Сяргей Дарафееў: зараз працаваць на беларускім тэлебачанні — злачынства
Былы вядучы ток-шоў "Выбар" на беларускім тэлеканале АНТ Сяргей Дарафееў, звольнены адтуль пасля леташніх прэзідэнцкіх выбараў, заявіў у інтэрв’ю Беларускай службе Радый Свабода: “працаваць зараз на беларускім тэлебачаньні – злачынства”.
“Да 19 сьнежня 2010 году для мяне была адна Беларусь, потым Беларусь стала іншая, — сказаў Дарафееў. — Выбух у мэтро ўвогуле ўзарваў маю галаву, але гэта ўжо іншая, яшчэ адна гісторыя. Таму, калі працаваў я, працаваць яшчэ было можна, яшчэ можна было даносіць свае думкі. А цяпер – нельга. Па тым, што я гляджу на Беларускім тэлебачаньні і што чытаю на беларускіх інтэрнэт-рэсурсах – цяпер нельга ўвогуле. Гэта маё ўражаньне, маё меркаваньне суб'ектыўнае. І нешта мне падказвае, што са мной, напэўна, пагаджаецца абсалютная большасьць людзей”
“Беларускія афіцыйныя асобы адвыклі ад крытыкі ў прынцыпе, — лічыць Дарафееў. — Часы, у якія мы зараз жывём, вельмі небясьпечныя. Таму што ва ўладнай часткі сьціраюцца маральна-духоўныя межы; этычныя падыходы трансфармуюцца і трагедыя пачынаецца тады, калі ўлада пачынае лічыць, што менавіта яна – мярыла дабра і зла. Але ж Бога замяніць нельга!”.
Цяпер беларускі журналіст працуе на ўкраінскім “Пятым канале” – вядзе аўтарскую праграму “Партрэты зь Сяргеем Дарафеевым”, якая выходзіць у эфір па аўторках.