Вакол Белавежскай пушчы пракладзены аб'язны шлях

Источник материала:  
25.10.2011 09:11 — Новости Общества

Вакол Белавежскай пушчы пракладзены аб'язны шлях

  • Святлана ЯСКЕВІЧ. Фота Валерыя КАРАЛЯ, Звязда

Практычна завершана будаўніцтва аб'язной дарогі вакол нацыянальнага парку "Белавежская пушча". Агульная яе працягласць крыху больш за 180 кіламетраў. З іх 140 кіламетраў праходзяць па Брэсцкай вобласці, адрэзак у 90 кіламетраў новай трасы прыпадае на Пружанскі раён. Таму менавіта тут вырашылі правесці інвестыцыйны форум "Белавежская пушча — турызм і рэкрэацыя". Супрацоўнікі многіх міністэрстваў і ведамстваў краіны, прадстаўнікі кіраўніцтва суседніх абласцей — Брэсцкай і Гродзенскай, старшыні Пружанскага, Камянецкага, Свіслацкага райвыканкамаў, айчынныя і замежныя прадпрымальнікі правялі агледзіны новай дарогі на прадмет стварэння будучай інфраструктуры.
 
Вакол Белавежскай пушчы пракладзены аб'язны шлях

Нерухомасць у Белым Ляску

Сама па сабе дарога — новая, прыгожая, роўная — выглядае вельмі аптымістычна. Бо дарога з даўніх часоў была найпершай прыкметай цывілізацыі. І той факт, што побач са згасаючымі вёскамі паявілася сучасная траса, усяляе пэўную надзею, што не знікнуць населеныя пункты з цудоўнымі, рэдкімі, загадкавымі назвамі, што вернецца ў іх жыццё, толькі ўжо ў нейкім іншым выглядзе.

Вельмі паказальным выглядае факт, які быў агучаны на форуме. Не паспелі дарогу пабудаваць, як рэзка ўзляцела цана на вясковыя хаткі ў Белым Ляску. Гэтая вёска знаходзіцца ўжо амаль у самой пушчы. Большасць дамоў пуставала. Ну і купіць такую хату каштавала ад адной да дзвюх тысяч долараў. Літаральна за два гады цэны падняліся да 15-20 тысяч. Купляюць найбольш расіяне, якія адпачываюць у тутэйшых мясцінах. Пару дамоў набылі і нашы суайчыннікі. Хто думае з часам абсталяваць аграсядзібу, а хто бярэ проста для сябе, каб было куды прыехаць летам, падыхаць гаючым пушчанскім паветрам. Дарэчы, два аб'екты ў Белым Ляску былі выстаўлены на інвестфорум як прывабныя для развіцця турызму: памяшканне былой школы з гаспадарчымі пабудовамі і былы клуб.

Агульны тон абмеркавання задаў віцэ-прэм'ер краіны Анатоль ТОЗІК, калі заўважыў, што для паспяховага развіцця турызму ў нас ўсё ёсць: унікальная прырода з маляўнічымі рэкамі і азёрамі, добразычлівае насельніцтва, дастатковая заканадаўчая база. Трэба толькі, каб прыйшлі прадпрымальныя людзі і пабудавалі добрую інфраструктуру. І прыклады такой прадпрымальнасці змаглі пабачыць усе ўдзельнікі мерапрыемства.

Экстрэмальнае падарожжа ў балота

Найпершае з іх — турыстычная вёска Клятное, дзе размешчана фермерская гаспадарка "Белавежтур" Мікалая Бурнаса. Пра гэты праект расійскага бізнэсмена, выхадца з Пружанскага раёна, наша газета падрабязна расказвала летам. Кіраўнік справамі "Белавежтура" Сяргей ТАРАСЕВІЧ паведаміў пра новыя планы іх турыстычнага прадпрыемства. Акрамя пражывання ў камфартабельных доміках, здаровага харчавання прадуктамі з уласнай падсобнай гаспадаркі, катання на конях і прагулак па жывапісных мясцінах неўзабаве гасцям збіраюцца прапанаваць экалагічную сцяжыну. І не проста сцяжыну. Гэта будзе свайго роду экстрэмальнае падарожжа па самых багністых балотах пушчанскага краю, экскурсія па мясцінах, дзе яшчэ ніводзін турыст не хадзіў. Для гэтага на сцяжыне даўжынёй 15 кіламетраў будуецца дарожка па самым небяспечным участку. Прадугледжана забіванне паляў і пракладка драўляных шчытоў — бяспека людзей на першым месцы. Але тыя, хто рушыць у незвычайнае падарожжа, змогуць дакрануцца да сапраўднага спрадвечнага балота, палюбавацца яго найцікавейшай расліннасцю, пачуць і пабачыць балотных насельнікаў, у тым ліку "чырвонакніжных". Хто ўмее адчуваць, разумець і цаніць прыроду, атрымае ні з чым непараўнальную асалоду і ўражанні на доўгі час.

Яшчэ ў Клятным завершана абсталяванне спартыўнага комплексу. І як сказаў міністр спорту і турызму Алег КАЧАН, вясковая спартыўная зала прыдатная не толькі для здаровага адпачынку гасцей, але і для правядзення розных спаборніцтваў рэспубліканскага ўзроўню. Паводле слоў Алега Леанідавіча, маем той выпадак, дзе можна і сталіцы павучыцца ў правінцыі.
 
Вядома, многіх удзельнікаў імпрэзы цікавілі цэны на паслугі "Белавежтура". Сяргей Тарасевіч паведаміў, што кошт доміка на 4-6 чалавек за суткі арэнды складае 300 долараў. Сюды ўваходзіць харчаванне, катанне на конях, экскурсіі па прыгожых ваколіцах. Фішкай сваёй арганізацыі гаспадары лічаць здаровую ежу: агародніна і садавіна тут вырошчваецца без мінеральных угнаенняў, свініна, ялавічына, кураціна таксама гадуецца чыстая, без антыбіётыкаў і іншых навамодных прэпаратаў. Вядома, усё гэта павялічвае сабекошт прадукцыі.
 
У Мокрым ёсць, а ў "Відным" — будзе

Яшчэ адзін турыстычны комплекс, які ўжо сёння прымае гасцей, размешчаны ў вёсцы Мокрае аграгарадка "Жураўлінае". Гэта ў васьмі кіламетрах ад новай дарогі. Пад адным дахам кампактна размясціліся рэстаран, гасцініца, крама, кулінарыя. Сем гасцінічных аднамесных нумароў і адзін двухпакаёвы VІР-нумар здзівілі ўтульнасцю і прымальнымі цэнамі: звычайны нумар каштуе 95 тысяч у суткі, люкс — 300 тысяч. На першым паверсе ёсць саўна, рэстаран з масіўнымі драўлянымі сталамі і крэсламі, з драўлянымі круглымі жырандолямі, стылізаваны пад даўніну.
 
Вакол Белавежскай пушчы пракладзены аб'язны шлях
Турыстычны комплекс у Мокрым

Недалёка ад турыстычнага комплексу вёскі Мокрае знаходзіцца ўрочышча "Віднае". Пра гэта расказаў старшыня Пружанскага райвыканкама Аляксандр ЮРКЕВІЧ. Векавы парк, што акаляў былую панскую сядзібу, даволі добра захаваўся, трэба толькі прыкласці рукі да яго добраўпарадкавання. Паблізу — прыгожае возера: калі яго крышачку пачысціць і палепшыць берагі, будзе як люстэрка. Месца — дзівоснае, некалі памешчыкі ведалі, дзе будаваць сядзібы. Вось гэты цудоўны ўчастак зямлі плошчай у некалькі дзясяткаў гектараў таксама прапануюць прадпрымальнаму чалавеку для ўзвядзення турыстычнага аб'екта. Выдатны можа атрымацца праект, калі ў "Віднае" прыйдзе ахвотны ўвасобіць яго ў жыццё.

"Дарога дае магчымасць рэалізаваць мноства праектаў, — сказаў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Канстанцін СУМАР. — Уздоўж яе ўжо вызначаны пляцоўкі пад аўтазапраўкі, кавярні, забаўляльныя аб’екты". Такіх зямельных участкаў на згаданым інвестфоруме прапаноўвалася восем. Умовы арэнды, якія пастаўлены прадпрымальнікам, больш чым прымальныя, плата прызначана невялікая, адным словам, зроблена ўсё, каб прыйшлі і зрабілі. Ёсць магчымасць адчыніць свае ўстановы каля вёсак Лыскава, Гута, Сухопаль, Крыніца, Роўбіцк, Котра.

Паветраная экскурсія над пушчай

Дарэчы, недалёка ад Котры і Клятнога знаходзіцца сельскагаспадарчы аб'ект, які нечакана стаў турыстычным. Прадпрыемства "Пружаны Авіяхімсэрвіс" размяшчалася тут яшчэ з савецкіх часоў. Мяняліся назвы і тэхніка, а праца заставалася ранейшай — апрацоўка з паветра сельгаскультур. І аднойчы, як расказаў яго дырэктар Алег КАНАНКОЎ, нарадзілася ідэя катаць турыстаў. Паслугу належным чынам аформілі, распрацавалі маршруты. І вось ужо ахвотных палятаць над пушчай, асабліва летам, знаходзіцца нямала. Гадзіна экскурсіі, напрыклад, на дэльтаплане каштуе 600 000 рублёў. Адзін маршрут уключае ў сябе лясны масіў Белавежскай пушчы, затым турыст паглядзіць зверху на Камянецкую вежу, царкву ў Вяжным і палюбуецца рэзідэнцыяй беларускага Дзеда Мароза. Другі маршрут пралягае над славутымі палацамі і замкамі. Спачатку аглядаецца Ружанскі палац, потым Косаўскі, затым курс бярэцца на Нясвіж і Мір. Паводле слоў Алега Кананкова, побач з Мірскім замкам зараз узводзіцца верталётная пляцоўка. Так што неўзабаве турысты змогуць прызямліцца і наведаць славутасць. А пакуль прапануецца агляд зверху.
 
Вакол Белавежскай пушчы пракладзены аб'язны шлях
Да палёту турыстаў гатовы

Думаю, прыгледзецца, прымерыцца да перспектыў новай дарогі было карысна ўсім удзельнікам прайшоўшага форуму. Бізнэсмены, якія прыехалі, асабліва замежныя, на пытанні журналістаў адказвалі вельмі дыпламатычна: цікава, будзем думаць, ацэньваць. У неафіцыйных гутарках многія спасылаліся на фінансавыя цяжкасці цяперашняга часу. Крызіс зачапіў усе краіны, і з гэтым даводзіцца лічыцца. Але ж людзі спадзяюцца, што праз колькі гадоў наступіць палёгка, вось тады і разгорнецца сапраўднае ўзвядзенне інфраструктуры вакол новай дарогі.
←Что нужно есть ребенку, чтобы повысить успеваемость в школе?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика