Тытунёвая фабрыка "Нёман" выпускаць супрацьпажарныя цыгарэты пакуль не плануе

Источник материала:  
18.11.2011 14:32 — Новости Общества

Тытунёвая фабрыка "Нёман" выпускаць супрацьпажарныя цыгарэты пакуль не плануе


Класічныя тытунёвыя вырабы ў еўрапейскіх крамах і шапіках 17 лістапада змянілі цыгарэты новага тыпу - з так званай нізкай схільнасцю да гарэння.

Такім чынам Еўракамісія спадзяецца зменшыць колькасць пажараў з-за непатушаных цыгарэт: цыгарэта са спецыяльнай паперы павінна сама згаснуць праз хвіліну пасля апошняй зацяжкі.

Ці паўплывае еўрапейскае новаўвядзенне на асартымент прадукцыі Гродзенскай тытунёвай фабрыкі “Нёман”, карэспандэнт “Твайго стылю” даведаўся ў намесніка генеральнага дырэктара фабрыкі Дзмітрыя Анатольевіча Чугая.

Дзмітрый Чугай:

- Пакуль мы замовілі ў вытворцаў узоры паперы з нізкай схільнасцю да гарэння. Калі дашлюць – будзем даследваць. Мы яшчэ не ведаем яе хімічнага складу, і якія шкодныя рэчывы яна выдзяляе падчас гарэння, а ў нас яны рэгламентуюцца. Патрэбныя даследванні, каб ведаць, як гэта адаб’ецца на здароўі. Гэтая папера ў 10-11 разоў даражэйшая за тую, якую мы выкарыстоўваем зараз, і набываць яе давядзецца за валюту. А значыць і кошт прадукцыі павялічыцца адпаведна. Ды і вытворцы паперы новага тыпу, іх здаецца толькі два ў Еўропе, наўрад ці будуць здольныя задаволіць усе патрэбы.

Вытворчасць паперы для вырабу нават звыклых цыгарэт справа няпростая і вельмі энергаёмістая. Гродзенская тытунёвая фабрыка “Нёман” набывае цыгарэтную паперу за валюту ў Аўстрыі, Францыі, Чэхіі. Заяўка накіроўваецца як мінімум за 2 месяцы, атрымаць паперу хутка - нерэальна, таму фабрыка вымушаная заўсёды на ўсялякі выпадак трымаць на складзе запас. Калі ўлічыць, што заходні кірунак у “Нёмана” не асноўны, фабрыка мае час пралічыць мэтазгоднасць выпуску прадукцыі з супрацьпажарнай паперы.

Цяжкаўзгаральная папяросная папера не павінна ўплываць ні на смак, ні на якасць цыгарэт, аднак медыкі непакояцца, што зацягвацца пры паленні цяпер давядзецца часцей, а гэта прывядзе да павелічэння спажывання тытуню.

Паводле звестак за 2003-2008 гады, паленне з’яўляецца прычынай каля 30 тысяч пажараў у Еўропе штогод. Ад іх штогод гінуць ад 500 да 1000 чалавек і больш за 4 тысячы атрымліваюць траўмы.

Натхняльным для ЕС стаў вопыт Фінляндыі, дзе, пасля пераходу на цыгарэты з нізкай схільнасцю да гарэння, удалося на 43% знізіць колькасць смяротных выпадкаў у выніку пажараў з-за незатушанай цыгарэты.

Цыгарэты, зробленыя з выкарыстаннем звычайнай цыгарэтнай паперы, застануцца ў еўрапейскім продажы да сканчэння запасаў на складах. 

←Рубинов: белорусы забежали несколько вперед по росту благосостояния

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика