ААТ "Навагрудскі масларобны камбінат": "Мы вырабляем прадукты харчавання — і гэтым усё сказана"
ААТ "Навагрудскі масларобны камбінат" — адно з вядучых прадпрыемстваў у Гродзенскай вобласці па перапрацоўцы малака. У асартымент прадукцыі, якую тут вырабляюць, уваходзяць: масла з каровінага малака, сухія малочныя прадукты, сыры паўцвёрдыя, расольныя і мяккія, натуральная малочная прадукцыя, сыры плаўленыя, заменнікі натуральнага малака, казеін тэхнічны. Усяго ў асартыментным пераліку больш за 80 найменняў. З 2006 года ўся прадукцыя выпускаецца пад фірменным зарэгістраваным брэндам — "Навагрудскія дары".
Харчовая прадукцыя Навагрудскага масларобнага камбіната найперш вызначаецца сваімі высокімі смакавымі якасцямі, прычым з мэтай захавання тых жа смакавых якасцяў, натуральнасці ў яе не ўносяць якія-небудзь кансерванты, штучныя дабаўкі і г.д., а кісламалочныя прадукты тут увогуле называюць жывымі. Усе адпаведныя тэхналагічныя навацыі звычайна робяць для падаўжэння тэрмінаў захоўвання малочных прадуктаў. На навагрудскім прадпрыемстве ахвяруюць гэтымі тэрмінамі менавіта на карысць якасці і дзеля захавання максімальнай натуральнасці прадуктаў.
Вытворчасць камбіната атэставана на яе адпаведнасць патрабаванням міжнародных стандартаў ІSО 9001 (сістэма кіравання якасцю), а яе найбольш важныя кірункі — і на адпаведнасць патрабаванням сістэмы НАССР (сістэма захавання бяспекі прадукцыі для спажыўца). Больш за 80 працэнтаў прадукцыі Навагрудскага масларобнага камбіната экспартуецца, пераважна ў Расію.
У склад Навагрудскага масларобнага камбіната, акрамя асноўнай вытворчасці непасрэдна ў самім Навагрудку, уваходзяць таксама цэх па вытворчасці сыру ў гарадскім пасёлку Любча і Карэліцкі масласырзавод (вытворчасць сыроў, заменнікаў натуральнага малака і казеіну тэхнічнага).
Вытворчыя магутнасці Навагрудскага масларобнага камбіната дазваляюць перапрацоўваць да 560 тон малака за суткі, а ў бліжэйшыя гады аб'ёмы вытворчасці плануецца павялічыць амаль у 2 разы.
Прадукцыя камбіната шматразова адзначалася на многіх рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах, у прыватнасці — на рэспубліканскіх конкурсах "Густ", "Лепшая прадукцыя года" і іншых. (Як казалі на прадпрыемстве, не хапае сцен, каб вывесіць усе адпаведныя дыпломы.) Не так даўно, у кастрычніку, на рэспубліканскім конкурсе якасці сыроў былі вызначаны лепшыя сыраробы. Усяго на гэты конкурс было прадстаўлена 86 узораў сыроў. Па выніках конкурсу названы 4 прадпрыемствы-пераможцы, у іх ліку і Навагрудскі масларобны камбінат. У прыватнасці, пераможнымі дыпломамі І ступені адзначаны сыры камбіната "Адыгейскі" і "Дыетычны", а таксама вэнджаная "Саломка сырная да піва". Тут жа асабліва падкрэслім, наконт "саломкі" — найвыдатнейшы прадукт. Напэўна, зразумела ўжо: нам прапанавалі яе прадэгуставаць.
Аднак непасрэдна пра тое, як на камбінаце дабіваюцца адпаведнай якасці, яшчэ будзе сказана ніжэй, а цяпер пра тое, што падчас яго наведвання пакідае найпершае і найбольш моцнае ўражанне...
