Пакуль жыве памяць...
20.10.2011
—
Новости Общества
Згадваю добрых людзей, каб засведчыць, што ў нашым жыцці заўсёды ёсць месца дабрыні, чалавечай салідарнасці, суперажыванню і актыўным дзеянням, калі трэба дапамагчы іншым
Мой дзед ніколі не насіў мяне на руках. Не частаваў слівамі са свайго саду. Я ніколі не чула ад яго гісторый пра сваіх продкаў… Ён, мой родны дзед, загінуў на фронце 23 снежня 1944-га. У “пахаронцы” было напісана: “Чырвонаармеец Шчаслівенка Нікадзім Якаўлевіч у баі за сацыялістычную Радзіму, верны воінскай прысязе, праявіўшы геройства і мужнасць, паранены і памёр ад ран. Пахаваны з адданнем воінскіх ушанаванняў у Чэхаславакіі, г. Чэрлене”.
На руках у бабулі Маршы Венядзіктаўны на Гомельшчыне, у вёсцы Скепня Жлобінскага раёна, засталіся пяцёра дзетак: чатыры хлопчыкі і дзяўчынка, мая любімая цётка Сонечка. Тата быў старэйшым, так і пражыў жыццё, дапамагаючы ім ва ўсім. Бабуля, потым і тата ўсё шукалі магілу дзеда, пісалі ў ваенныя архівы — безвынікова: не аказалася такога паселішча — Чэрлене — на карце Чэхаславакіі. Можа, пісар памыліўся? Армія рухалася імкліва, паселішчы, вялікія і малыя, усе незнаёмыя былі... Бабуля і тата шукалі месца пахавання дзеда, і толькі я, унучка, — знайшла!!!
“Пахаронка” зберагалася ў мяне, і я пісала ў архівы Падольска і Масквы. Цеплілася ў сэрцы надзея. Згадвала пра дзеда ў вершах, успамінах пра родную і мне Скепню. Мы з сястрой часта слухалі аповеды бацькі пра дзядулю і, ніколі не бачыўшы яго, вельмі любілі, а стрыечная сястра Аксана нават сына назвала Нікадзімам. На стогадовым юбілеі бабуля Марша (пражыла яна 101 год і сем месяцаў) перадала мне як старэйшай унучцы рэліквіі роду: вясельную кашулю дзеда і ручнік, якія сама вышывала. Гэта такі дарагі падарунак для мяне, дачкі партызана, афіцэра Івана Нікадзімавіча Шчаслівенкі!
Летась, да 65-й гадавіны Перамогі, на сайце http://obd-memorial.ru (гэта банк дадзеных пра абаронцаў Айчыны, якія загінулі ці прапалі без вестак у перыяд Вялікай Айчыннай вайны) былі прадстаўлены адсканаваныя рукапісныя медыцынскія журналы былых шпіталяў і медсанбатаў. Там я і выявіла старонку з запісамі пра апошнія дні жыцця дзядулі. У іх звесткі, што паступіў ён на лячэнне 16 снежня 1944 г. з асколкавым раненнем у правае плячо, памёр 23 снежня ад так званай газавай гангрэны. Пахаваны на могілках горада Гуменне (Чэхаславакія), у брацкай магіле № 4...
Помніцца, шчасце і боль захліснулі мяне. Можа, і добра, што радкі пра апошнія дні жыцця дзеда давялося чытаць мне, а не тату ці бабулі. Але і радасць — знайшла! — перапаўняла сэрца. На зварот у пасольства Чэхіі ўдакладніць назву горада ваенны аташэ Давід Пастыржык паведаміў, што горад Гуменне цяпер на тэрыторыі Славакіі. З таго паведамлення і пачаўся ланцужок учынкаў добрых людзей, якія дапамаглі збыцца маёй мары, наведаць магілу дзеда. Я пісала ў пасольства Славакіі ў Маскве, маім пытаннем заняўся Іван Сліепка, супрацоўнік МУС Славакіі. Ён нямала дапамог, параіў выйсці на ўлады Гумення, зрабіў запыт пра дзеда ў Браціславу — адтуль прыйшоў адказ, што Шчаслівенка Н. Я. не лічыцца ў спісах пахаваных у тым горадзе Гуменне. Аднак там у магілах каля васьмі тысяч невядомых салдат, а ў мяне на руках — дакумент з дакладным запісам! Іван дапамог аднавіць ісціну аб пахаванні дзеда і да самага ад’езду сачыў, як рухаюцца справы.
У пасольстве Беларусі ў Славакіі мне дапамог саветнік Уладзімір Чахлоў: параіў звярнуцца па дапамогу да Івана Хопты, дэпутата Славакіі, гэта вядомы ў краіне чалавек, жыве ў Гуменні. Пасля званка дэпутату я ўжо была ўпэўнена: усё атрымаецца. Палітык выдатна валодае рускай мовай, ён вывучыў нашы дакументы, супаставіў факты, звярнуўся ў Камітэт барацьбы супраць фашызму горада Гуменне, яго актывісты і запрасілі нас на свята Нацыянальнага паўстання Славакіі ў якасці гасцей.
Сардэчна паставілася да маёй просьбы і супрацоўніца пасольства Беларусі ў Маскве Ніна Сцяпанаўна Шпак. Яна ўзяла пад патранаж ход пошукаў, дапамагала з афармленнем віз. У час знаходжання ў Маскве нашай сям’і быў прадастаўлены нумар у гасцініцы пасольства Беларусі. І сібіракі дапамагалі! Камітэт Перамогі ў Новасібірску аплаціў білеты на цягнік, старшыня Савета ветэранаў вобласці Вячаслаў Васільевіч Жураўлёў звярнуўся ў Камітэт барацьбы супраць фашызму ў Гуменне з просьбай прыняць нас, нашчадкаў савецкага салдата, які загінуў на тэрыторыі Славакіі. І дэпутат Пысін клапаціўся, каб нашы “славацкія” планы здзейсніліся, уладам Гумення быў перададзены падарункавы альбом “Гісторыя Новасібірска”. А старшыня праўлення Беларускага культурна-асветніцкага цэнтра ў імя святой Ефрасінні Полацкай Іван Панасюк аказаў нам матэрыяльную дапамогу. Ён расцаніў візіт прадстаўнікоў роду Шчаслівенкаў, Беларускага цэнтра ў Славакію не толькі як прыватную паездку, але і як місію памінання савецкіх салдат, якія загінулі ў бітвах за вызваленне Еўропы.
Цяпер у Расіі і Беларусі жывуць 10 родных унукаў дзеда Нікадзіма. На сямейным савеце вырашылі: адправіць у Славакію дэлегацыю з дзвюх унучак. Паехалі я, старэйшая, і малодшая Наталля, дакладней — Наталля Фёдараўна Балянкова, якая працуе дырэктарам Скяпнянскай агульнаадукацыйнай школы, той самай, дзе вучыліся некалі і наш дзядуля, і нашы бацькі.
І вось мы ў Гуменні. На пероне нас сустракаў з кветкамі Іван Хопта. Размясціўшыся ў гатэлі, паспяшаліся на могілкі. Там, на высокім пагорку і пабачылі помнік з зоркай на магілах загінулых байцоў Чырвонай арміі. На ім надпіс “Сваім вызваліцелям, доблесным воінам Чырвонай Арміі ад грамадзян горада Гуменне. 29.6.1945”. Магілы дагледжаныя, вакол чысціня, з пагорка відаць увесь горад. Гэтая зямля, падалося мне, цёплая — як родная і для майго дзеда. Нізкі паклон вам, браты-славакі! Па апісанні знайшлі магілу дзеда, з надпісам “Невядомы чырвонаармеец”. Хутка на аднаго невядомага будзе менш. Наш стрыечны брат Анатоль Мельнікаў, які жыве ў беларускім горадзе Жлобіне, зрабіў мемарыяльную дошку з прозвішчам дзеда. У Дзень нацыянальнага паўстання славакаў супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў яна зойме доўгачаканае месца на помніку...
Далей наш час быў распісаны па хвілінах: сустрэча з ветэранамі Камітэта барацьбы супраць фашызму, сустрэча з кіраўніцтвам горада... Потым святкаванне Дня нацыянальнага паўстання і мітынг, на якім і мне далі слова. Я гаварыла, што наш дзед быў беларускім селянінам. Ён гадаваў пяцёра дзяцей і ніколі не думаў, што возьме ў рукі зброю. Загінуў у росквіце сіл, у 42 гады, у гэтым горадзе. І цяпер, казала я, Гуменне для нас таксама стане родным горадам. Мы ўсклалі да помніка вянок з надпісам “Ад унукаў савецкіх салдат”.
Нас паўсюль сустракалі як самых блізкіх людзей: абдымалі, віншавалі з прыездам на магілу дзеда. На сустрэчы з ветэранамі мы разам спявалі рускія песні, прычым пачыналі іх славацкія сябры. Пабывалі ў гімназіі імя
Л.Свобады, пасябравалі з дырэктарам, наведалі дзіцячы сад. Многія гараджане запрашалі да сябе ў госці, абяцалі даглядаць магілу. На прапанову ўзяць грошы на пасадку кветак крыўдзіліся: мы што, кветак не знойдзем? Падарункаў і сувеніраў мы атрымалі — не злічыць! Колькі добрых людзей радаваліся разам з намі! Цёплым быў прыём у мэра Гумення Яны Валавай. Пра нас знялі сюжэты два каналы Славацкага тэлебачання. Дарэчы, мы даведаліся, што пра наш прыезд напісала газета “Карсар”, і калі я спытала ў кіёску: “Ці ёсць у вас газета “Карсар”?, мне ў адказ усміхнуліся: “З вашым фотаздымкам, мадам?” Нас сапраўды пазнавалі на вуліцах.
Пасля Гумення мы наведалі і Браціславу — па запрашэнні Жанны Мігалікавай, кіраўніка Саюза рускіх у Славакіі. Яна, як даведалася пра нашу паездку на магілу дзеда, вельмі нам паспрыяла. Пазнаёміла нас са сталіцай Славакіі, якая цяпер стала для нас роднаю, правяла экскурсію па горадзе, паказала помнікі Нацыянальнаму паўстанню і Славін — мемарыял у гонар савецкіх воінаў на вяршыні пагорка. З Жаннай мы наведалі пасольства Беларусі, далі інтэрв'ю карэспандэнтам радыё Браціславы. Шмат цікавага даведаліся пра работу Саюза рускіх у Славакіі, больш таго: беларусы Новасібірска гатовы сябраваць, ладзіць сумесныя мерапрыемствы з гэтай суполкай. Пра Саюз, дарэчы, мы даведаліся ў інтэрнэце: выдатны сайт, у суполкі шмат цікавай працы па захаванні рускай культуры.
Потым было цёплае развітанне з людзьмі, якія сталі нам роднымі. У дзень ад’езду з раніцы мы прыйшлі развітацца з дзедам, паклалі на яго магілу вянок — як знак памяці і вялікай удзячнасці ад усіх унукаў, якія не знайшлі сваіх дзядуляў.
P. S. Шмат водгукаў паступае ад людзей, у тым ліку і землякоў-беларусаў пасля таго, як яны даведваюцца пра нашу “місію памяці” ў Славакію, на магілу дзеда. “Дзякуй вам вялікі! Якую выдатную справу вы зрабілі! Гэта — прыклад для ўсіх і падтрымка для тых, хто прадаўжае пошукі. Мой дзед прапаў без вестак, у 1941-м...” — напісала Людміла Цвярцінава з Іркуцка. А мае аднакласнікі напісалі: “Мы ганарымся Вамі, Людміла Іванаўна!”. Так што беларусы — не тыя кепскія Іваны, што не памятаюць родавыя карані. Мы памятаем! Таму сведчаннем — напоўненыя болем і любоўю вершы маіх суайчыннікаў з Новасібірска, якія ні разу не бачылі сваіх дзядоў. А колькі дзяцей і ўнукаў названы ў Расіі, Беларусі, Украіне імёнамі тых, хто не вярнуўся з вайны! Так, у нас цяпер — імклівы тэмп жыцця, мы ўсе некуды спяшаемся, але ёсць святое, ёсць Памяць Сэрца. І там заўсёды знойдзецца месца згадкам пра нашу горкую і слаўную гісторыю, гісторыі перамог і страт. Галоўнае — не згубіць нітачку, якая звязвае пакаленні роду агульным клопатам. Не адарвацца б нам ад каранёў сваіх, захаваць, не забыцца і нашчадкам перадаць, што мы — дзеці вялікай, міралюбнай, таленавітай нацыі. А таму, каб быць моцнымі і надалей, трэба трымацца нам заўсёды разам. Пра гэта і мой верш:
Мы — белорусы. Древний род,
С дреговичских племён доныне,
Желаньям многих вопреки
Сберёг славянские святыни.
Покуда будем мы хранить
Льняные белые рубахи
Своих дедов и матерей —
Ни тлен нас не возьмёт,
ни страхи!
Людміла Шчаслівенка,
намеснік дырэктара Беларускага культурна-асветніцкага цэнтра
ў імя святой Ефрасінні Полацкай, Новасібірск