парашкамі", "араматызатарамі", "солямі" і гэтак далей. Тут нават некаторыя звышразвітыя краіны маглі б пераняць у нас досвед. І гэта дадае гонару.

Што тычыцца барацьбы з класічнымі наркотыкамі (такімі, як гераін, какаін і г.д.), то буйныя шляхі паступленняў для беларускіх наркаспажыўцоў перарэзалі яшчэ ў сярэдзіне двухтысячных.

А тыя хімічныя наркалабараторыі, якія ўсё ж спрабуюць наладзіць вытворчасць некаторых наркотыкаў унутры краіны, істотна рызыкуюць. Шырокіх паступленняў на рынак няма, а наркалабараторыі выкрываюцца аператыўнымі супрацоўнікамі. Пра адну з апошніх гучных ліквідацый "Звяздзе" распавёў начальнік Упраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі ГУУС Мінгарвыканкама Канстанцін Ляшкевіч:

— З 2009 года была сур'ёзная распрацоўка па адной групе з сямі чалавек, якая арганізавала падпольныя лабараторыі. У яе ўваходзілі раней асуджаныя асобы і вельмі талковы хімік, які скончыў наш хімфак. Арганізатарам была ў тым ліку і жанчына, у якой было двое дзяцей. Ёй суд Ленінскага раёна Мінска ў лістападзе 2011 года прысудзіў 13 гадоў пазбаўлення волі. Амаль што ўсе ўдзельнікі групы атрымалі максімальныя тэрміны.

Яны дзейнічалі дзёрзка. Займаліся не толькі метадонам, але і выраблялі амфетамін. Збывалі ў месцах масавага адпачынку моладзі.

У сакавіку мы канфіскавалі самую буйную партыю метадону на тэрыторыі Беларусі — пяць кілаграмаў найчысцейшага наркотыку. Ліквідавалі тры лабараторыі.

Мы былі гатовы выкрыць гэту групу нашмат раней, — працягвае Канстанцін Ляшкевіч. — І былі людзі ў складзе гэтай групы, гатовыя супрацоўнічаць са следствам. У нашым артыкуле 328 Крымінальнага кодэкса ("Незаконнае абарачэнне наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і іх прэкурсораў") ёсць пазнака, дзе напісана, што калі чалавек добраахвотна дапамагае выявіць асноўнага збытчыка, то ён можа быць вызвалены ад крымінальнай адказнасці.

Калі б гэтая заканадаўчая норма спрацоўвала, мы б гэтую лабараторыю выкрылі яшчэ ў 2009 годзе, спынілі б дзейнасць асоб, якія атручваюць нашых людзей.

У чым сэнс? Напрыклад, затрымліваем чалавека, канфіскоўваем у яго пэўную "вагу" наркотыка. І ён кажа: "Я гатовы супрацоўнічаць са следствам". Раскрывае буйных збытчыкаў. Але, на жаль, у судзе абодва атрымліваюць па дзесяць гадоў: і бандыт, якога ён дапамог выкрыць, і ён сам, які дапамог выйсці на бандыта і буйныя партыі наркотыкаў. На жаль, не можам мы пераламіць псіхалогію і пазіцыю асоб, ад якіх залежыць выкананне гэтых законаў. Калі чалавек пагаджаецца супрацоўнічаць з органамі ўнутраных спраў, мы павінны даваць яму шанц на меншы тэрмін пазбаўлення волі ці вызваленне ад адказнасці. Тады людзі зразумеюць, што ні міліцыя, ні пракуратура, ні суды не падманваюць. А наша праца стане яшчэ больш эфектыўнай...

* * *

Відавочна, што калі вырашыць некаторыя заканадаўчыя нюансы, барацьбу з наркаманіяй можна было б зрабіць своеасаблівай візітоўкай Беларусі. Але ёсць і некалькі акалічнасцяў, якія перашкаджаюць ажыццявіць гэтую задуму.

Першая праблема — гэта сітуацыя з абаротам насення маку (каля 120 тысяч беларускіх наркаманаў колюць раствор у вену, а пастаўкі насення мы не можам прыпыніць вось ужо каля шасці гадоў, хоць эфектыўныя захады ўжо даўно прапаноўваюцца разумнымі людзьмі).

Ці хопіць у беларускіх праваахоўнікаў рэсурсу, каб перамагчы наркапагрозу?
Так выглядае інтэрнэт-аб’ява па продажы сінтэтычных псіхатропаў. Прыбытак звычайнага барыгі можа складаць 700 тысяч долараў у год.

