Статкевіч: у мяне ўсё нармальна, працую на пілараме, чытаю газеты і кніжкі
Сустаршыня БХД Павал Севярынец, які адбывае пакаранне за Плошчу-2010 на спецпасяленні ў вёсцы Куплін Пружанскага раёну, атрымаў першы за час перабывання на «хіміі» ліст са шклоўскай калоніі ад іншага палітзняволенага, экс-кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча.
Прэс-службе БХД Севярынец паведаміў, што ліст ад Статкевіча, падпісаны 14 лістапада, ішоў да яго больш за тыдзень. Доўгі шлях гэтага ліста адзначаны пазнакамі: 15 лістапада — дазвол цэнзара, 19 лістапада — шклоўскі штэмпель, 22 лістапада — пружанскі штэмпель.
З ліста Севярынец даведаўся, што Статкевіч атрымаў 3 з 5 ягоных лістоў. Не дайшоў да Паўла і адзін ліст Міколы Статкевіча, дасланы яму ў адказ.
Паводле Севярынца, Статкевіч дзякуе за падтрымку і перадае прывітанне ўсім знаёмым. Павал прывёў цытату з гэтага ліста:
«У мяне ўсё нармальна, працую на пілараме, чытаю газеты і кніжкі. Можна было б сказаць, што адаптаваўся да гэтага месца, каб не пастаянныя гадасьці ці чаканні іх з боку тых, хто мае каманду «выдраць» з мяне гэтае «прашэнне». Але чалавек — вельмі адаптыўная істота, і да стану гатоўнасці, да «сюрпрызаў» таксама прывыкаеш.
Дарэчы, на прапановы «папрасіцца» я цяпер адказваю так: «А што мне там рабіць, на той свабодзе? Там зараз такія кошты, а тут кашай накормяць, спаць пакладуць і на працу ехаць не трэба — пешкі дайсці можна». Хаця, калі б усім зэкам тут зрабілі такую прапанову — папрасіцца і выйсці на волю, то праз дні тры ў калоніі застаўся б толькі адзін зэк :)
Перадавайце прывітанні ўсім агульным знаёмым, найперш Зміцеру (Дашкевічу). Спадзяюся, што ён, як і вы таксама, хутка будзе на волі».
Павал Севярынец кажа, што вельмі ўражаны мужнасцю Міколы Статкевіча, перажывае і моліцца за яго і ўсіх іншых палітвязняў, якія зараз знаходзяцца ў калоніях і турмах Беларусі.