ТБМ заклікае грамадзян патрабаваць аднаўлення выхаду газеты «Раніца»
Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны выступіла з заявай, у якой заклікала грамадзян патрабаваць аднаўлення выхаду дзіцячай газеты «Раніца» ў ранейшым фармаце, паведамляе БелаПАН.
«Са сродкаў масавай інфармацыі стала вядома, што па загадзе чыноўнікаў спыніла сваё існаванне адзіная беларускамоўная дзіцячая газета «Раніца», — адзначаецца ў заяве. — Гэта выданне на працягу 82 гадоў несла беларускае слова ў беларускую школу, выхоўвала патрыятызм і любоў да беларускай мовы і культуры ў нашых дзетак. Не іначай як здзекам выглядае абяцанне чыноўнікаў зрабіць з «Раніцы» маленькі штомесячны дадатак да рускамоўнай газеты («Переходный возраст». — БелаПАН.)».
«Мы заклікаем грамадзян Беларусі неадкладна звяртацца да беларускага ўрада з патрабаваннем аднавіць выхад газеты «Раніца» і аб'явіць падпіску на гэтае выданне на наступны год, год юбілеяў класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы, Якуба Коласа і Максіма Танка», — гаворыцца ў адозве.