Па-другое, барацьбу з сінтэтычнымі псіхатропамі (дызайнерскімі наркотыкамі) ва ўмовах Беларусі можна весці яшчэ больш плённа. Наш "Рэспубліканскі пералік наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і іх прэкурсораў" увесь час папаўняецца новымі пазіцыямі. Але з яшчэ большым імпэтам барыгі прывозяць у Беларусь навінкі — так званыя "легалкі". І трэба чакаць некалькі месяцаў, каб новыя "парашкі", "міксты", "солі" і "араматызатары" ўнеслі ў пералік. Хутчэй не атрымліваецца амаль нідзе на планеце. Можа быць, варта павялічыць колькасць спецыялістаў, ад якіх залежыць уключэнне рэчываў у наркатычны спіс? Зараз такіх службовых асоб у кампетэнтных міністэрствах — адзінкі. Калі б новыя рэчывы, што з'явіліся на рынку, уключаліся ў наркапералік цягам, напрыклад, месяца (а тэхнічна пры жаданні гэта магчыма), барыгі не мелі б часу на поўную рэалізацыю прадукту і страшна рызыкавалі б рэальнымі турэмнымі тэрмінамі.

Па-трэцяе, распаўсюджваюцца сінтэтычныя псіхатропы праз інтэрнэт. Аб'явы выкладваюцца на адной з расійскіх сацыяльных сетак. Таксама працуюць адмысловыя сайты, дзе барыгі пакідаюць свае тэлефонныя нумары. Чаму аб'явы так лёгка знайсці? Чаму праваахоўнікі, якія непасрэдна павінны працаваць з інтэрнэтам, не робяць належных захадаў па аб'явах з "легалкамі"? Журналіст "Звязды" з дапамогай журналісцкіх эксперыментаў не раз пераконваўся, што тэлефонныя нумары ў аб'явах працуюць.

У той жа час дзяржава не атрымлівае ад такіх барыг ні рубля. Затое самі наркадылеры!..

Нядаўна праходзіў суд па адным з наркагандляроў, якому было 19 гадоў. Ён атрымліваў так званы "легальны" парашок з Кітая. А калі "легалку" ўнеслі ў наркапералік, то не паспеў усё рэалізаваць і пракалоўся. Атрымаў сем гадоў пазбаўлення волі . Падчас следства 19-гадовы барыга распавёў, што за год змог зарабіць каля 700 тысяч долараў ЗША.

* * *

Які рэсурс неабходны нашай праваахоўнай сістэме, каб вырашыць згаданыя праблемы?

Дырэктар інфармацыйна-асветніцкай установы "Актуальная канцэпцыя" Аляксандр Шпакоўскі да кастрычніка гэтага года працаваў ва ўстановах адукацыі і ў органах выканаўчай улады, дзе вывучаў праблему. Ён лічыць, што рэсурсы для выпраўлення сітуацыі ў Беларусі ёсць.

— Ёсць і дзяржаўная праграма па супрацьдзеянні наркаманіі на 2008—2013 гады. Шкада, што ў ёй рэдка згадваюцца грамадскія арганізацыі, якія займаюцца супрацьдзеяннем. У той жа час практыка паказвае, што менавіта такія арганізацыі могуць паспяхова займацца прэвентыўнай прафілактыкай, — лічыць Аляксандр Шпакоўскі. — Толькі адны дзяржаўныя структуры не змогуць вырашыць праблему. Перакананы, што толькі аб'яднаўшы нашы высілкі, мы маем шанц на перамогу. А супрацьдзейнічаць праблеме трэба неадкладна.

Наркаманія — адзін з найбольш важкіх фактараў крымінагеннай сітуацыі. У 2010 годзе 1200 злачынстваў было здзейснена непасрэдна ў стане наркатычнага ап'янення. Для параўнання: у 1985 годзе ў краіне было зарэгістравана толькі 45 злачынстваў, звязаных з наркаманіяй. Наркотыкі пагражаюць дэмаграфічнай бяспецы. Аналіз паказвае, што абсалютная большасць беларускіх наркаманаў — маладыя людзі ва ўзросце да 35 гадоў. Амаль палова ўсіх носьбітаў ВІЧ занеслі інфекцыю наркатычнай іголкай.

Калі атрымаецца цалкам выправіць прабелы, Беларусь атрымае велізарныя дывідэнды.

←Почему ответ в редакцию на критику начальника управления подписал... сам начальник управления?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика