Дзеці, якія не адчуваюць бар'ераў

Источник материала:  
26.10.2011 08:05 — Новости Общества

Дзеці, якія не адчуваюць бар'ераў

Звязда
Дзеці, якія не адчуваюць бар'ераўГэта не проста навучальная ўстанова з пэўнымі дасягненнямі. Гэта месца, дзе фарміруюцца погляды, дзе мяняюцца стэрэатыпы. Я хачу прысвяціць гэты матэрыял тром маленькім героям, кожны з якіх, я думаю, здольны даць свой урок.

Елісей: мэтанакіраванасць

Дасягненням гэтага хлопчыка можна толькі дзівіцца. Ён чытае, складвае лічбы. Абзавёўся сябрамі ў інтэрнэце. І гэта прытым, што ў Елісея цяжкія пашкоджанні мовы, пры якіх ён не можа размаўляць са сваімі равеснікамі, і слабыя рукі, каб пісаць у сшытку. Для працы і зносін ён выкарыстоўвае ноўтбук, літаркі і лічбы на якім набірае падбародкам.

З Елісеем мы пазнаёміліся на... марскім дне. Так аформлены клас, у якім у мінігрупах займаюцца дзеткі, якія маюць праблемы ў навучанні ці цяжкае пашкоджанне мовы. Мяккія сцены, на якіх можна намацаць розныя фігуркі, шарыкавы басейн, скрыня з пяском, маты і дыван, крэсла для рэлаксацыі — усё гэта выкарыстоўваецца не толькі для сэнсорнага развіцця, але і дапамагае дзецям засвойваць розныя навукі. Прычым тыя ж матэматыку і чытанне дзеці могуць спасцігаць не толькі седзячы за партамі, але і, напрыклад, размясціўшыся на дыване і слухаючы настаўніцу з-за шырмы, або гледзячы спектакль. Усё ж такім дзеткам нават выседзець урок ужо выпрабаванне, дыягназы даюцца ў знакі, малыя хутчэй стамляюцца. Таму хлопчыкі і дзяўчынкі, якія маюць складанасці ў навучанні альбо ў іх цяжкія пашкоджанні мовы, на прадметах "матэматыка", "руская мова", "чалавек і свет" займаюцца з педагогам-дэфектолагам асобна ад сваіх здаровых аднакласнікаў. Затое на ўроках музыкі, працы, мастацтва і на школьных святах хворыя і здаровыя дзеткі разам.

25-я школа ў мікрараёне Брылевічы, дзе ёсць класы з інтэграваным навучаннем, у асноўным дапамагае хлопчыкам і дзяўчынкам з дзіцячым цэрэбральным паралічом.

Сёння ў 25-й школе тры інтэграваныя класы, і побач са здаровымі дзеткамі атрымалі магчымасць навучацца 11 хворых. Усяго ж у школе тысяча вучняў.

Як тут упэўнены, галоўнае — прытрымлівацца балансу — дзетак з асаблівасцямі не павінна быць шмат, інакш гэта не будзе інтэграцыяй, і наўрад ці такую ўстанову будуць успрымаць як звычайную агульнаадукацыйную школу.

У адным класе максімум можа быць чатыры хворыя дзіцяці. Прычым для іх ствараюцца ўмовы, каб малыя не адчувалі сябе ізаляванымі. Так, дзеткі з асаблівасцямі не вучацца ў адным месцы — на працягу дня ім даводзіцца некалькі разоў перамяшчацца праз доўгі школьны калідор, каб з класнага памяшкання, напрыклад, трапіць у клас карэкцыйнага навучання. І ў школе нікога ўжо не здзіўляе, што па калідоры праязджае каляска...

Цікава, што многія праблемы, якія малявала свядомасць дарослых, як высветлілася, для дзяцей не існуюць. Так, у школе апасаліся дзіцячай жорсткасці альбо наадварот, ранімасці, калі здаровыя дзеці сутыкнуцца з тым, пра што раней не ведалі, і будуць пакутаваць. Але дзіцячаму насельніцтву школы чужыя катэгорыі норма — не норма, яны не адасабляюцца ад хворых дзяцей. Хутчэй наадварот.

Так, калі Елісей прыязджае на агульныя заняткі, аднакласнікі акружаюць яго. Аблепліваюць, як мурашы, нешта распавядаюць, разумеюць на ўзроўні позіркаў і жэстаў, імкнуцца дапамагчы. Мы бачылі, як малыя шчыра радаваліся яго прыезду. Відаць, справа не столькі ў тым, што ў дзецях абуджаецца спачуванне, тут нешта іншае. Магчыма, здаровыя дзеці проста адчуваюць, як Елісей цэніць тое, што яны побач.

— Елісей вялікі малайчынка. Ён стараецца не толькі на ўроках. Калі хлопчык прыйшоў да нас у школу, здавалася, што з каляскі, на якой яго возяць, ён ніколі не ўстане. А сёння яго маці бярэ пад рукі і ён перасоўваецца. Магчыма, тое, што ён знаходзіцца побач са здаровымі дзецьмі, стымулюе яго на такія подзвігі. Калі сабраць адных хворых разам — то ўсе размовы і думкі будуць толькі пра хваробы. І зусім іншы настрой і матывацыя, калі побач кіпіць жыццё, здаровае жыццё, — заўважае намеснік дырэктара Таццяна Бандарэнка.

Стас: аптымізм

Стасік першым пачаў размову: "Гэты артыкул я захаваю на памяць"... Думаю, што ўсяму 1-му "Е", дзе зараз вучыцца гэты жыццярадасны, гаваркі хлопчык, вельмі пашанцавала. Гэта як цёплае сонейка, гатовае з усімі падзяліцца сваім светлым настроем. Стас у захапленні ад школы, ён заўсёды чакае заняткаў, і на якім уроку мы яго у гэты дзень не сустракалі, хлопчык заўсёды ўсміхаўся. Ён нават маці кажа, што не будзе хварэць, каб не прапускаць школу. І гэты аптымізм — заразная рэч. Некаторыя дзеткі раздзяляюць захапленні Стаса і нават могуць выдаць нешта кшталту "гэта не школа, а суцэльнае задавальненне". На ўсіх занятках Стас разам з аднакласнікамі, нават калі ў дзяцей фізкультура, ён займаецца побач са сваім трэнерам — робіць адаптыўныя практыкаванні. Ці спраўляецца Стас на ўроках, цікаўлюся ў яго мамы Алены Чалядзінскай, якая суправаджае хлопчыка.

— Пісаць і чытаць ён навучыўся яшчэ да школы. Адзіная праблема ў тым, што яму цяжка трымаць руку, каб пісаць. Любімы прадмет у яго — фізкультура. Ён бачыць, як усе дзеці займаюцца. І для яго гэта стымул. Бо ён там, дзе ўсе, ён такі, як усе! — заўважае Алена Мікалаеўна. — У сына змянілася стаўленне да дзяцей. Яго некалькі разоў крыўдзілі ў двары, на дзіцячай пляцоўцы, і ён пабойваўся дзяцей. Зараз ён думае па-іншаму, ён упэўнены, што ўсе добрыя, што ўсе яму дапамогуць. Калі мы ідзём на заняткі, дзеці падбягаюць, вітаюцца, хапаюць яго за руку, дапамагаюць дайсці, усаджваюць, дапамагаюць кніжкі раскласці. Раней ён баяўся мяне адпускаць: гэта былі істэрыкі, страх у вачах, слёзы — мама заўсёды павінна быць побач, сядзець з ім на ўроках. Зараз ён нават кажа: "Мама, мне без цябе лепей, я з дзецьмі гуляю".

— На ваш погляд, што павінна змяніцца ў краіне, каб дзеці з абмежаваннямі маглі сябе камфортна адчуваць?

— Павінна змяніцца стаўленне людзей. Мы баяліся, як дзеці будуць ставіцца да хворых малых. Але ў дзяцей усё нармальна. Напружвае стаўленне дарослых. Хворых дзяцей многія ўспрымаюць нейкімі няшчаснымі, беднымі. А яны нічым не адрозніваюцца ад іншых, у іх толькі праблема са здароўем. Гэтым дзецям не патрэбна шкадаванне, ім гэта вельмі не падабаецца...

Вядома, камфортная інтэграцыя — гэта яшчэ і заслуга педагогаў школы. Усё ж — вялікае майстэрства так арганізаваць вучэбны працэс, каб усе адчувалі ад гэтага толькі карысць. Тым больш што тут выкарыстоўваюцца перадавыя тэхналогіі. Дзеці з задавальненнем займаюцца ў легатэцы. Хіба тыя ж першаклашкі не палюбяць школу, у якой, напрыклад, матэматыку яны засвойваюць за канструктарам. "Лега", прычым у незвычайным класе, які хутчэй нагадвае гульнявы пакой? Атрымліваецца, што педагогі школы, шукаючы тэхналогіі, якія дапамагалі б хворым дзецям (праца з канструктарам — гэта сэнсорныя заняткі, якія вельмі карысныя для дзетак з ДЦП), ствараюць тое, што служыць для ўсёй школы.

25-я школа — з мастацкім ухілам. І таму тут для дзетак з асаблівасцямі ёсць умовы, каб займацца арттэрапіяй. І тут здаровыя дзеткі могуць многаму павучыцца ў хворых. "У такіх дзетак разумовае развіццё можа ісці наперадзе фізічнага. Яны нестандартна мысляць, у іх няма столькі стэрэатыпаў, як у здаровых малых. Яны з гліны робяць шыкоўныя рэчы, і шмат што з таго я выкарыстоўваю ў працы са здаровымі дзеткамі", — заўважае педагог па кераміцы Ірына Фаставец.

Крысціна: незалежнасць

— Крысціна, у цябе ёсць памочнікі? — цікаўлюся ў вучаніцы чацвёртага класа.

— Мне больш падабаецца, калі я ўсё раблю сама, — крыўдзіцца дзяўчынка.

Яна без праблем перасоўваецца па школе на калясцы, даганяе на ёй сваіх аднакласнікаў і нават займаецца бальнымі танцамі на калясцы!

У школе створана безбар'ернае асяроддзе. У калідорах і актавай зале ёсць пандусы, функцыянуе ліфт. І, напэўна, пра стварэнне такога безбар'ернага асяроддзя павінны паклапаціцца ва ўсіх школах. На жаль, хворых дзетак не становіцца менш, а ў краіне зараз вядзецца праграма, якая прадугледжвае закрыццё спецыяльных школ і максімальнае размеркаванне дзяцей з асаблівасцямі па агульнаадукацыйных школах... Крысціна ў 25-й школе займаецца з другога класа. А да гэтага дзяўчынка была на надомным навучанні, пра што можа толькі з сумам узгадаць, што заканчваліся заняткі, настаўнік сыходзіў, а яна заставалася адна. Можа, таму Крысціна так любіць школу і так цэніць незалежнасць.

Дарэчы, калі гэтая дзяўчынка цалкам з усімі перашкодамі спраўляецца сама, то тут навучаюцца і дзеткі, якім не абысціся без дапамогі. Пры кожным з такіх вучняў павінен быць суправаджальнік — гэта могуць быць бацькі альбо памочнік выхавацеля. І школа з інтэграцыйным навучаннем лічыць, што ёй вельмі пашанцавала, што Маскоўскі райвыканкам пайшоў насустрач і тут адкрыта такая штатная адзінка, як памочнік выхавацеля. Але гэта адзін чалавек на ўсіх дзетак! Часам яе рук не хапае, бо дапамога можа спатрэбіцца некалькім дзеткам адначасова.

