РОЗГАЛАС
Праўленне Нацыянальнага банка Беларусі прыняло пастанову аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Інструкцыю аб парадку ажыццяўлення валютна-абменных аперацый з удзелам юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў ад 28 чэрвеня 2005 года №112. Цяпер суб'ект гаспадарання можа адкрыць толькі адзін спецыяльны рахунак для захоўвання набытай на ўнутраным валютным рынку замежнай валюты, і толькі ў адным банку.
Гэта зроблена для таго, каб павысіць "празрыстасць" аперацый па куплі валюты. Набытая юрыдычнай асобай валюта будзе акумулявацца ў адным банку, які будзе ажыццяўляць кантроль за мэтавай купляй замежнай валюты і за яе мэтавым выкарыстаннем.
Таксама ўзмоцнены кантроль за купляй юрыдычнымі асобамі валюты для пагашэння крэдытаў, займаў, атрыманых ад нерэзідэнтаў (трэба падаваць больш дакументаў, якія з'яўляюцца падставай для куплі валюты). Абмежавалі куплю валюты і для разлікаў з банкам. Цяпер яе можна будзе ажыццяўляць толькі для пагашэння крэдытных дагавораў і дагавораў паручыцельства.
"Пастанова ўступае ў сілу пасля афіцыйнага апублікавання", — патлумачылі ва ўпраўленні інфармацыі Нацбанка.
Уладзіслаў КУЛЕЦКІ.
Абаненты МТС на выхадных змогуць размаўляць бясплатна
Буйнейшы аператар мабільнай сувязі ў Беларусі кампанія МТС паведамляе пра акцыю "Выхадныя ў падарунак".
Напярэдадні Міжнароднага дня эканоміі, 29 і 30 кастрычніка, званкі ўнутры сеткі МТС будуць бясплатнымі для ўсіх без выключэння абанентаў кампаніі. Упершыню МТС дае магчымасць сваім кліентам мець зносіны бясплатна два дні запар. Летась, у час такой жа акцыі, абаненты за адны суткі "нагаварылі" каля 14 мільёнаў бясплатных хвілін.
Маці закапала немаўля ў агародзе
У Ровенскай вобласці маці закапала нованароджаную дачку ў агародзе, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе абласнога ўпраўлення МУС Украіны.
30-гадовая жанчына вырашыла пазбавіцца ад дзіцяці пасля распівання напярэдадні родаў спіртнога са сваім братам. Вырашыўшы, што сямімесячнае дзіця нарадзілася мёртвым, яны ў п'яным запале загарнулі немаўля ў анучы і закапалі ў агародзе. Раніцай, працверазіўшыся, гора-маці расказала пра здарэнне суседцы, якая і заявіла ў міліцыю. Нованароджанае дзіця, якое праляжала некалькі гадзін у зямлі, яшчэ падавала прыкметы жыцця. Немаўля ўдалося выратаваць.
Затрымалі падазронага ў згвалтаванні дзевяцігадовай дзяўчынкі
ў прыбіральні мінскага аўтавакзала "Маскоўскі". Зламыснік падманным шляхам завабіў у прыбіральню аўтавакзала школьніцу 2002 года нараджэння, пасля чаго нанёс дзіцяці некалькі ўдараў і згвалтаваў. Ім аказаўся 27-гадовы жыхар Мінскай вобласці, раней судзімы за гвалтоўныя дзеянні сэксуальнага характару. Калі віна гэтага грамадзяніна будзе даказана ў судзе, пакараннем яму стане пазбаўленне волі на тэрмін ад 8 да 15 гадоў.
Яўген АЛЕЙНІК, "Мінск—Навіны".
"Мінск—Навіны". Азаранка на чэмпіянаце свету WTA стартавала з перамогайНа чэмпіянаце свету WTA ў Стамбуле з прызавым фондам у 4,9 мільёна долараў выступае восем лепшых тэнісістак свету. Сярод іх і 22-гадовая беларуска Вікторыя Азаранка, якая займае ў рэйтынгу чацвёртае месца. Свой стартавы матч Вікторыя выйграла ў 7-й ракеткі свету 27-гадовай аўстралійкі Саманты Стосур — 6:2, 6:2. Беларусцы на гэта спатрэбілася ўсяго 1 гадзіна 18 хвілін.
Наперадзе ў Вікторыі сустрэчы з кітаянкай На Лі і расіянкай Марыяй Шарапавай, суперніцамі па белай групе. У паўфінал з групы выйдуць дзве наймацнейшыя тэнісісткі. Марыя Шарапава, дарэчы, Саманце Стосур саступіла. А вось Азаранка за выйграны матч зарабіла 225 тысяч долараў. У чырвонай групе расіянка Вера Званарова ў няпростым матчы зламала супраціўленне першай ракеткі свету Каралін Вазняцкі — 6:2, 4:6, 6:3. Турнір абяцае быць цікавым!
Алена КРАВЕЦ.
міліцэйскія Машыны біла абцасам
Брастаўчанка пайшла на стаянку і пачала біць абцасам міліцэйскія машыны пасля таго, як... але ўсё па парадку. Жанчына пераходзіла дарогу ў недазволеным месцы. Яе затрымалі і прывезлі ў Ленінскі РАУС для складання адміністрацыйнага пратакола. Калі яна выйшла з будынка міліцыі, то яе ўвагу прыцягнулі службовыя машыны. І кабета пайшла іх граміць. Пакуль яе затрымалі другі раз, яна паспела пашкодзіць шкло, фарбу, фары ў чатырох машынах. Цяпер ёй давядзецца адказваць па Крымінальным кодэксе за злоснае хуліганства і кампенсаваць урон.
Яна СВЕТАВА.