"Нованароджаны" скандал вакол прыватнай радзільні

Источник материала:  
14.10.2011 08:59 — Новости Общества

"Нованароджаны" скандал вакол прыватнай радзільні


Першая прыватная радзільня можа з'явіцца ў Беларусі. Яе вырашыла пабудаваць сталічная клініка "Новы зрок". Інвестар будаўніцтва — СТАА "ФСК-Груп" — гатовы ўзвесці новы корпус побач з клінікай. Вось толькі жыхары навакольных дамоў з гэтым не згодныя: яны лічаць выбар месца для будаўніцтва вельмі няўдалым.

Жыхары новай медустанове не рады

Мы не будзем зараз доўга разважаць на тэму, ці патрэбна нам прыватная медыцына. Ва ўсім свеце менавіта яна дапамагае дзяржаве несці цяжар клопату пра здароўе грамадзян. Ды і большасць з тых, каму давялося нараджаць, скажуць, што бясплатных родаў усё адно не бывае. Таму многія былі б рады прыйсці ў прыватную клініку і, азнаёміўшыся з прэйскурантам, выбраць самім, дзе нараджаць. Несумненна, знойдзецца нямала ахвотных афіцыйна заплаціць за магчымасць зрабіць гэта ў камфортных умовах і пры належным доглядзе. Ну, а тыя, хто не зможа дазволіць сабе прыватную клініку, пойдуць у дзяржаўныя медустановы, але ўжо больш "разгружаныя", з меншай колькасцю пацыентаў.

Але гаворка зараз пойдзе не на медыцынскую тэму, а на будаўнічую.

Ужо хутка два месяцы, як злашчасны раддом — самая папулярная тэма абмеркавання сярод жыхароў дамоў № 7 па вул. Клумава, № 1 / 9 па вул. Стаханаўскай, № 12 / 3 і № 8 па вул. Чабатарова. Менавіта яны напісалі скаргу ў рэдакцыю "Звязды", у якой гаворыцца, што ў Мінску ў зоне жылой шматкватэрнай забудовы, у цэнтры двара запланавана будаўніцтва бальнічнай арганізацыі. У прыватнасці, плануецца пабудаваць аб'ект "Корпус "Б" медыцынскага цэнтра па вул. Клумава, 5а". Паводле папярэдніх звестак, ён будзе ўяўляць сабой сяміпавярховы будынак прыватнага "перынатальнага цэнтра" і ўключаць радзільнае, гінекалагічнае аддзяленні, шматпрофільную дыягнастычную лабараторыю, аддзяленне рэпрадукцыі і генетыкі (ЭКА), жаночую кансультацыю, аддзяленне фетальнай хірургіі.

"Нованароджаны" скандал вакол прыватнай радзільні
Пасярэдзіне гэтага мінскага двара хочуць пабудаваць загадкавы "перынатальны" цэнтр.

У цяперашні час, гаворыцца ў скарзе, медыцынскія арганізацыі з радзільнымі аддзяленнямі, якія размяшчаюцца на дваровай тэрыторыі, можна сустрэць хіба што ў найменш развітых і бедных краінах Афрыкі і Лацінскай Амерыкі, дзе дапускаецца размяшчаць у жылых будынках што заўгодна. Жыхары дамоў, у чыім двары плануецца пабудаваць перынатальны цэнтр, пішуць, што не згодны пераймаць такі "перадавы вопыт".

185 подпісаў пад пратэстам

Ну, а што нам скажуць на месцы падзей?..

"Я разумею, што гэта, можа, і патрэбная справа, — вагаецца адна з мясцовых жыхарак. — Але будаваць бальніцу ў двары жылога дома — з харчблокам, гаспадарчымі пабудовамі, стаянкай машын... Тут жа нічога не застанецца ад двара!"

"Для нас гэта стала велізарнай праблемай, — гарачыцца другая, якую вельмі турбуе экалогія. — У нас з аднаго боку чыгунка, якая дае шум і вібрацыі, з другога — ліцейка (трактарны завод) са сваімі выкідамі. Нам трэба было б пасадзіць яшчэ больш дрэў, але атрымліваецца, спілуюць нават тыя, што ёсць".

"Яшчэ невядома, ці вытрымаюць гэта будаўніцтва навакольныя дамы, тут і так вібрацыя моцная, некаторыя з іх з трэшчынамі", — умешваецца ў размову яшчэ адна дама, якая толькі што падышла.

