Куды зніклі курганы ранняга сярэднявечча?
На жаль, мы яшчэ не зусім навучыліся захоўваць тое, што засталося нам у спадчыну ад далёкіх продкаў. Органамі пракуратуры Віцебскай вобласці ў выніку праведзенай праверкі выканання мясцовымі выканаўчымі органамі заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны, напрыклад, выяўлена мноства парушэнняў. Высветлілася, што ў цэлым па вобласці па-ранейшаму, за выключэннем Дубровенскага раёна, адсутнічаюць рэгіянальныя праграмы па ахове гісторыка-культурнай спадчыны.
Грошай выдзяляюць больш, але...
Агульная сума бюджэтных грошай, выдзеленых і выкарыстаных на правядзенне рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ на аб'ектах гісторыка-культурнай спадчыны за мінулы год і першае паўгоддзе гэтага адпаведна складае 24,7 мільярда рублёў і больш за 30,4 мільярда рублёў. Гэта сродкі мясцовага бюджэту і ўласнікаў. А ў шэрагу раёнаў грошы на названыя мэты і летась і сёлета не выдзяляліся. Гэта Віцебскі, Чашніцкі, Гарадоцкі, Аршанскі, Талачынскі раёны, а таксама горад Орша.
У цэлым, як паведаміла "Звяздзе" Валянціна Хадасевіч, старшы памочнік пракурора Віцебскай вобласці па наглядзе за выкананнем прыродаахоўнага заканадаўства, нягледзячы на прынятыя ў 2010 годзе органамі пракуратуры меры рэагавання, многія з выяўленых у працэсе папярэдняй праверкі парушэнняў не ліквідаваны да цяперашняга часу. У прыватнасці, па-ранейшаму нявырашаным застаецца пытанне з усталяваннем на ўсіх аб'ектах, якія маюць гісторыка-культурную каштоўнасць, ахоўных дошак. Напрыклад, у Оршы ў працэсе выбарачнай праверкі пракурорамі выялены факты адсутнасці ахоўных дошак на чатырох аб'ектах. У тым ліку і чыгуначным вакзале, корпусе былога кляштара францысканцаў. У Віцебску ахоўныя дошкі адсутнічаюць аж на 99 аб'ектах з 236, ва Ушацкім раёне — на 22 з 34, у Полацкім раёне — на 28 з 58...
У большасці выпадкаў ахоўныя дошкі адсутнічаюць на помніках археалогіі для таго, каб, як тлумачаць адказныя асобы мясцовых выканаўчых камітэтаў, прадухіліць... пашкоджанні такіх помнікаў "чорнымі капальнікамі". Між тым, па-ранейшаму дапускаюцца факты, якія сведчаць пра тое, што адсутнасць ахоўных дошак на аб'ектах з'яўляецца адной з прычын іх знікнення.
Куды зніклі курганы?
У Докшыцкім раёне выявілі адсутнасць курганнага могільніка перыяду ранняга сярэднявечча і 20 курганных пахаванняў перыяду ранняга сярэднявечча ў вёсцы Казлы. У чэрвені пры правядзенні супрацоўнікамі Інстытута гісторыі НАН Беларусі інвентарызацыі археалагічных аб'ектаў, акрамя названых, не выяўленыя курганныя могільнікі яшчэ ў дзвюх вёсках.
Таксама падчас праверкі стала вядома, што ў Талачынскім раёне аж з 1996 года ў сувязі з гібеллю ўласніка з'яўляецца безгаспадарчым вадзяны млын ХІХ стагоддзя, размешчаны ля аўтадарогі Талачын — Круглае. На млыне няма ахоўнай дошкі, адсутнічае ахоўнае абавязацельства. Дарэчы, на гэта звярталася ўвага яшчэ пры папярэдняй праверцы.
Не вызначаны ў гэтым жа раёне і ўласнікі курганнага могільніка Х—ХІІ стагоддзяў каля вёскі Загароддзе, курганнага могільніка каля вёскі Слаўнае і каменнага слупа ХVІІІ стагоддзя ў вёсцы Ганчароўка.
Не ў поўным аб'ёме выконваюцца патрабаванні адпаведнага артыкула Закона ў частцы неабходнасці афармлення на кожную гісторыка-культурную каштоўнасць пашпартоў і ўліковых картак. Напрыклад, па ўсіх аб'ектах, якія адносяцца да гісторыка-культурным каштоўнасцяў, не запоўнены пашпарты ў Шумілінскім — 33, Расонскім — 43, Чашніцкім — 14, Шаркоўшчынскім —18 і іншых раёнах, а таксама ў Оршы — 25.
А што з праектнай дакументацыяй?
Па-ранейшаму праблемным з'яўляецца пытанне аб распрацоўцы праектнай дакументацыі зон аховы на аб'екты гісторыка-культурнай спадчыны з рэжымамі іх утрымання і выкарыстання. Выключэнне складаюць Віцебск, Полацк і Орша, у складзе генеральных планаў якіх для большай часткі размешчаных у іх аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны прадугледжаны ахоўныя зоны. Толькі па 1 аб'екце з 48 маецца праект зоны аховы ў Браслаўскім раёне (распрацаваны сёлета на аб'ект "Гарадзішча "Замкавая гара" ў г. Браславе"), па 1 з 49 у Гарадоцкім раёне (паштовая станцыя ў вёсцы Кузьміно), па 9 з 47 у Лепельскім раёне.
У большасці раёнаў праектная дакументацыя зон аховы не распрацавана ні па адным з аб'ектаў. Дапускаюцца факты парушэння патрабаванняў Закона аб правядзенні на гісторыка-культурных каштоўнасцях работ пры адсутнасці дазволу Міністэрства культуры, што з'яўляецца вынікам адсутнасці кантролю мясцовых выканаўчых органаў за захаванасцю гэтых аб'ектаў. У прыватнасці, такія факты былі выяўлены ў Докшыцкім, Бешанковіцкім і Браслаўскім раёнах. Напрыклад, у Браслаўскім раёне сёлета ў чэрвені пры адсутнасці дазволу выконваліся работы па добраўпарадкаванні Браслаўскага гарадзішча. Яны па загадзе пракурора раёна былі прыпынены.
У Докшыцкім раёне ў ліпені—жніўні ў царкве ў вёсцы Порплішча без дазволу рамантавалася ўнутранае памяшканне, у тым ліку фарбаваўся алтар. Па гэтым факце міліцыя праводзіць праверку.
У Верхнядзвінскім раёне ў аварыйным, паўразбураным стане знаходзіцца сядзібна-паркавы комплекс у вёсцы Вопытная, у дачыненні да якога з 2004 года не падпісана ахоўнае абавязацельства з яго ўласнікам — ААТ. У гэтым жа раёне ў нездавальняльным стане знаходзіцца былы манастырскі шпіталь у гарадскім пасёлку Асвея, уласнікам якога з'яўляецца Асвейская каталіцкая абшчына, якая займае толькі яго невялікую частку. Астатняя ж частка будынка пустуе і руйнуецца. У Сенненскім раёне пад пагрозай поўнага разбурэння знаходзіцца сядзібна-паркавы комплекс "Беліца" (уласнікі — недзяржаўнае прадпрыемства, Беліцкі сельвыканкам, сельскагаспадарчае прадпрыемства "Полымя"). Большасць яго аб'ектаў (рэшткі сядзібнага дома, вытворчыя і гаспадарчыя пабудовы) стаяць напаўразбураныя. Сядзібны дом і тэрыторыя вакол яго запушчаныя, трава не скошана, смецце не прыбрана, на навесе хаты вырасла дрэва, якое пагражае яго разбурыць.
Несанкцыянаваны гандаль ля... Сафійскага сабора
У Полацку, як і летась, у нездавальняльным стане знаходзяцца будынак па вуліцы, якая з'яўляецца часткай гістарычнай забудовы канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя (уласнік — прыватная асоба), і вуліцы Скарыны, 6 (уласнік — гандлёвы дом), дзе адсутнічае і ахоўная дошка.
У аварыйным стане ў Полацку — будынак былога Дома афіцэраў па вуліцы Талстога, 8, эксплуатацыя якога забаронена пастановай Полацкага аддзела МНС. Нягледзячы на гэта, у адной з частак будынка размяшчаюцца памяшканні дзіцячай школы мастацтваў. Прычым захадаў па перадачы будынка новаму "гаспадару", які б мог адрамантаваць будынак і эксплуатаваць яго, Полацкім гарвыканкамам не прымаецца. Акрамя таго, у Полацку гэтым летам у непасрэднай блізкасці ад Сафійскага сабора без узгадненняў з Міністэрствам культуры і Полацкім Нацыянальным дзяржаўным музеем быў усталяваны гандлёвы павільён.
Аляксандр ПУКШАНСКІ.