"Мёртвая" вада
"Мёртвай" называлі тую ваду, якую выкарыстоўвалі падчас надыходу смерці, абмывання нябожчыка і падчас выканання розных рытуальных дзеянняў, звязаных з пахаваннем чалавека. Так, народная традыцыя забараняла карыстацца той вадой, якая знаходзілася ў хаце ў момант смерці чалавека. Яе тут жа вылівалі на двары, а вядро ці іншы посуд трэба было перавярнуць. Асабліва небяспечнай у энергетычным плане (магла нанесці вялікую шкоду здароўю чалавека, хатняй жывёле і нават пасевам) лічылі ваду, якой абмывалі нябожчыка. І гэтае меркаванне было зусім не беспадстаўным: вада забірала на сябе ўсю інфармацыю, якую назапашваў чалавек на працягу свайго жыцця, уключаючы і сам момант смерці. Таму яе стараліся выліць туды, дзе ніколі не будзе хадзіць чалавек, хатняя жывёла. У некаторых выпадках для такой вады выкопвалі спецыяльную яму.
Акрамя гэтага, і любую іншую ваду, якая суправаджала абрад пахавання, лічылі небяспечнай.
Напрыклад, сімвалам нязгаснасці жыцця быў пастаянны агонь у печы. "Жар" загортвалі ў спецыяльнае заглыбленне, дзе ён захоўваўся да наступнага дня. Аднак як толькі ў хаце паміраў чалавек, агонь у печы тут жа залівалі вадой.
Менавіта таму стравы для памінальнага стала (а прыгатаванне ежы ніколі не абыдзецца без вады), гатавалі ў суседзяў ці родзічаў, а не там, дзе знаходзіўся нябожчык.
Калі нябожчыка павязуць хаваць, то трэба было хуценька вымыць хату. Ваду для гэтага стараліся браць са святой крынічкі, каб "ажывіць" жытло, быццам бы стварыўшы яго нанова. Адна абавязковая ўмова: ваду, якой мылі падлогу за нябожчыкам, вылівалі на скрыжаванне дарог толькі тады, калі пахавальная працэсія вернецца з могілак.
Калі людзі вярталіся з могілак, дзе яны, развітваючыся з памерлым, кідалі ў магілу тры жменькі пяску, то павінны былі памыць рукі, каб вада забрала на сябе адмоўную інфармацыю. Інакш пераступаць парог ужо рытуальна "ажыўленай" хаты яны не мелі права.
Самае галоўнае правіла, якое трэба бездакорна выконваць у дачыненні да "мёртвай" вады, наступнае: яна не павінна трапіць у рукі злыдняў, якія могуць з яе дапамогай рабіць свае "чорныя" справы. Калі ў выпадку купання дзіцяці ваду трэба было захоўваць на працягу ночы і выліваць толькі з першымі промнямі ўзыходзячага сонца, то "мёртвую" ваду знішчалі адразу ж.
Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.