Як хвароба...

Источник материала:  

Зіма ў той год была неверагодна марозная і снежная. Палова іх курса хварэла і не хадзіла на лекцыі. Астатнія, карыстаючыся момантам, хадзілі бессістэмна і хаатычна. Нават выкладчыкі, якіх да гэтага рэспіраторна-вірусныя інфекцыі абыходзілі бокам, пачалі прыкметна здаваць пазіцыі. Гісторык Барыс Альбертавіч, спазніўшыся на пятнаццаць хвілін на ўласную пару, якая ў раскладзе значылася апошняй, заявіў, што нарэшце зразумеў, чаму армія Напалеона прайграла вайну, і адпусціў рэшткі курса па дамах.

  — Ты чуеш, Марго, нас адпраўляюць на ўсе чатыры бакі!..

Яна адарвалася ад сшытка, дзе за хвіліну да гэтага малявала невядома які па ліку барадаты твар у акулярах, які нагадваў ці то сонную фізіяномію Барыса Альбертавіча, ці то пакамечаны "фэйс" піцерскай рок-зоркі, і паглядзела на аднакурсніка адчужаным позіркам.

— Што?

Як хвароба...

Іх адпускаюць? Куды? Навошта?.. Яна ж дамовілася з Косцем, што ён будзе сустракаць яе з заняткаў толькі праз дзве гадзіны. І што цяпер рабіць? Патэлефанаваць? Не, ён не дазваляе тэлефанаваць яму, калі знаходзіцца на працы. Ды і нічога яе званок не зменіць: праца для Косці — святое. Ці ўсё ж паспрабаваць? Ну, можа ён хоць раз зрабіць для яе выключэнне? Усіх хворых усё роўна не вылечыш, хоць Косця і імкнецца. Ён стараецца, а хворыя не заканчваюцца. І Косця сядзіць у сваёй паліклініцы да апошняга, у сэнсе, пакуль не прыме апошняга пацыента. А яны, ведаючы гэта, ідуць і ідуць...

*  *  *

— Канстанцін Віктаравіч, вас да тэлефона!

— Ірына Вікенцеўна, я ж прасіў не турбаваць мяне падчас прыёму!

— Сказалі, гэта тэрмінова, пытанне жыцця і смерці...

— Так ужо і смерці... Хто сказаў?

— Прыемны жаночы голас...

— Жаночыя галасы, Ірына Вікенцеўна, усе прыемныя.

— Дык вы падыдзеце?

— Падыду...

*  *  *

Прахожыя хуталіся ў футры і смешна перасоўваліся па заледзянелых дарожках сквера. Тысячы сняжынак мітусіліся вакол ліхтароў, выконваючы свой вар'яцкі танец... Марго, закінуўшы назад галаву і заплюшчыўшы вочы, чакала, пакуль яны апусцяцца на твар. Твар, нягледзячы на мінус пятнаццаць па Цэльсію, быў гарачым.

Косця мякка павярнуў яе да сябе. З валасоў пасыпаліся сняжынкі.

— Маруська, ну колькі можна табе гаварыць? Надзень шапку!.. Замерзнеш, захварэеш, пачнеш кашляць, хлюпаць носам... Нос, між іншым, стане чырвоным, распухне... Як тады з табой цалавацца?

Марго прыціснулася да яго, зарываючыся тварам у каўнер яго цёплага світара. Світар ледзь улоўна пах ёдам і бальнічнымі бінтамі...

— ...І ў наступны раз, калі ласка, не трэба так палохаць Ірыну Вікенцеўну, — сказаў ён ужо больш строга.

— Яе напалохаеш... Гэта ж доктар Хаус у спадніцы! Увесь час да ўсіх чапляецца, робіць заўвагі... А ў самой, напэўна, адно ў галаве...

— Маша, як табе не сорамна! Ірына Вікенцеўна мае права рабіць мне заўвагі. Па-першае, яна ўжо сто гадоў працуе медсястрой, а па-другое, у яе залатыя рукі...

— ...І зубы!

— З чаго ты ўзяла?!

— Ну, калі яна працуе сто гадоў і ўвесь час кагосьці грызе...

Ён пачаў смяяцца, спачатку ціха, потым гучна і залівіста. Падхапіў яе на рукі і закружыў... Вакол кружыліся ліхтары і танцавалі сняжынкі... Марго саскочыла з рук і паваліла яго на снег. Удваіх яны качаліся ў гурбе і рагаталі. Выпадковыя прахожыя шарахаліся ў бакі.

— Усё, Маруська, злазь, няма чым дыхаць, — узмаліўся ён.

Яна неахвотна паднялася, страсаючы з курткі і боцікаў снег, падала яму руку. Ён лёгка ўскочыў на ногі і стаў побач з ёю — высокі і худы. Шалік разматаўся, не па сезоне лёгкае паліто раздзімалася ад ветру.

— Ой, ты, напэўна, галодны? — спытала Марго.

— Ну... калі можна лічыць вячэрай ранішні бутэрброд, то... не, не галодны.

— Тады ўставай і пойдзем вячэраць.

— Вось дык сюрпрыз! Ты навучылася гатаваць?

— Я — не, але мая сястра робіць гэта выдатна.

— Угаварыла... Толькі надзень шапку, а то прастудзішся.

— А ты не будзь занудам...

*  *  *

Ангеліна прыдзірліва агледзела іх з ног да галавы, фыркнула, загадала скідваць вопратку, пераабувацца ў тапачкі, мыць рукі (пра гэта можна было б і не нагадваць, але сястра такая) і садзіцца за стол. Стол, накрыты даўнейшым бабуліным абрусам, стаяў пасярод невялікай залы, абстаўленай у стылі мінімалізму — нічога лішняга, усё самае неабходнае. З кухні даносіўся пах пірага з карыцай...

Яна што, кагосьці чакала?

— Ты кагосьці чакала? — спытала Марго.

— Чаму ты так вырашыла?

Гэта не вельмі ветліва — адказваць пытаннем на пытанне, але Ангеліна заўсёды так робіць.

— Дык чаму ты вырашыла, што я чакаю кагосьці?

— З-за пірага.

— Падумаеш, — сястра паціснула плячыма. — Я апошнім часам часта нешта пяку, гэта абсалютна нічога не азначае.

— І вяжаш шкарпэткі?

— У сэнсе? — яе акуляры спаўзлі на кончык носа, і Ангеліна паглядзела на Марго зверху іх.

— Ну, там, дзе ёсць пірагі, абавязкова павінны прысутнічаць і вязаныя шкарпэткі. Глядзі, сама не заўважыш, як ператворышся ў векавуху.

— Закрый рот і ідзі мыць кубкі, інакш твой аднакурснік застанецца галодным.

— Косця не аднакурснік, ён хірург, — пакрыўдзілася Марго.

— Як быццам хірургі не бываюць галоднымі! — адрэзала сястра.

— Гэта азначае, што можна садзіцца за стол? — удакладніў Косця.

— Які ён у цябе здагадлівы!

*  *  *

Пірог з яблыкамі і карыцай аказаўся проста фантастыкай, таму Марго настроена міралюбіва. Яна амаль засынае, паклаўшы галаву на сашчэпленыя далоні. Галава перыядычна звальваецца, але Марго апошнім намаганнем волі вяртае яе ў зыходнае становішча. Ангеліна ўпарта і мэтанакіравана скануе Косцю, спрабуючы дакапацца да сутнасці і вычапіць нешта такое, што дасць ёй патрэбную інфармацыю пра "аб'ект" даследавання.

— Канстанцін, вы любіце Маркеса?

— Я не люблю Маркеса, я люблю Вішнеўскага.

— Спадзяюся, вы маеце на ўвазе не мазь? — кпліва ўдакладняе Ангеліна.

Ну ўсё, зараз яна яго з'есць і закусіць сваім пірагом. Неабходна тэрмінова яго ратаваць. Марго паднімаецца з крэсла.

— Ліна, нам трэба ісці. Косціку заўтра рана ўставаць.

— Не так ужо і рана, — пярэчыць ён. — У мяне другая змена, так што паспею выспацца.

*  *  *

...Калі гэта не каханне — тады што? А калі гэта каханне, чаму ўвесь час так балюча? Хто і ў якім законе напісаў, што закаханыя павінны пакутаваць? Чаму нельга кахаць лёгка і прыгожа, а абавязкова трэба дзяўбсці адно аднаму душу і рваць сэрца? Прычым не адразу рваць, а адшчыкваць па кавалку, пераконваючы сябе, што менавіта гэта і ёсць каханне, што менавіта так яно і павінна праяўляцца...

Марго ляжыць у ложку пад тоўстай коўдрай, у цёплай піжаме і вязаных шкарпэтках. У яе тэмпература і моцны кашаль, які не дае засяродзіцца на галоўным. Яна спрабуе злавіць гэтае галоўнае, выхапіць яго з бяздоння думак, прэпарыраваць і раскласці па паліцах. Але яно ўвесь час выслізгвае і выкручваецца, быццам гуляе ў хованкі... Марго нікога не хоча бачыць, акрамя Косці. А Косця, як заўсёды, заняты працай. У яго, як заўсёды, процьма хворых.

Патэлефанавала маці — зразумела, з камандзіроўкі. ("Уяўляеш, тут цвітуць мімозы!.. Я купіла сабе цудоўную сумачку з кракадзілавай скуры, хоць цэны проста жудасныя. Не сумуй... Цалую!") Заехала Ангеліна, прывезла курыны булён з піражкамі. Правяла пальцам па паліраванай паверхні стала, паморшчылася, сказала, што мікробы ў такіх умовах не гінуць, а ловяць кайф, загадала залезці пад коўдру з галавой і расчыніла ўсе форткі...

Косця забег праз некалькі дзён "на пару хвілін". Сеў побач, памераў ёй тэмпературу, папрасіў адкрыць рот і паказаць язык.

— Жыць будзеце, хворая, — сказаў напаўжартам. — Прычым доўга і шчасліва.

Яна ўзяла яго за руку — далонь была сухая і халодная з марозу, прыклала да сваёй шчакі.

— Застанься...

— На ноч?

— На ноч, на дзень... Назаўсёды. Хачу засынаць і прачынацца побач з табой, бачыць твой твар, цалаваць яго, праводзіць цябе на працу, чакаць, гуляць з табой вечарам па парку, шукаць на небе Вялікую Мядзведзіцу, слухаць дождж...

Ён падняўся, пагладзіў яе па валасах і пацалаваў — некуды паміж носам і шчакой.

— Ты ўся гарыш... Можа, выклікаць "хуткую"?

— Баюся, яна мне не дапаможа.

— Тады прымі хаця б гэтыя лекі.

— У цябе ёсць лекі ад кахання? Які ты дзіўны...

— Марго, я патэлефаную тваёй сястры і скажу, што ты...

— А пры чым тут мая сястра?

*  *  *

...Зіма скончылася гэтак жа нечакана, як і пачалася. Снег абсеў і стаў шэрым, з дахаў капала, пад вокнамі лямантавалі каты...

Недзе ў сярэдзіне вясны Косця перабраўся да Ангеліны, і яго жыццё набыло, нарэшце, пэўную ўпарадкаванасць. Па вечарах яна корміць яго баршчом і блінамі, а ён яе — гісторыямі хвароб сваіх пацыентаў. Здаецца, яны знайшлі адно аднаго.

Не так даўно Марго была ў іх у гасцях... Ну, не тое каб была і не зусім у гасцях... Дайшла да парога, пастаяла перад дзвярыма, пераступаючы з нагі на нагу... Але так і не адважылася пазваніць.

Сапраўды, навошта перашкаджаць чужому шчасцю?

Наталля УЛАДЗІМІРАВА.


Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика