Стане даволі ветрана і дажджліва
Сёння паўночныя рэгіёны Беларусі апынуцца пад уплывам вільготных паветраных мас з боку Атлантыкі, таму на поўначы чакаюцца невялікія ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу, паведаміла рэдакцыі спецыяліст Рэспубліканскага гідраметцэнтра Мінпрыроды Вольга Фядотава.
Разам з тым, у пятніцу па поўдні краіны будзе яшчэ захоўвацца павышаны фон атмасфернага ціску, і таму без ападкаў. А вось на выхадныя актыўныя атлантычныя цыклоны будуць рухацца са Скандынавіі і далей на ўсход, таму да нас завітаюць сур'ёзныя атмасферныя франты.
У пятніцу і суботу ўначы месцамі, а ўдзень амаль паўсюдна будуць ісці кароткачасовыя ападкі — галоўным чынам дождж. Увага! Істотна ўзмоцніцца паўднёва-заходні вецер, парывы якога будуць дасягаць на паўночным захадзе 15—22 м/с. Тэмпература паветра ўначы ад мінус 2 да плюс 4, удзень — 0—6 цяпла. У першай палове наступнага тыдня захаваецца ветранае і вільготнае надвор'е. Тэмпература ўначы ад мінус 1 да плюс 5, удзень — 1—6 цяпла.
Сяргей КУРКАЧ.