РОЗГАЛАС
Другі цягнік для рэгіянальных ліній прыбыў у краіну. Яго прывезлі са Швейцарыі на шасці грузавіках.
У Баранавічах састаў пройдзе мытнае афармленне і зборку, пасля чаго яго накіруюць у сталіцу для наладкі і праходжання перадэксплуатацыйных выпрабаванняў. Нагадаем, пра што днямі паведамляла "Звязда": з 19 лістапада адкрыўся рэгулярны рух электрацягнікоў рэгіянальных ліній па маршрутах Брэст — Баранавічы і Баранавічы — Мінск. У прэс-службе Беларускай чыгункі нагадалі, што сёлета ў краіну паступіла пяць цягнікоў швейцарскай вытворчасці: тры для гарадскіх ліній і два — для рэгіянальных. У наступным годзе паступяць яшчэ тры электрацягнікі для гарадскіх ліній і два — для рэгіянальных.
Сяргей РАСОЛЬКА.
Адзін чалавек пацярпеў пры выбуху ў гаражным кааператыве ў МінскуПаводле папярэдніх звестак, у аднапавярховым цагляным гаражным боксе ў Масюкоўшчыне меў месца выбух газапаветранай сумесі. У выніку адбылося ўзгаранне гаруча-змазачных матэрыялаў у гаражы і падвале на плошчы 5 кв. м. Акрамя таго, абрушыліся перакрыцці — шэсць жалезабетонных пліт на агульнай плошчы 48 кв. м. Таксама абрушыліся апорныя канструкцыі і перагародкі. Гэтыя разбурэнні закранулі тры боксы. Абломкамі будаўнічых канструкцый, якія разляцеліся, пашкоджаны шэраг уязных варот боксаў, размешчаных насупраць, і шэсць легкавых аўтамабіляў.
Ад выбуху пацярпеў знаёмы сына гаспадыні гаража — мужчына 1970 года нараджэння. Ён шпіталізаваны з дыягназам "узрыўная траўма лёгкай ступені, страсенне галаўнога мозга, удар мяккіх тканак патыліцы, вострая рана цемені, кампрэсійны пералом цела пазваночніка, тэрмаінгаляцыйная траўма, тэрмічныя апёкі галавы 1—2 ступеняў (2%)". На месцы здарэння працуе раённая камісія па НС. Устанаўліваюцца дакладныя прычыны і абставіны выбуху.
БЕЛТА.
Ад паездак у егіпецкія гарады, якія знаходзяцца за межамі курортаў, трэба ўстрымаццаМЗС Беларусі рэкамендуе беларускім грамадзянам устрымацца ад паездак у егіпецкія гарады, якія знаходзяцца за межамі курортных зон, за выключэннем выпадкаў крайняй неабходнасці. Аб гэтым паведаміў БЕЛТА начальнік упраўлення інфармацыі — прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Андрэй Савіных у сувязі з сітуацыяй у Егіпце.
ну і ну!
Рабаўніка, які ўцякаў з чужой сумкай, збіў аўтобусНяўдачай скончылася спроба рабаўніцтва для 20-гадовага мінчаніна: з адабранай у дзяўчыны сумкай ён не змог уцячы далёка — трапіў пад колы аўтобуса.
— А палове дванаццатай ночы 18-гадовая мінчанка, якая працуе прадаўцом, вярталася з працы. На вуліцы Калеснікава яна прысела на лаўку на аўтобусным прыпынку, паклаўшы побач сумку. Тут жа да яе падышоў малады чалавек, — расказвае прэс-афіцэр Фрунзенскага РУУС сталіцы Ала Галубовіч. — Ён спрабаваў завесці гутарку, але дзяўчына адвярнулася, прадэманстраваўшы, што не хоча размаўляць. Малады чалавек схапіў сумку і кінуўся ўцякаць цераз дарогу. У гэты час для пешаходаў гарэла чырвонае святло, і рабаўніка збіў аўтобус.
Кіроўца выклікаў "хуткую" і міліцыю. Маладому чалавеку пашчасціла: з чэрапна-мазгавой траўмай лёгкай ступені ўрачы адпусцілі яго дадому. А вось міліцыя завяла крымінальную справу па факце рабаўніцтва. Сума выкрадзенага перавышае 2 мільёны рублёў: у сумцы знаходзіўся мабільны тэлефон, MР3-плэер і грошы. Свой учынак мінчанін, які нідзе не працуе, растлумачыў тым, што хацеў такім чынам прыцягнуць да сябе ўвагу дзяўчыны, якая яму спадабалася.
Алена АЎЧЫННІКАВА.
Прысуд нядбайнаму вадзіцелюАсудзілі кіроўцу, па віне якога загінулі ў аварыі пасажыркі яго аўто — жанчына з малым дзіцем і медсястра, якая таксама ехала ў гэтай машыне. "Звязда" ў лютым паведамляла пра гэтую жудасную трагедыю...
Як паведаміў "Звяздзе" Аляксандр Сашчэка, пракурор аддзела па наглядзе за следствам у органах унутраных спраў, жыхар Браслава папрасіў знаёмага з'ездзіць у полацкі радзільны дом, каб прывезці жонку і дачку, якой было менш за два тыдні, дадому — у Браслаў. Забраўшы з медыцынскай установы маці і нованароджаную, а таксама медсястру, якая папрасіла давезці яе, кіроўца і пасажыры рушылі назад.
На дарозе Полацк—Міёры—Браслаў кіроўца пры павароце налева не саступіў дарогу сустрэчнаму аўтамабілю "Vоlkswаgеn Shаrаn", які рухаўся па сваёй паласе. У выніку чаго і адбылося сутыкненне.
Пасажыркі аўто, кіроўца якога парушыў правілы, загінулі на месцы дарожна-транспартнага здарэння. Прысудам суда віноўнік ДТЗ асуджаны да чатырох гадоў пазбаўлення волі. Пры гэтым ён пазбаўлены права кіраваць транспартнымі сродкамі на пяць гадоў.
Аляксандр ПУКШАНСКІ.