Гэта, вядома ж, — выключная, практычна стэрыльная чысціня ў вытворчых памяшканнях прадпрыемства, чысціня, якую, можа, не знойдзеш і ў іншым хірургічным пакоі... На прадпрыемстве ўстаноўлены строгі санітарны рэжым. Працаўнікі камбіната (а дакладней — працаўніцы: жанчын тут — пераважная колькасць) перад пачаткам змены абавязкова праходзяць праз санпрапускнік, прымаюць душ, апранаюць чыстае санітарнае рабочае адзенне і пасля гэтых папярэдніх падрыхтоўчых працэдур выходзяць зусім праз іншыя, "чыстыя", дзверы непасрэдна на вытворчасць. Пры ўсім гэтым яны павінны таксама быць абсалютна здаровымі: так званы гераізм, калі чалавек кашляе і чхае, але ўсё роўна імкнецца на працу, — на камбінаце не ў пашане, ён тут увогуле не прымаецца. Зразумела, усё гэта для таго, каб забяспечыць тую ж выключную чысціню вытворчасці і яе тэхналагічных працэсаў, а ў канчатковым выніку — чысціню, якасць і поўную бяспеку непасрэдна самой прадукцыі. Усяго гэтага патрабуюць нормы той жа сістэмы НАССР, якая клапоціцца аб выключнай бяспецы прадукцыі, якая вырабляецца для спажыўца, для пакупніка; гэтага патрабуюць адпаведныя санітарныя нормы да малочнай вытворчасці.
Непасрэдна ў вытворчых памяшканнях прадпрыемства, так бы мовіць, — ні пылінкі. Практычна ўсё тэхналагічнае абсталяванне — з гігіенічнай нержавейкі; яно пры гэтым праходзіць санітарную апрацоўку. На камбінаце ёсць спецыяльны ўчастак па цэнтралізаванай аўтаматычнай санітарнай апрацоўцы абсталявання, на якім рыхтуюцца спецыяльныя мыйныя растворы і з якога і ажыццяўляецца ўвесь "памывачны" працэс. Прычым пасля заканчэння гэтага працэсу яго якасць абавязкова праверыць спецыяліст мікрабіялагічнай лабараторыі. Адным словам, проста немагчымыя ўмовы створаны на камбінаце для існавання якога-небудзь мікроба. Затое, зноў-такі, можа быць цалкам спакойны спажывец. "Мы вырабляем прадукты харчавання, кормім людзей, і гэтым усё сказана", — падкрэсліваюць тут.
***
— Якасць і бяспека канчатковага прадукту залежаць таксама і ад дасканалай карпатлівай прыёмкі малака, — зазначае начальнік вытворчай лабараторыі камбіната Людміла Цішук. — Усё яно, перш чым патрапіць непасрэдна ў вытворчасць, павінна прайсці дэталёвае даследаванне па фізіка-хімічных паказчыках — на кіслотнасць, на ўтрыманне ў ім масавай долі тлушчу, на шчыльнасць, чысціню (або механічную забруджанасць) і, што сёння асабліва важна, на ўтрыманне ў ім антыбіётыкаў і інгібіруючых рэчываў. Прычым праверка малака на антыбіётыкі праводзіцца ў тым ліку і з дапамогай даволі папулярнага цяпер у малакаперапрацоўшчыкаў і вельмі дакладнага метаду ІФА (імунаферментнага аналізу).
Тут жа, на прыёмцы, вызначаецца і сортнасць малака. Пры гэтым яно сёння амаль усё (каля 80 працэнтаў), кваліфікуецца як малако вышэйшага сорту і сорту "экстра", і практычна ўсё астатняе малако ідзе першым сортам (толькі 0,1 працэнта яго адносяць да другога сорту). Адпаведна, у залежнасці ад таго ці іншага сорту малака яно накіроўваецца на адну з трох прыёмных ліній і, адпаведна, ідзе на выраб той ці іншай прадукцыі. Найлепшае малако паступае на вытворчасць сыру...
У сыравінную зону Навагрудскага масларобнага камбіната ўваходзяць гаспадаркі Навагрудскага і Карэліцкага раёнаў, а таксама адна з гаспадарак Іўеўскага раёна (усяго іх — 22). З усімі гаспадаркамі ўстаноўлены трывалыя сувязі; спецыялісты камбіната рэгулярна наведваюць іх, дапамагаючы закладваць тую ж якасць канчатковага прадукту непасрэдна на малочнатаварных фермах. Для гаспадарак у цэнтралізаваным парадку купляюцца мыйныя сродкі, якія выкарыстоўваюцца там для падтрымання ў належным парадку даільна-халадзільнага абсталявання, а таксама спецыяльныя прыборы па кантролі якасці малака; аказваецца і належная кансультацыйная дапамога. Прадстаўнікі гаспадарак таксама даволі частыя госці на камбінаце, на якім, у прыватнасці, у першую чаргу знаёмяцца з тым, як тут ацэньваюць іх малако па якасных паказчыках.
