Мінулае мінула?
Чалавек, які вярнуўся з калоніі, павінен атрымліваць шанц на сацыяльную і працоўную рэабілітацыю
Тыдзень таму ў брэсцкім вяслярным канале была знойдзена ўтопленая дзяўчына. І вось нядаўна выпадкова даведваюся, што душагуб, аказваецца, жыў у суседнім пад'ездзе майго дома. У свае 23 гады ён адседзеў тэрмін і толькі што вызваліўся з калоніі. Два дні, як прыехаў у родны горад, нават зарэгістравацца ў міліцыі не паспеў... Я гэта да таго, што ёсць пэўная частка былых вязняў, якія б лепей зусім не вярталіся на свабоду. Гэта людзі з канчаткова скалечанымі душамі. Але я хачу пагаварыць пра іншых, тых, у каго ёсць шанц застацца людзьмі. І мы, грамадства, павінны гэты шанц ім даць, а таксама дапамагчы яго рэалізаваць.
Добразычлівасць і спагада
Людміла Брашко, спецыяліст цэнтра сацыяльнага абслугоўвання Ленінскага раёна Брэста, працуе з гэтай катэгорыяй грамадзян не адзін год. Калі людзі вызваляюцца, яны павінны станавіцца на ўлік у тэрытарыяльным аддзеле міліцыі. А там вельмі часта рэкамендуюць звярнуцца ў сацыяльную службу, дзе могуць і парадай дапамагчы, і аказаць пэўную матэрыяльную падтрымку. Некаторыя за час зняволення губляюць жыллё, сувязі, а здараецца, і навыкі жыцця на волі. У Людмілы Аляксееўны свой погляд на праблему і свае гісторыі. Думаю, што дзве з іх уяўляюць пэўную цікавасць.
Сяргей М. сем гадоў правёў у калоніі. Вярнуўся ў Брэст і прыклаў усе намаганні да таго, каб уладкавацца на працу і вярнуцца да нармальнага жыцця. Малады чалавек мае надзвычай чуйныя, незвычайныя рукі. І пасля заканчэння адпаведных курсаў ён стаў высакакласным масажыстам. Пачаў зарабляць грошы, стаў наладжвацца побыт. Сяргей ажаніўся, а нядаўна радыкальна змяніў жыццё — пераехаў з жонкай у Санкт-Пецярбург. Ён не раз гаварыў з супрацоўнікамі цэнтра пра тое, што яму дапамагло на шляху ў новае жыццё. Па-першае, вера ў Бога, да якой ён прыйшоў за кратамі, а па-другое, добразычлівасць навакольных людзей. Калі ён вучыўся, працаваў, ніхто ніколі не ўспамінаў пра мінулае. Гэта стала бальзамам, што лекаваў душу. А сутыкніся ён з чэрствасцю, нядобразычлівасцю, адкрытай непрыяззю да былога зэка, невядома куды маглі б накіравацца незвычайныя ўласцівасці яго рук. Відаць, многія глядзелі серыял "Сонька — залатая ручка" альбо чыталі пра віртуозную зладзейку канца ХІХ стагоддзя.
Другая гісторыя змясціла ў сабе больш сціплую біяграфію, але таксама стала сведчаннем перамогі добрага пачатку чалавечай душы. Вадзім адседзеў пяць гадоў. У родным горадзе ўладкаваўся на працу ахоўнікам аднаго буйнога ўніверсама. Не курыць, не п'е, стаў узорным сямейнікам. У апошнім выпадку, лічыць Людміла Брашко, вельмі важна, што дырэктар магазіна згадзіўся ўзяць яго на працу. Далёка не ўсе кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый хочуць звязвацца з тымі, хто меў праблемы з законам. І іх можна зразумець. Дастаткова паслухаць людзей, у якіх працуюць так званыя абавязаныя з ліку нядбайных бацькоў, што мусяць зарабляць на ўтрыманне ўласных дзяцей. І на працу іх трэба ледзь не за руку вадзіць, і звольніць іх не можаш, і сваімі паводзінамі яны падрываюць дысцыпліну ў калектыве.
Праца і жыллё
І ўсё ж грамадства павінна даваць шанц на рэабілітацыю. І такім шанцам найперш з'яўляецца праца як сродак да сумленнага існавання. Таму павагі заслугоўваюць кіраўнікі прадпрыемстваў і ўстаноў, якія праяўляюць грамадзянскую свядомасць. Пасля адбывання пакарання людзі вяртаюцца ў грамадства, яны будуць жыць побач з намі. Кожны можа сутыкнуцца з такім чалавекам у штодзённым жыцці, і ад кожнага залежыць, які імпульс пойдзе далей ад гэтых стасункаў. Як вядома, зло найболей здольнае спарадзіць зло. Людміла Аляксееўна лічыць, што добразычлівасць і спагада — найлепшыя спадарожнікі пры працы з былымі зняволенымі.
А яшчэ, на яе думку, неабходна на ўзроўні краіны ствараць цэнтры рэабілітацыі. Тое, чым можа дапамагчы цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва былому вязню, — вельмі малая падтрымка. Спецыялісты ўстановы могуць прапанаваць адзенне з гуманітарнай дапамогі, накіруюць у гарвыканкам, дзе можна напісаць заяву на атрыманне пэўнай сумы грошай, бяруць на абслугоўванне таго, хто страціў здароўе і мае інваліднасць. Але гэтага вельмі мала, калі чалавек аказаўся без усяго: жылля, падтрымкі родных і блізкіх, без вопраткі, посуду, побытавых рэчаў. Вось для такіх грамадзян і варта ствараць нейкія жылыя цэнтры, каб адсутнасцю элементарных сродкаў існавання не падштурхнуць іх на новыя правапарушэнні. У некаторых краінах свету такая дапамога добра развітая.
Ёсць пэўныя напрацоўкі і ў розных абласцях нашай краіны. Не было да гэтай пары такога цэнтра толькі ў Брэсце. Але літаральна тыдзень-два таму ён з’явіўся. Адрамантаваныя і абсталяваныя два пакоі ў адным з рабочых інтэрнатаў па вуліцы Савецкай Канстытуцыі. Такім чынам падрыхтаваны тры жаночыя і тры мужчынскія месцы. Мяркуецца, што гэтая інтэрнатная жылплошча стане часовым прытулкам для людзей, якія засталіся без рэгістрацыі і без месца пражывання. Вядома, сяліць сюды будуць не кожнага ахвотнага, а таго, хто падае пэўныя надзеі на выпраўленне. Бо за час знаходжання ў цэнтры чалавек павінен зрабіць патрэбныя дакументы, прайсці медагляд, уладкавацца на працу і нейкім чынам вырашыць сваю жыллёвую праблему.
Жаданне і магчымасці
Начальнік крымінальна-выканаўчай інспекцыі Маскоўскага РАУС Брэста Андрэй Ульяніцкі з асцярожнасцю ставіцца да ідэі стварэння маштабных цэнтраў рэабілітацыі. Але пра гэта крыху пазней.
А цяпер некалькі лічбаў. У вобласць штогод вяртаецца з месцаў пазбаўлення волі каля 2000 чалавек. Большасць з іх маюць узрост ад 25 да 40 гадоў. За першае паўгоддзе гэтага года па дапамогу ў сацыяльную службу звярнулася каля адной тысячы асоб. 227 чалавек папрасілі дапамогі ў працаўладкаванні. За гэты час 248 грамадзян атрымалі псіхалагічную падтрымку, 108 — адрасную, 86 — гуманітарную, 17 — прававую, дваім дапамаглі з жыллём.
Паводле думкі Андрэя Ульяніцкага, той, хто хоча назаўсёды парваць са сваім нялепшым мінулым, заўсёды знойдзе такую магчымасць. А жаданне, зразумела, — найпершая ўмова здзяйснення. Андрэй Анатолевіч прыводзіць сваю раскладку: зараз у яго ў полі зроку прыкладна 70 чалавек, якія вызваліліся. Вялікая частка з іх — былыя памежнікі, мытнікі, дзяржслужачыя, якія трапілі за краты на першай хвалі барацьбы з карупцыяй. У гэтых людзей ёсць сем'і, жыллё, маральная падтрымка родных і блізкіх. Тут ніякая дапамога не актуальная, акрамя хіба псіхалагічнай. З усіх сямі дзясяткаў недзе чалавек дзесяць маюць патрэбу ў рэальнай сацыяльнай рэабілітацыі. Трое, на жаль, выбралі для сябе напаўбамжаваты лад жыцця. Сілай жа чалавека не прымусіш быць чалавекам, як бы ні стараліся любыя службы. Аднаму, напрыклад, дапамаглі зрабіць пашпарт, выканкам аказаў матэрыяльную дапамогу, уладкавалі на курсы для атрымання спецыяльнасці. Неўзабаве з курсаў звоняць: ён перастаў хадзіць на заняткі, каардынаты не пакінуў. Гэта да размовы аб тым, што, каб змяніць жыццё, найперш патрэбна воля чалавека. Не так даўно Андрэй Ульяніцкі наведаў Брэсцкі камбінат будаўнічых матэрыялаў, дзе працуюць чатыры чалавекі, якія вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі. Не сказаць, каб гэтыя людзі паказвалі ўзоры працоўнага гераізму, але і вялікіх праблем з імі няма. А кіраўніцтва названага прадпрыемства якраз прадэманстравала ўзор грамадзянскай пазіцыі. Нехта ж, у рэшце рэшт, павінен гэтым займацца.
Начальнік крымінальна-выканаўчай інспекцыі раёна лічыць, што неабавязкова ствараць вялікія цэнтры рэабілітацыі для гэтых асоб. Дастаткова для пачатку і некалькіх пакояў інтэрната, якія, дарэчы, абсталяваны ў Маскоўскім раёне. Паводле слоў Андрэя Угляніцкага, заслугоўвае ўвагі вопыт працы цэнтра сацыяльнага абслугоўвання іх раёна, асабліва яго псіхалагічнай службы. Штатны псіхолаг Алена Харашкевіч стараецца дастукацца да сэрцаў людзей, што прыходзяць у іх установу. Нядаўна нават культпаход у тэатр для іх арганізавала. Хто ведае, можа, мова мастацтва здольная зачапіць далёка схаваную добрую струнку душы. Некаторыя ж з іх за ўсё сваё жыццё ні разу не былі ў тэатры. Ствараецца ўражанне, што яны наогул не ведалі пра існаванне іншага свету, чым той, які прывёў іх на нары. Для пачатку варта хаця б паказаць ім гэты свет.
Святлана ЯСКЕВІЧ.