На Кастрычніцкай затрыманыя малітоўнікі за Беларусь
На Кастрычніцкай плошчы а 19-й гадзіне затрыманыя вернікі і грамадскія актывісты, якія прыйшлі памаліцца за Беларусь і палітвязняў. Сярод затрыманых Ганна Шапуцька, Таццяна Кім, Алесь Макаеў, Ніна Багінская і яшчэ тры чалавекі. Зараз іх вязуць у міліцэйскім аўтобусе, меркавана, у Цэнтральны РАЎС.
Пра гэта па мабільным тэлефоне паведаміла прэс-службе БХД сама Ганна Шапуцька. Спачатку яна паведаміла, што ім не даюць сабрацца для малітвы каля дзясятка супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным, таму яны накіроўваюцца з Кастрычніцкай да Чырвонага касцёла. А праз 5 хвілінаў яна ўжо патэлефанавала з аўтобуса і паведаміла, што іх затрымалі на выхадзе з плошчы.
Акрамя пералічаных асобаў былі затрыманыя таксама Наталля Баярын, Алена Талстая і выпадковы мінак Аляксандр Кальянаў.
Ужо больш за тыдзень актывісты і вернікі а 19-й збіраліся на Кастрычніцкай і маліліся на ружанцы за Беларусь і вызваленне палітвязняў, а затым ішлі на традыцыйную малітву да Чырвонага касцёла. Міліцыя паабяцала разганяць гэтыя малітоўныя акцыі. Пра гэта 14 лістапада заявіў начальнік Цэнтральнага РАУС Менска Віктар Радзевіч, нагадвае прэсавая служба БХД.