Падпісчыца, карэспандэнтка, прыгажуня
Таццяна Падліпская — карэспандэнт раённай газеты "Родная ніва", выкладчыца беларускай мовы ў школе ў вёсцы Вялікі Мох Клімавіцкага раёна і верная падпісчыца "Звязды".
— Так, я люблю вашу газету! — усміхаецца сімпатычная клімаўчанка. — І нават ужо ўбачыўшы прозвішчы аўтараў, ведаю, пра што буду чытаць. Але ўсё ж найбольш мне падабаюцца фотаздымкі Анатоля Клешчука. Я захапляюся яго творамі: сама фатаграфую, і работы гэтага майстра для мяне — эталон, узор.
Таццяна атрымала філалагічную адукацыю ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя Куляшова. Сёння ж гэтая маладая, прыгожая і энергічная жанчына заканчвае завочнае навучанне па спецыяльнасці "Журналістыка".
Яна вырашыла звязаць сваё жыццё з журналістыкай яшчэ ў юнацтве, пасля паспяховага ўдзелу ў творчым конкурсе адной з беларускіх газет. Цяпер яна працуе ў раёнцы і ўжо тры гады супрацоўнічае са "Звяздой" і іншымі рэспубліканскімі выданнямі.
— Я, канечне, разумею, што ў цяперашняй сітуацыі беларускамоўнаму выданню цяжэй канкурыраваць на рынку СМІ, — разважае журналістка. — Але трэба захоўваць родную мову: гэта я імкнуся данесці і да сваіх вучняў. І яшчэ вельмі важна, на мой погляд, не толькі асвятляць жыццё гарадоў, але даязджаць да глыбінкі і сустракацца, гутараць з чытачамі. Я, дарэчы, нядаўна ў адной невялікай вёсцы пазнаёмілася з жанчынай сталага ўзросту, якая паўжыцця выпісвае "Звязду".
Таццяна дасылае ў нашу газету свае заметкі, імкнецца знаходзіць цікавыя тэмы:
— Я цікаўлюся рознымі старадаўнімі абрадамі і ўвогуле імкнуся знаходзіць незвычайнае ў звычайным. Часам вельмі сціплыя на выгляд і ў паводзінах людзі аказваюцца самымі таленавітымі, самымі цікавымі.
Таццяна выйграла ў розыгрышы падпісчыкаў карысную рэч — прас. Гаворыць, што ўжо некалькі разоў дасылала на розыгрыш карткі, але ніякіх прызоў не атрымлівала. А вось у трэці раз (нездарма гавораць, відаць, што Бог тройцу любіць!) з лёгкай рукі сваёй калегі і аднагрупніцы ва ўніверсітэце, якая жартам паабяцала абавязковую перамогу, картка падпісчыка адправілася ў Мінск і, нарэшце, выйграла.
— Я жадаю "Звяздзе" пашырыць чытацкую аўдыторыю! І, безумоўна, творчых праектаў, звязаных з рэгіёнамі, новых цікавых ідэй!
Таццяна прызналася, што, як вельмі цікаўны чалавек, яна яшчэ ўвечары праглядае на сайце "Звязды" электронную версію новага нумара: хочацца ўбачыць, што там будзе заўтра ў газеце, які галоўны здымак і самыя цікавыя артыкулы.
— Але мне падаецца, — зазначае маладая журналістка, — што нішто не заменіць задавальнення ад чытання звычайнай газеты, калі бярэш у рукі паперу, якая шамаціць, і адчуваеш пах друкарскай фарбы. Таму, мне падаецца, што нармальную газету ніколі не заменіць электроннае выданне. Такі мой прагноз.
Як і ўсе мы, Таццяна радуецца прыгожым (апошнім цёплым?) восеньскім дням. Рэдакцыя клімавіцкай раёнкі знаходзіцца якраз насупраць цэнтральнага парку, і таму фотаздымак з падарункам яна прапанавала зрабіць менавіта на фоне восеньскіх дрэў і жоўтага лісця. Я, вядома, не Кляшчук, але атрымалася нядрэнна. Ці не так?
З павагай да калегі і з пажаданнямі ўдачы ўсім падпісчыкам "Звязды" ў новым розыгрышы,
Ілона Іванова.
г. Клімавічы.