Усяго на камбінаце 7 лабараторый, у якіх працуе немалая колькасць людзей — 36 чалавек, супрацоўнікі — у асноўным тэхнолагі... Сыравінная зона Навагрудскага масларобнага камбіната чыстая ў "радыеактыўных" адносінах, тым не менш, сыравіна праходзіць кантроль і на наяўнасць у ёй радыеактыўных рэчываў. "На ўсялякі выпадак".
— Ці паступаюць на камбінат якія-небудзь прэтэнзіі адносна якасці яго малочных прадуктаў? — запыталіся мы ў Людмілы Цішук.
— Прэтэнзія толькі адна, — адказала яна, — чаму мала нашай прадукцыі ў тым ці іншым магазіне таго ці іншага рэгіёна?..
Застаецца дадаць: безумоўна, даволі прыемная для працаўнікоў Навагрудскага камбіната прэтэнзія.
***
Навагрудскі масларобны камбінат называюць перспектыўным прадпрыемствам. І не выпадкова. Камбінат у апошнія гады вельмі інтэнсіўна развіваўся і развіваецца. Па сутнасці, на месцы ранейшага прадпрыемства тут створаны новы завод; у цэхах з'явіліся новыя аўтаматы па пастэрызацыі прадукцыі, па яе фасоўцы, бактафугі. Найбольш пераканаўчым сведчаннем гэтага развіцця служаць тыя аб'ёмы інвестыцый, якія ўкладваюцца ў вытворчасць. А яны, апошнім жа часам, штогод складалі каля 9—10 мільярдаў рублёў; сёлета дасягнулі 12 мільярдаў.
У 2006 годзе на камбінаце ажыццёўлены, па сутнасці, самы маштабны за апошні час праект: тут уведзены ў эксплуатацыю цэх па вытворчасці цвёрдых сыроў галандскай групы магутнасцю 10 тон за суткі (да гэтага сыры на галаўным прадпрыемстве не выпускаліся). Цэх аснашчаны сучасным тэхналагічным абсталяваннем польскай фірмы АBRАM; усе тэхналагічныя працэсы ў ім, па сутнасці, завязаны ў адну аўтаматычную лінію. З уводам гэтага цэха на камбінаце асвоілі вытворчасць сыроў "Галандскі. Прэміум", "Гаўда-Бел", "Эдам Навагрудскі" і іншых. Усяго ж на камбінаце, з улікам вытворчасці сыроў на яго філіялах (а таксама з улікам выпуску і мяккіх сыроў), іх цяпер вырабляецца каля 20 відаў.
Зразумела, на кожны від сыру знаходзіцца свой спажывец. Тым не менш, не так даўно з'явіліся на навагрудскім прадпрыемстве і такія віды сырнай прадукцыі, якія былі прыняты спажыўцом з асаблівай павагай і з асаблівым ажыятажам. Гэта сыр "Мантэрэй", які ўжо адразу многім прыйшоўся даспадобы сваімі асаблівымі смакавымі якасцямі, а таксама сваімі буйнымі вочкамі на разрэзе, утворанымі жыццядзейнасцю спецыяльных бактэрый, якія ўваходзяць у спецыяльную ж закваску і падчас сваёй дзейнасці выпрацоўваюць вуглякіслы газ, а ён, у сваю чаргу, і ўтварае тыя ж вочкі. Яшчэ адзін з новых сырных прадуктаў камбіната, які адразу ж заваяваў добрую папулярнасць, — "Саломка сырная да піва", пра якую ўжо зазначана вышэй.
На камбінаце падкрэсліваюць: сёння яго прадукты перапрацоўкі малака не ўступаюць лепшым еўрапейскім узорам. Зрэшты, гэта сцвярджэнне мае на ўвазе не толькі сам адпаведны факт, але і адпаведную і добра зразумелую мэту, якую тут і не ўтойваюць: прарыў на заходнееўрапейскі рынак. Але пра гэта крыху ніжэй. Тут жа варта падкрэсліць: сённяшні тэхнічна-тэхналагічны ўзровень вытворчасці камбіната відавочна здольны вытрымаць не толькі расійскую экспертызу (а такая экспертыза, зразумела, была і тут), але, можна смела меркаваць, і заходнееўрапейскую.
***
Тэхнічная мадэрнізацыя, як падкрэсліваюць на камбінаце, закранула практычна ўсе яго вытворчасці, хіба толькі не ў поўнай меры дайшла яна да цэха па вытворчасці малочнай натуральнай прадукцыі, але гэта, вядома ж, як кажуць, справа часу. І, напэўна, найбольш за ўсе адпаведныя змены можна заўважыць на філіяле камбіната ў Карэлічах (раней гэта было асобнае прадпрыемства, але ў 2004 годзе далучана да Навагрудскага камбіната). На карэліцкім прадпрыемстве давялося бываць яшчэ раней, да яго далучэння, і, адпаведна, можна ўбачыць тыя змены, якія зараз там адбываюцца і, вядома, параўнаць.
— З 2008 года праходзім капітальную рэканструкцыю, — расказвала начальнік Карэліцкага філіяла Раіса Валчок. — Летась увялі ў эксплуатацыю цэх па вырабе заменнікаў натуральнага малака, склад для захоўвання кампанентаў. Раней вось тут быў кампрэсарны цэх — літаральна ўсё тут аднавілі: памянялі пліты перакрыццяў, абуладкавалі наліўную падлогу, устанавілі шклопакеты, ралеты... Словам, ранейшага памяшкання — не пазнаць...
— Увогуле, змены на прадпрыемстве вельмі вялікія... На атэстацыю вытворчасці па патрабаваннях ІSО, НАССР пакуль што не прэтэндуем, не цягнем, але гэта пакуль што; пакуль жа мы яшчэ ў стадыі рэканструкцыі. Напрыклад, нядаўна ўстанавілі абсталяванне ў апаратным цэху, і цяпер ідзе яго абвязка. А вось па санпрапускніку ўжо ўсё зроблена...
Карэліцкі філіял цяпер перапрацоўвае 8 тон малака за суткі, а ў перспектыве — 100 тон. У Карэлічах у асноўным выпускаюць заменнікі натуральнага малака і казеін тэхнічны. Сыроў пакуль што выпускаецца (па аб'ёмах) няшмат: не дазваляюць тая ж рэканструкцыя і, адпаведна, адсутнасць магчымасці прымаць больш малака. Затое ў арсенале менавіта карэліцкага філіяла — тая ж папулярная "саломка".
***
Ужо зазначана: больш за 80 працэнтаў прадукцыі камбіната адпраўляецца на экспарт. Пры гэтым сёлета аснову экспарту складае сухі малочна-сыроватачны канцэнтрат, раней у аснове экспарту былі масла і сыры. У сувязі з гэтым на камбінаце асабліва падкрэсліваюць: сёння ў аснове паспяховай работы, у тым ліку і ў аснове паспяховай экспартнай дзейнасці, павінны ляжаць гібкасць вытворчасці, уменне хутка пераналаджваць яе з выпуску адных відаў прадукцыі на іншыя, гібкасць той жа экспартнай палітыкі, увогуле — уменне працаваць менавіта ва ўмовах рынку, уменне хутка арыентавацца ў яго запытах і тут жа адказваць на гэтыя запыты. Сёння ўсё гэта ў дзейнасці калектыву відавочна атрымліваецца, прычым няблага. Рост таго ж экспарту за 10 сёлетніх месяцаў склаў каля 105 працэнтаў, пры гэтым летась за гэты ж перыяд было экспартавана прадукцыі на суму амаль 31,5 мільёна долараў, сёлета — амаль на 33 мільёны.
А дзе можна знайсці прадукцыю навагрудскага прадпрыемства на ўнутраным рынку? Пераважна яна адпраўляецца ў гандлёвую сетку Гродзеншчыны і ў Мінск. У прыватнасці, у найбольш буйныя гандлёвыя аб'екты сталіцы — у гіпермаркеты "Еўрагандаль", "Прастор", "Алмі" і іншыя.
***
І на заключэнне — інтэрв'ю з дырэктарам Навагрудскага масларобнага камбіната Аляксандрам Бірам. Аднак спачатку крыху прадставім яго.
Аляксандр Андрэевіч Бір закончыў Ленінградскі тэхналагічны інстытут па спецыяльнасці "Іінжынер-механік па халадзільным абсталяванні". Размеркавалі на Лідскі малочна-кансервавы камбінат. Працаваў тут спачатку галоўным механікам, потым галоўным інжынерам. З мая 2005 года — дырэктар Навагрудскага масларобнага камбіната.
Аляксандру Біру па выніках 2010 года прысвоена званне "Лепшы кіраўнік арганізацыі перапрацоўчай прамысловасці".
Такім чынам, інтэрв'ю.
— Аляксандр Андрэевіч, прадэгуставалі вашы асобныя сыры — яны сапраўды выдатныя. Але, тым не менш, напэўна, ужо адразу варта адзначыць крыху іншае — выключную чысціню і санітарны стан вашай вытворчасці. Прычым кажуць, непасрэдна сам дырэктар вельмі моцна прыклаў да гэтага руку?
— Усё гэта, тая ж чысціня і санітарны стан, з'яўляецца асновай для захавання тэхналогій, агульнага парадку на вытворчасці. А што датычыць рукі дырэктара, дык ён, як адміністратар, павінен належным чынам сачыць за строгім і абавязковым захоўваннем агульных санітарных правілаў і нормаў. Увогуле ж, у ідэале, у малочнай прамысловасці менавіта так і павінна быць: паўсюль узорная чысціня і санітарыя, узорны парадак. Да гэтай узорнасці павінны імкнуцца ўсе, да гэтага ўсіх падштурхоўвае і дзяржава. Мы павінны прыводзіць вытворчасць да таго ўзроўню, які называецца еўрапейскім. Мы павінны быць гатовымі да таго, каб адгружаць сваю прадукцыю менавіта ў Еўропу.
— У вас такое відавочнае імкненне...
— Так, адпаведнае імкненне ёсць, ёсць і адпаведныя планы. І гэта, у рэшце рэшт, павінна адбыцца. Вядома, хацелася б, каб усё было хутчэй, але існуюць пэўныя нюансы, звязаныя з магчымасцямі крэдытавання, набыццём неабходнага абсталявання і г.д. А ўвогуле, адпаведныя планы па выхадзе на заходнееўрапейскі рынак датычаць не толькі нас. Мы ўключаны ў спіс прадпрыемстваў, якія на гэтым этапе могуць быць (падкрэслю: могуць быць) правераны на гэты конт спецыялістамі ЕС. Адпаведна, і рыхтуемся да гэтага.
— Скажыце, калі ласка, сёння працаваць больш складана?
— А працаваць ніколі не бывае проста. Нават тады, калі ўсё добра прадаецца, — а гэта галоўная ўмова паспяховай дзейнасці. У любым выпадку сродкаў усё роўна не хапае, іх практычна заўсёды патрабуецца нашмат больш, чым прадпрыемства за сваю прадукцыю на самой справе можа атрымаць. Гэта перш за ўсё звязана з аказаннем вялікай дапамогі сельскай гаспадарцы. Як перапрацоўшчыкі сельскагаспадарчай сыравіны, мы плацім за гаспадаркі па многіх пазіцыях. Вядома, усё гэта небеззваротна. Але пры гэтым адносіны гаспадарак з намі будуюцца на прынцыпах узаемазалікаў, а вось мы вымушаны рабіць адпаведныя плацяжы, як кажуць у народзе, жывымі грашыма. І чым больш заробім, тым больш абавязаны плаціць наперад. Трэба таксама ўлічваць і тое, што і кошт сыравіны пастаянна расце. Напрыклад, сыравіны цяпер паступае недзе ў 1,5 раза менш, чым летам, а сума нашых плацяжоў — большая. Словам, за меншую колькасць сыравіны плацім цяпер больш.
<І>Неабходнае дапаўненне да слоў кіраўніка. Мы ўзялі ў эканамістаў звесткі аб рабоце камбіната за сёлетні перыяд. Адлюстраваны ў іх і цэны на малако. Дык вось, калі летась у верасні тона малака для камбіната каштавала ў сярэднім 937000 рублёў, то сёлета — 1739200 (рост 185,7 працэнта), адпаведна, за 9 месяцаў маем 822700 і 1303200 рублёў (рост 158,4 працэнта)... Шчыра сказаць, да гэтай паездкі мы, маючы на ўвазе цяперашнія рознічныя цэны на малочныя прадукты, задаваліся пытаннем: у каго ж асядае гэты адпаведны "лішні тлушч"? А пры гэтым меркавалі: ну, вядома ж, у перапрацоўшчыкаў. Аказваецца, не. Больш за тое, цэны на іх асобныя прадукты па-ранейшаму рэгулююцца, і асобныя з гэтых прадуктаў нават з'яўляюцца стратнымі. Пэўныя высновы можна зрабіць і зыходзячы з паказчыка рэнтабельнасці... Аднак пакінем больш дэталёвы аналіз па раскладцы таго ж "лішняга тлушчу" для "чыстых" эканамістаў.
— Аляксандр Андрэевіч, ужо адзначалася: з цягам часу вы мяркуеце выйсці на нарошчванне аб'ёмаў вытворчасці ў 2 разы. Але ж як вы гэта зробіце, калі ўжо цяпер сыравіны не хапае?
— Па-першае, сёлета на ўзроўні ўрада было прынята рашэнне нарасціць да 2015 года вытворчасць сыравіны да ўзроўню 2010-га на 80 працэнтаў. Таму нам і трэба развіваць свае магутнасці далей. Гэта тым больш трэба рабіць, што да перапрацоўшчыкаў даведзена заданне атрымаць валавога ўнутранага прадукту да таго ж 2015 года ў 2 разы больш. Аднак, як бачым, нарошчванне вытворчасці сыравіны для сельскай гаспадаркі і намечаны рост для перапрацоўшчыкаў не адпавядаюць адно аднаму, карацей — з чаго нам атрымаць недастаючыя 20 працэнтаў таго ж прадукту? Гэта належыць зрабіць за кошт унутраных рэзерваў. Тут могуць быць задзейнічаны і глыбіня перапрацоўкі малака, і іншыя моманты. Словам, трэба менавіта развіваць вытворчасць далей, арыентавацца пры вырабе прадукцыі на розныя кірункі, умець хутка перастройвацца з аднаго кірунку на другі... Усё гэта азначае, што наша вытворчасць павінна быць вельмі гібкай. І гэта асабліва важна для нашай малочнай галіны, у якой, як ні ў якой іншай, бываюць розныя збоі пры продажы прадукцыі на экспарт: так, сёння добра прадаецца масла, а заўтра ўжо не, і на рынку дамінуе іншы від прадукцыі... Я ва ўсім гэтым адводжу немалую ролю нашым філіялам, якія апошнім часам вельмі моцна развіваюцца, а ў іх развіццё, адпаведна, укладваюцца даволі вялікія сродкі. Па сутнасці, будуецца невялікі завод у Любчы, пераабсталёўваецца вытворчасць у Карэлічах. Гэта значна павысіць тую ж вытворчую гібкасць у нашай працы як на ўнутраным рынку, так і пры экспарце і, увогуле, дазволіць дабраць тыя ж недастаючыя 20 працэнтаў валавога ўнутранага прадукту.
— Аляксандр Андрэевіч, мы ўсё пра тэхналогію, а яна ў рэшце рэшт выконваецца людзьмі...
— Безумоўна. І тут павінна быць так: ствары для людзей належныя ўмовы, а ўжо потым можаш спытаць. У нас, лічу, створаны неблагія ўмовы для працы: ну вось, скажам, належным чынам абсталяваны і бытавыя памяшканні, і кабінеты. А возьмем такую, з дазволу, дэталь: на камбінаце больш за 120 камп'ютараў. Прычым гэта не дзеля, так сказаць, паказухі: камп'ютары па-сапраўднаму задзейнічаны; у нас, па сутнасці, поўнасцю камп'ютарызаваны ўсе тэхналагічныя працэсы. Камп'ютарызацыя вытворчасці дазваляе мець заўсёды пад рукой аператыўную інфармацыю. У сваю чаргу аператыўнасць інфармацыі — гэта аператыўнасць прыняцця найбольш правільных рашэнняў. І мы гэтага стану, па кіруемасці вытворчасці, дасягнулі.
Тым не менш, напрыканцы нашай размовы зноў-такі падкрэслю: у аснове паспяховай дзейнасці прадпрыемства павінны ляжаць менавіта высокая культура вытворчасці, высокая санітарыя. І вось тут варта сказаць пра самае галоўнае: што датычыць нашых людзей, яны навучыліся працаваць, граматна, акуратна, навучыліся прытрымлівацца тых высокіх стандартаў, якія мае на ўвазе тая ж культура вытворчасці і якія няўхільна дзейнічаюць у нас.
Іван БАРАНОЎСКІ, Яўген ПЯСЕЦКІ (фота).
УНП 500024808.