Незадаволены мясцовыя жыхары і тым, як было арганізавана грамадскае абмеркаванне праекта. Яно праходзіла з 25 ліпеня па 18 жніўня. Але, па іх словах, аб'явы на пад'ездах аб тым, што ў ДК Трактарнага завода будзе прадстаўлена экспазіцыя будаўніцтва, павесілі толькі 17 жніўня. Пры гэтым аказалася, што сход па пытаннях забудовы правялі 10-га, але пра яго жыхароў не папярэджвалі.

Людзі сцвярджаюць, што на экспазіцыі "Аб'ект будаўніцтва "Корпус "Б" медыцынскага цэнтра па вул. Клумава, 5а", не было ніякай інфармацыі ні пра памеры зямельнага ўчастка, што адводзіцца пад будынак, ні пра памеры самога будынка, ні пра наяўнасць стацыянара і рэжым працы. Хоць у склад экспазіцыі горадабудаўнічых праектаў, што выносяцца на грамадскае абмеркаванне, павінны ўключацца графічныя і тэкставыя матэрыялы абгрунтавальнай і зацвярджальнай часткі праектаў.

Асцярогі жыхароў зараз выклікае ажыццяўленне іншага праекта, згодна з якім гарадскія ўлады да 2015 года павінны знесці 4 двухпавярховыя дамы па вуліцы Чабатарова, а замест іх пабудаваць сяміпавярховы дом на 174 кватэры. Атрымліваецца, калі пабудуюць гэты радзільны дом, то пра знос двухпавярховых можна забыцца, кажуць людзі. Бо для 174-кватэрнага дома патрэбна адпаведная інфраструктура на прысядзібнай тэрыторыі, зялёная зона, паркоўкі — дзе ўсё гэта цяпер размясціць? "Раней палову нашага двара збіраліся забраць пад дзіцячую пляцоўку і паркоўку для гэтага дома, і мы былі не супраць. Цяпер гэтага не будзе: няма месца. Так што гэтыя двухпавярховікі, якія збіраліся знесці, мабыць, яшчэ перажывуць сваіх гаспадароў".

Самыя ж ініцыятыўныя жыхары сцвярджаюць, што рознымі шляхамі спрабавалі даведацца больш пра "аб'ект" і выявілі мноства парушэнняў горадабудаўнічых, супрацьпажарных і санітарных нормаў з-за недахопу тэрыторыі, з нагоды чаго накіравалі ў адміністрацыю Партызанскага раёна г. Мінска калектыўную скаргу, падпісаную 185 грамадзянамі. Акрамя таго, яны падалі скаргі ў тры міністэрствы (Мінпрыроды, Міністэрства аховы здароўя, Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва), ДАІ, пажарным і ў Мінгарвыканкам.

У гэтым двары і так, па словах жыхароў, ёсць парушэнні па арганізацыі ўнутрыдамавых праездаў, адсутнічаюць пешаходныя дарожкі і паркоўкі. А калі будзе пабудаваны і запрацуе раддом, сюды, напэўна, будуць прыязджаць з усёй краіны і з-за мяжы. Паркоўка ў новага цэнтра разлічана толькі на 16 месцаў, і людзі асцерагаюцца, што астатнія машыны кліенты цэнтра будуць ставіць на дваровай тэрыторыі.

Ну, а некаторыя скептыкі ідуць у сваіх сцвярджэннях яшчэ далей. "Ну і што там канкрэтна будзе? — пытаюцца яны. — Нічога ж толкам не вядома...".

Увогуле, пазіцыя жыхароў зразумелая. Хто ж будзе рады "ўшчыльненню"? І падобна, некаторыя сумненні жыхароў навакольных дамоў усё ж не пазбаўленыя падстаў. Таму што дырэктар СТАА "ФСК-Груп" Аляксандр Салаўёў, да якога ўсе ж такі атрымалася датэлефанавацца карэспандэнту "Звязды", пацвердзіў, што яшчэ не вырашана да канца, што будзе размяшчацца ў запланаваным будынку. Магчыма, перынатальны цэнтр, магчыма, нешта іншае, але ў любым выпадку гэта будзе медыцынская ўстанова, — запэўніў ён нас.

Што кажуць гарадскія ўлады?

— Мы праінфармавалі жыхароў аб тым, што мяркуецца будаўніцтва гэтага аб'екта, — заявіў нам намеснік кіраўніка адміністрацыі Партызанскага раёна г. Мінска Алег Пракаповіч. — Ёсць акт выбару зямельнага ўчастка, падпісаны інвестыцыйны дагавор паміж прадпрыемствам "ФСК-груп" і Рэспублікай Беларусь па пытанні будаўніцтва аб'екта. Зразумейце, мы не пытаемся жыхароў, хочуць яны, каб гэта будавалася, ці не — мы іх інфармуем.

Падставай для размяшчэння будынка ў гэтым месцы, па словах Алега Пракаповіча, было ў тым ліку і заключэнне Камітэта архітэктуры, у якім адзначалася, што гэты будынак не будзе супярэчыць горадабудаўнічым нормам і правілам. Дадаткова прадпрыемства "ФСК-груп" звярнулася ва УП "Мінскграда" для выканання горадаэканамічнага абгрунтавання размяшчэння будынка.

— Праекта яшчэ няма, таму мы паказалі жыхарам эскіз меркаванага месцазнаходжання аб'екта. Я сам праводзіў сустрэчу з жыхарамі, я ім растлумачыў, што на сённяшні дзень канкрэтнай схемы пасадкі будынка, колькасці паверхаў і стаяначных месцаў яшчэ няма — усё гэта будзе вызначацца праектам, — сцвярджае намеснік кіраўніка адміністрацыі. — Спачатку горадаэканамічнае абгрунтаванне, потым праект, далей экспертыза гэтага праекта.

Алег Пракаповіч запэўнівае, што правы і інтарэсы жыхароў ніякім чынам не будуць парушаныя: "У адпаведнасці з праектам дэталёвай планіроўкі на месцы размяшчэння двухпавярховых дамоў плануецца пабудаваць сяміпавярховыя дамы. Трохпавярховыя дамы зносу не падлягаюць, яны падлягаюць рэканструкцыі з надбудовай мансардных паверхаў. Калі па правілах неабходна размясціць дзіцячую пляцоўку, яна будзе размешчана. Ёсць пэўныя нормы і правілы ўтрымання і эксплуатацыі жыллёвага фонду, усё пралічваецца".

Гэтыя двары, спраектаваныя ў 40-х гадах, займаюць велізарныя тэрыторыі. Але Мінск — сталіца, і зямля тут каштуе немалых грошай, — заяўляе намеснік кіраўніка адміністрацыі раёна, які перакананы, што і раёну, і гораду новы аб'ект медыцынскага прызначэння прынясе толькі карысць. — Праязджаючы міма "Новага зроку", можна бачыць, што там стаяць машыны і з віцебскімі, і з гродзенскімі нумарамі... Можа, хтосьці лічыць, што медцэнтр узбагачаецца на лячэнні, але нам трэба мець і платную медыцыну. Да таго ж, не трэба забывацца, што будаўніцтва гэтага аб'екта — гэта прамыя замежныя інвестыцыі. І, як і любое будаўніцтва, — гэта новыя рабочыя месцы, дадатковыя падаткі ў бюджэт. Усе гэта будзе спрыяць развіццю раёна і горада. Ды і развіццё такога новага напрамку ў медыцыне, магчыма, паспрыяе паляпшэнню дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне.

* * *

Такія вось думкі зацікаўленых бакоў. Асцярогі і трывогі мясцовых жыхароў зразумелыя, але і пазіцыя гарадскіх уладаў выглядае абгрунтаванай. І сапраўды, прылеглая да жылых дамоў тэрыторыя — не прыватная ўласнасць жыхароў. Ёсць іх інтарэсы — і ёсць інтарэсы горада. "Ушчыльненне" ідзе сёння ва ўсіх сталіцах, і гэты працэс наўрад ці можна будзе спыніць у бліжэйшай будучыні. Новыя інвестыцыі, будаўніцтва яшчэ адной установы аховы здароўя — справа, безумоўна, выдатная. Хоць, зразумела, пры гэтым не павінны парушацца правы жыхароў. Нагадаем, канчатковае рашэнне па гэтым праекце яшчэ не прынята. 

←14 октября православные отмечают Покров Божьей Матери

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика