Што трэба паспець да Новага года
1. Купiць елку
Елка — не толькi пушыстая прыгажуня i сiмвал Новага года, але i вялiкi лекар. Рэкамендуем вам купiць елачку загадзя. Няхай яна пастаiць у доме, дорачы адчуванне радасцi i свята. Да таго ж яе водар павышае iмунiтэт, паляпшае стан органаў дыхання i абеззаражвае паветра.
2. Сабраць навагоднюю аптэчку
Напярэдаднi Новага года абавязкова зазiрнiце ў аптэку i запасiцеся самымi неабходнымi прэпаратамi. Неабходна купiць:
спазмалiтыкi, эфектыўныя ад галаўнога болю i спазмаў у жываце;
ферменты: яны паляпшаюць страваванне i змагаюцца з цяжарам у жываце, — адной з асноўных праблем сытнага застолля;
сродкi ад апёкаў: у навагоднюю ноч, калi мы забаўляемся бенгальскiмi агнямi i феерверкамi, ёсць рызыка пацярпець ад апёкаў;
спецыяльныя сродкi для барацьбы з пахмеллем;
нашатырны спiрт, ёд, вату, бiнты i перакiс вадароду.
3. Павысiць iмунiтэт
Імунiтэт нам неабходны! Бо святы — стрэс для арганiзма, хоць i вельмi прыемнае баўленне часу. Скарыстайцеся народнымi сродкамi.
Вазьмiце 2 ст. лыжкi лiсця грэцкага арэха, залiце 2 шклянкамi кiпеню i дайце настояцца ноч у тэрмасе. Прымайце па 50 мл у дзень. Калi няма часу i жадання займацца прыгатаваннем лекаў, проста з'ядайце ў дзень не менш як 6 грэцкiх арэхаў.
Можна прыгатаваць сродак з iглiцы самога навагодняга дрэва. Вазьмiце 2 ст. лыжкi iглiцы, прамыйце яе ў халоднай вадзе, залiце шклянкай кiпеню i кiпяцiце 20 хвiлiн. Затым дайце настояцца на працягу паўгадзiны i працадзiце. Перад ужываннем падсаладзiце мёдам i пiце па 1/2 шклянкi 2—3 разы на дзень.
4. Правесцi генеральнае прыбiранне
Генеральнае прыбiранне — гэта не толькi спосаб прывесцi жыллё ў парадак перад самым вясёлым святам года, але яшчэ i магчымасць палепшыць умовы для свайго здароўя. Напрыклад, за год у дыванах збiраецца вялiзная колькасць пылу i iншых алергенаў, нават калi вы рэгулярна праходзiце па iх пыласосам. Трэба выцягнуць дываны на вулiцу, выбiць i пачысцiць снегам. Тое ж самае датычыцца разбору адзення i мяккiх цацак — усё гэта пылазборнiкi, а значыць, алергены!
5. Правесцi разгрузачны дзень
Разгрузачныя днi — цудоўная альтэрнатыва дыетам i падрыхтоўка да застолля. Яны садзейнiчаюць панiжэнню вагi, ачышчаюць арганiзм ад таксiнаў i шлакаў, паляпшаюць знешнi выгляд i дораць адчуванне лёгкасцi. Падчас разгрузачнага дня неабходна ўжываць у ежу толькi 1 прадукт — напрыклад, яблыкi або кефiр. Дазваляецца пiць зялёную гарбату i мiнеральную ваду без газу.
6. Зрабiць чыстку твару
Чыстку твару лепш зрабiць прыкладна за тыдзень да свята, каб скура магла супакоiцца i выглядала свежай i здаровай.
У хатнiх умовах скарыстайцеся трохслойнай маскай, нанесенай на ачышчаную скуру твару. Першы слой — гэта молатыя аўсяныя шматкi, змешаныя з алiўкавым або сланечнiкавым алеем. Другi слой — сумесь 1 ч. лыжкi мёду i 2 ч. лыжак яблычнага соку. I трэцi слой — кефiр з некалькiмi кроплямi лiмоннага соку. Кожны слой акуратна i асцярожна па чарзе наносiцца праз пяць хвiлiн. Пачакайце, пакуль маска высахне, i змыйце яе цёплай вадой.
7. Пацешыць сябе ваннамi
Рэкамендуем мандарынавыя ванны. Дадайце ў ваду некалькi кропель мандарынавага алею (ён недарагi, можна без праблем набыць у аптэцы) або заварыце мандарынавую лупiну i вылiце адвар у ванну. Водар гэтага цытрусу павышае настрой, зараджае энергiяй.
8. Падарыць радасць целу
Наша цела таксама мае патрэбу ў доглядзе i падрыхтоўцы да Новага года. Вось просты i недарагi рэцэпт з iнгрэдыентаў, якiя ёсць амаль ва ўсiх.
Здрабнiце каву i змяшайце яе з мёдам. Масiруючымi рухамi нанясiце на ўсё цела пасля душу. Пакiньце на 10 хвiлiн, а затым змыйце цёплай вадой. Скура цудоўна ачышчаецца i выраўноўваецца, становiцца аксамiтнай i свежай. Затым можна нанесцi ўвiльгатняльную маску са смятаны або мёду са сметанковым маслам.
Калi пах кавы вам непрыемны, замянiце яе буйной соллю, пажадана марской. Вазьмiце жменю солi, дадайце трохi вады i нанясiце на цела. Памасажуйце i змыйце. Памятайце: расцiрацца ручнiком пасля гэтай працэдуры не рэкамендуецца — гэта можа прывесцi да раздражнення. Акуратна вытрыце цела ручнiком i нанясiце пажыўны крэм.
9. Не забыцца пра прагулкi i фiзiчную актыўнасць
Нават калi ў вашых планах i не значыцца знiжэнне вагi, рэкамендуем удзялiць увагу фiзiчнай актыўнасцi. Гуляйце па вечарах перад сном хаця б 15—20 хвiлiн, замянiце лiфт пад'ёмам па лесвiцы. Свежае паветра паляпшае настрой i сон, дорыць бадзёрасць. А гэта, паверце, спатрэбiцца вам у святочныя днi.
10. Наведаць лазню
Лазня — рэч вельмi карысная, асаблiва напярэдаднi навагоднiх свят. У парыльнi ўзмацняюцца абменныя працэсы, што прыводзiць да знiжэння вагi i паляпшэння стану скуры. Пад уздзеяннем высокiх тэмператур адкрываюцца i ачышчаюцца поры, выдаляецца змярцвелая скура i нармалiзуецца работа потавых i тлушчавых залоз.
Наведваць лазню пажадана не часцей як 1—2 разы на тыдзень i праводзiць у парылцы не больш за 10 хвiлiн за 1 заход.
Паколькi ў лазнi арганiзм страчвае шмат вадкасцi разам з потам, варта аднаўляць баланс, "не адыходзячы ад касы". Гэта значыць, менавiта ў лазнi, у зоне адпачынку. Аддавайце перавагу безалкагольным напоям: зялёнай гарбаце, травяным настоям або мiнеральнай вадзе без газу. Звярнiце ўвагу, ёсць супрацьпаказаннi! Не рэкамендуецца наведваць лазню людзям з наступнымi захворваннямi: пухлiнамi, бранхiяльнай астмай, эпiлепсiяй, варыкозным расшырэннем вен, iшэмiчнай хваробай сэрца, гiпертанiяй, а таксама пры вiрусных i бактэрыяльных iнфекцыях, якiя суправаджаюцца павышэннем тэмпература цела, i пры абвастрэннi хранiчных захворванняў.
Падрыхтавала Вольга КУЛIНКОВIЧ.