І калі раптам такі чалавек захварэе — гэта катастрофа для школы.Тут ужо падключаюцца ўсе, нават дырэктар. Дзяцей перадаюць з рук у рукі.

Гэтую праблему трэба вырашаць. Дарэчы, за мяжой існуе інстытут асістэнта інваліда. Гэта не толькі магчымасць для дзяцей з асаблівасцямі вучыцца ў звычайнай школе, гэта яшчэ і свабода для маці, якой, пагадзіцеся, усё ж трэба мець час і на тое, каб адпачыць ад сваіх праблем, і на тое, каб адчуць сябе патрэбнай у грамадстве, уладкавацца на працу.

— Трэба падымаць прэстыж такой прафесіі і рабіць хоць крыху большы заробак, — заўважае дэрэктар 25-й школы Марына Ільіна. — Я думаю, што павінен быць прыняты закон, у якім было б прапісана, што дзеці з абмежаваннямі павінны пры сабе мець суправаждальніка. Для дзяцей гэта — рукі, ногі, як для нашага Елісея — мова, бо першы год маці ад яго амаль не адыходзіла, прычым больш для таго, каб ён засвойваў праграму. Яна перакладала тое, што сын хоча сказаць.

На мой погляд, больш эфектыўна было б, калі б асістэнт інваліда меў пэўную адукацыю, таму што ён не толькі абслугоўвае дзяцей — дапамагае дайсці да сталовай, туалета, — але і гутарыць з імі. У другой палове дня асістэнты маглі б і займацца з хворымі дзецьмі, і яшчэ больш даваць ім.

Дарэчы, 25-я школа зусім яшчэ маладая — яна працуе толькі трэці год, і тым не менш, паспела ўжо добра зарэкамендаваць сябе, і колькасць бацькоў, якія сюды хочуць аддаць сваіх дзяцей, з кожным годам расце.

— Інтэграцыя — гэта толькі адзін з кірункаў працы, не хочацца яго асабліва вылучаць. У тым і сэнс інтэграцыі, каб хворыя дзеці былі не на нейкім асаблівым становішчы, а на роўных. Які дэвіз указаны на нашай эмблеме, так мы і будуем працу, — разам да намечанай мэты. А мэта ў нас адна — добрая адукацыя, выхаванне. Наш калектыў лічыць, што для ўсіх дзяцей трэба ствараць ДОБРУЮ школу, — упэўнена дырэктар.

Мы хочам паказаць, што інтэграцыя — гэта плюс навучальнай установе. І адзін, і другі бок маюць выгаду. Дзеці з абмежаваннямі могуць атрымліваць адукацыю ў звычайных умовах. Для дзяцей здаровых — гэта выдатны патэнцыял добрага сэрца, выхаванне, якое ў іншых умовах немагчымае.

Настаўнікі нават заўважаюць, што дзеткі ў інтэграваных класах моцна мяняюцца, яны становяцца больш уважлівымі адзін да аднаго, чулымі, нават мяняецца іх мова. Яны часцей кажуць "калі ласка"...

Мы правялі ў школе амаль цэлы вучэбны дзень. У галаве ўжо вымалёўвалася пэўная карцінка — прычым карцінка не канкрэтнай школы, а пэўнай мадэлі грамадства, дзе для хворых няма абмежаванняў. І тут мы заўважылі тое, што прымусіла задумацца. На перапынку ў калідоры гулялі дзеці. Ля калоны стаяў хлопчык. Ён не можа перамяшчацца без дапамогі, таму проста рухаўся ўздоўж апоры. У гэты час яго аднакласнікі гулялі ў даганялкі. Але абмежаваны ў рухах хлопчык таксама быў у гульні. Дзеці бегалі вакол яго. Часам яны перакідваліся словамі, абменьваліся нейкімі жэстамі, смяяліся. І менавіта ў гэты момант мы не проста зразумелі — адчулі, што розніцы няма.
←З Магілёўскага лядовага палацу эвакуявалі дзяцей

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика