"Я іншаземец і хачу прадстаўляць Беларусь на "Еўрабачанні":.. большасці беларусам гэтая ідэя не спадабаецца..."
Яго завуць Элай, і ён родам з Лівана. Кампазітар, выканаўца і рэжысёр-пачатковец. Менавіта ён ускалыхнуў на мінулым тыдні медыяпрастору Беларусі: спявак хоча прадставіць Беларусь на конкурсе "Еўрабачанне-2011" у Баку.
Пытанне ў тэму:
Беларусь на "Еўрабачанні" прадставіць спявак з Лівана: ваша рэакцыя?
Святлана Стацэнка, мастацкі кіраўнік студыі імя У. Мулявіна:
— Беларусь павінны прадстаўляць беларусы. Ні ў якім разе не раздзяляю нейкія там расісцкія погляды, аднак думаю, што было б дарэчна, калі б ліванец прадстаўляў Ліван. У адваротным выпадку я не бачу тут рацыянальнага зерня. Не хацела б пакрыўдзіць армян, азербайджанцаў і грузін, якія даўно жывуць у Беларусі і пусцілі тут свае карані, — іх я ўспрымаю як сваіх, як беларусаў. А ўвогуле, нам проста патрэбна добрая каманда, якая б сабралася разам і спакойна, інтэлігентна ўсё абмеркавала б.
Канстанцін Драпеза, (дуэт "Аляксандра і Канстанцін"):
— А які спявак? Проста чалавек, якога ніхто ў Беларусі не ведае? Калі так, то рэакцыя негатыўная. Спявак павінен сябе перш-наперш якімсьці чынам праявіць у нашай культуры. Той жа балгарын Філіп Кіркораў, перш чым трапіць на "Еўрабачанне", спачатку зрабіў сабе імя на постсавецкай прасторы. Што датычыць Элая, то я ўжо казаў яму: калі ты хочаш дасягнуць поспеху тут, найперш ты павінен запісваць песні па-руску або па-беларуску. Вывучыць хаця б некалькі песень тых жа "Песняроў".
Людміла Якімовіч, "Міс Беларусь-2010":
— Удачы яму!<І> (смяецца) . А ён мае якое-небудзь дачыненне да Беларусі? Ці ёсць у яго наша грамадзянства? Калі не, то лепш бы хто з Беларусі паехаў. Вядома, на дэманстрацыю супраць яго я не пайду, але ўсё ж хацела б убачыць на конкурсе беларускіх выканаўцаў. Іх, на шчасце, у Беларусі хапае.
Аляксандр Ціхановіч, спявак:
— Рэч у тым, што правілы беларускага адбору на "Еўрабачанне" прадугледжваюць удзел у конкурсе ўсіх ахвотных, аднак толькі грамадзян Беларусі. Калі спявак ліванскага паходжання мае беларускае грамадзянства і калі ён пераможа на нацыянальным адборы, ён можа прадставіць Беларусь. Калі ж беларускага грамадзянства ў яго няма — удзельнічаць у адборы ён не мае права.
Падрыхтаваў Ілья ЛАПАТО.
Карэспандэнт "Звязды" высвятляў у Элая, чым яго так прывабіла Беларусь, як ён ставіцца да беларускіх дзяўчат і на якія ахвяры ён гатовы дзеля "Еўрабачання".
Вандруючы аднойчы па Тыбеце, Элай сустрэў вулічнага прадказальніка. Той распавёў, што будучыня хлопца будзе непарыўна звязана з краінай ва Усходняй Еўропе — "там, дзе мноства рэк, азёр і спрэс прыгожыя дзяўчаты". А праз пэўны час Элай упершыню наведаў Беларусь.
— Перад прыездам у Мінск я баяўся, што людзі будуць нядобразычлівымі ў адносінах да мяне, бо я араб, — распачынае гаворку Элай. — Але гэта былі дарэмныя перасцярогі. Беларусы ў большасці — дружалюбныя і гасцінныя. Я быў у Беларусі ўжо 10 разоў, і мне тут вельмі падабаецца.
— У гэтай гісторыі з Тыбетам: вы ўпэўненыя, што мелася на ўвазе якраз Беларусь, а не Украіна ці Польшча?
— У Беларусі я запісаў свой першы альбом (адна з песень — з Аляксандрай Кірсанавай. — заўв. аўт.) і зняў два кліпы. Мяркую, што гэта менавіта тая краіна, якая была прадказана. Усё атрымалася выпадкова — з людзьмі з Беларусі я пазнаёміўся ў інтэрнэце. Пазней ужо яны пазнаёмілі мяне са сваімі сябрамі з музычнага свету. Спачатку я вырашыў запісаць адну песню, аднак у выніку запісаў увесь альбом, які павінен выйсці праз пару месяцаў.
Я зараз падумаў... Вядома, гэта можа быць па прадказанні і Польшча, і Украіна. Я не ведаю, як гэта праверыць! Але па адчуваннях, мне вельмі ўтульна тут — у Беларусі.
"Крытыка — гэта добра"
— Натуральнае пытанне: чаму хочаце ўдзельнічаць у "Еўрабачанні" ад Беларусі?
— А чаму б і не? Беларусь — цудоўная краіна, я прыязджаю сюды кожныя тры месяцы, каб расслабіцца і адпачыць душой. Выступіць на Еўрабачанні — мая мара, нават калі гэтая мара неажыццяўляльная і практычна немагчымая. Але я паспрабую, ад гэтага я нічога не згублю. Лічу, што большасці беларусаў не спадабаецца гэтая ідэя, бо я іншаземец і хачу прадстаўляць іх краіну...
Яны маюць права на гэта. Што датычыць мяне, то я прыязджаю з мірам — я не хачу тут ворагаў. Усё, што мне патрэбна — гэта мець добрых сяброў і прыхільнікаў. А яшчэ я хацеў бы знайсці тут будучую жонку.
— Чаму Ліван, які мае права ўдзелу ў "Еўрабачанні", яшчэ ні разу ім не скарыстаўся?
— Па палітычных прычынах. Спадзяюся, аднойчы мы зробім гэта. У Ліване шмат цудоўных артыстаў, гатовых да ўдзелу ў конкурсе.
— Конкурс "Еўрабачанне" ў Беларусі заўсёды абмяркоўваюць вельмі актыўна. Ці не баіцеся крытыкі ў свой адрас?
— Як і казаў раней, я прыязджаю з мірам. У людзей ёсць права мяне любіць або ненавідзець. Што да мяне, то я не магу ненавідзець таго, з кім незнаёмы...
Знешнасць — гэта яшчэ не ўсё. Я ўпэўнены, што магу змяніць меркаванне чалавека пра сябе, калі мы пасядзім разам за кубкам гарбаты і паразмаўляем.
Але крытыка — гэта добра. У большасці выпадкаў яна дапамагае ўдасканальвацца.
"Я не супраць падвойнага грамадзянства"
— Калі вас выберуць, ці будзеце вы гатовыя штосьці змяніць у сваёй знешнасці: перафарбаваць валасы, пагаліць бараду?
— Я заўсёды мяняю стыль. Сёння такі — заўтра іншы. Без праблем гатовы змяніць знешні выгляд: гэта мая кар'ера, і знешнасць патрабуе ў ёй час ад часу абнаўлення.
— А ці гатовы былі б змяніць грамадзянства на беларускае?
— Я не супраць падвойнага грамадзянства. Але, вядома, ад свайго грамадзянства я не адмоўлюся.
— Хто з беларускіх выканаўцаў на "Еўрабачанні" вам запомніўся найбольш?
— Дзіма Калдун. Яго выступленне было цікавым, і стыль песні мне падабаецца.
— Як вы пазнаёміліся з Аляксандрай Кірсанавай і гуртом "Lіtеsоund"?
— З Аляксандрай мяне пазнаёміў Генадзь, гаспадар студыі, дзе я запісваў альбом. У той час ён працаваў над песняй для Аляксандры і Канстанціна. Тады я ўпершыню і пачуў голас спявачкі, які мяне зачараваў. Пазней Генадзь пазнаёміў мяне з Аляксандрай, і мы запісалі дуэт.
З братамі з гурта Lіtеsоund Дзмітрыем і Уладзімірам я пазнаёміўся, калі спрабаваў знайсці рэжысёра для свайго мінскага кліпа. Нас пазнаёміў аператар і рэжысёр Сhrіs Nоng, які якраз ад'язджаў у ЗША, каб працягнуць вучобу, і не мог мне дапамагаць з кліпам. Мне дапамог Lіtеsоund. З тых часоў мы сталі добрымі сябрамі! Яны знялі для мяне два кліпы.
"Ваша зямля сапраўды блаславёная"
Нягледзячы на тое, што нарадзіўся і вырас Элай у арабскай краіне, сам ён вызнае хрысціянства. Размаўляючы пра дзяўчат, сімпатыі да беларусак Элай не ўтойвае:
— Хачу адзначыць прыгажосць вашых дзяўчат: яны такія прыгожыя і такія сэксуальныя! Кожны раз, як выходжу на прагулку, я губляюся сярод усёй гэтай прыгажосці вакол мяне. Ваша зямля сапраўды блаславёная. Я заўсёды хацеў, каб у мяне было дзіця са светлымі валасамі і блакітнымі вачыма. На жаль, з маімі генамі гэта немагчыма. Але, хто ведае, можа, я і памыляюся.
— Што вас яшчэ здзівіла ў Беларусі — тое, чаго не сустрэнеш у Ліване?
— Аднойчы я бачыў пажылую жанчыну ў тралейбусе — яна ледзьве магла хадзіць. Пры гэтым яна трымала ў руках вялізную сумку!.. Мяне гэта ўразіла.
У маёй краіне з жанчынамі заўсёды абыходзяцца як з прынцэсамі. Мы бяром у жонкі жанчыну і падтрымліваем яе на працягу жыцця. Жанчыны не працуюць там, дзе павінны працаваць мужчыны — збіраць смецце, прыбіраць дарогі, будаваць дамы. Ставіцца да жанчыны неабходна, на маю думку, — як да святой.
Ілья ЛАПАТО.