ТБМ запланавала тры вялікія праекты. Ну і масу ўсялякай іншай працы

Источник материала:  
23.10.2011 21:34 — Новости Общества


23 кастрычніка ў Мінску ў тэатральнай зале касцёла Святых Сымона і Алены прайшоў XI з'езд грамадскага аб'яднання «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» (ТБМ).

У ходзе з'езда былі зачытаны справаздачныя даклады раённых арганізацый ТБМ, пераабрана кіраўніцтва арганізацыі. Пасля заканчэння з'езда адбылося першае пасяджэнне новай рады ТБМ.

У найбліжэйшыя ТБМ неабходна ажыццявіць тры вялікія праекты, паведаміў на з'ездзе старшыня ТБМ Алег Трусаў.



«У нас тры вялікія работы. Першае — гэта развіццё культурнай спадчыны праз краязнаўства (праект фінансуецца ЗША). Улады падпісалі дагавор, Мінкультуры падтрымала, будзем рэалізоўваць. Гэта вялікі праект у Мінску і рэгіёнах, там будзе і фестываль краязнаўчы, і канферэнцыя, і г.д. Другі праект — выданне зборніка правілаў дарожнага руху па-беларуску. І трэцяе — гэта інтэрнэт-партал. Вось тры вялікія праекты, якія мы павінны ажыццявіць у найбліжэйшыя паўгода. Ну і масу ўсялякай іншай працы, канешне», — сказаў Трусаў.

Таварыству беларускай мовы неабходна стаць праваабарончай арганізацыяй з адпаведнымі методыкамі і прынцыповай і жорсткай пазіцыяй па пытанні абароны права беларусаў на родную мову. Аб гэтым заявіў на з'ездзе ТБМ мовазнаўца Вінцук Вячорка.



«Самым правільным крокам для паляпшэння сітуацыі з беларускай мовай у краіне стала б кардынальнае змяненне дзяржаўнай палітыкі. Але бяда ў тым, што цяперашняя дзяржава выбрала стратэгію продажу панавання рускай мовы ў абмен на прывілеі і геапалітычныя сімпатыі ўсходняга суседа. «Беларускае» трэба ўладзе толькі для запужвання ўсходняга суседа, а зусім не для таго, каб па-беларуску свабодна загаварыў свабодны чалавек», — падкрэсліў Вячорка.

На яго думку, беларуская мова азначае для ўладаў непырамльны для іх узровень свабоды. Таму беларускаму незалежнаму таварыству неабходна абараняць сваё права на родную мову і падтрымліваць кожнага чалавека, кожную сям'ю, якія дабіваюцца адукацыі, афіцыйных дакументаў, тэлебачання на беларускай мове, лічыць Вячорка.

Той факт, што сітуацыя з выкарыстаннем беларускай мовы ў Беларусі пагоршылася, пацвярджаюць і іншыя ўдзельнікі з'езда.

«За апошнія гады сітуацыя з беларускай мовай значна пагоршылася. Мне, як прадстаўніцы бацькоўскага камітэта, маме чатырох дзяцей, гэта вельмі прыкметна. Трапіць у беларускую групу нам было вельмі складана, ды і арганізаваць яе таксама. Чыноўнікі супраціўляюцца, не хочаць гэтага рабіць. Да таго ж у дзяцей няма атласаў, контурных карт і іншых неабходных падручнікаў на беларускай мове. Усё, што мы выпісвалі, ужо не выходзіць», — адзначыла член ТБМ Вераніка Лебедзь.

Яшчэ адна ўдзельніца з'езда, Наталля Качаноўская, з настальгіяй успамінае савецкі час, калі беларускую мову можна было свабодна пачуць па тэлебачанні.

«Першы канал беларускага тэлебачання быў на беларускай, у нас былі добрыя дыктары, якія на прыгожай беларускай чыталі навіны, рабілі тэлеперадачы. Гэты быў як тытульны ліст кожнай рэспублікі — культура падтрымлівалася на дзяржаўным узроўні», — сказала Качаноўская.



←Цены на сахар в Беларуси повышаются с 24 октября на 16,67%

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика