РОЗГАЛАС
Нарыхтоўчыя арганізацыі спажывецкай кааперацыі працягваюць актыўна закупляць у насельніцтва лішкі сельскагаспадарчай прадукцыі. У прыватнасці, паведамілі ў Белкаапсаюзе, з пачатку года куплена 24 тысячы тон бульбы, у тым ліку ад насельніцтва — 18,5 тысячы тон. Зараз "другі хлеб" паступае пераважна для наступнай рэалізацыі ў крамах і на рынках, хоць арганізацыі спажывецкай кааперацыі прыступілі таксама да закладкі яго ў стабілізацыйныя фонды на міжсезонны перыяд.
Працягваецца актыўная нарыхтоўка буракоў, цыбулі, капусты. Апошняй, напрыклад, ужо закуплена 8 тысяч тон, у тым ліку ад насельніцтва 6,3 тысячы тон, што на 5 працэнтаў больш, чым у адпаведны леташні перыяд. Часнаку, вырашчанага на прысядзібных участках, закуплена 40 тон. Яблыкаў нарыхтавана звыш 67 тысяч тон, што складае 55 працэнтаў да аналагічнага перыяду мінулага года. Змяншэнне гэтых закупак звязана з неўраджаем яблыкаў сёлета на асабістых падворках грамадзян.
Затое лепш, чым летась, арганізаваная нарыхтоўка дзікарослай прадукцыі. Так, грыбоў закуплена ўжо 238 тон, што на 36 працэнтаў больш, чым было летась. Куплена 900 тон журавін і брусніц, у тым ліку 865 тон журавін. Закупка гэтых ягад, як і чырвонай і чарнаплоднай рабіны, яшчэ працягваецца.
Калі гаварыць пра закупачныя цэны, дык для павышэння матэрыяльнай зацікаўленасці насельніцтва ў супрацоўніцтве са спажывецкай кааперацыяй яны ўстаноўлены на дастаткова высокім узроўні. Так, бульба прымаецца па 800-1200 рублёў за кілаграм, капуста — ад 600 да 800 рублёў, буракі — ад 700 да 1200 рублёў, цыбуля — ад 2000 да 2900 рублёў, морква — ад 1200 да 1800 рублёў. Часнок закупліваецца па цане ад 25 тысяч рублёў за кілаграм, таварныя здымныя яблыкі — ад 3 да 7,5 тысячы рублёў, мёд — ад 30 да 35 тысяч за кілаграм. Журавіны прымаюць па 15-20 тысяч рублёў за кілаграм.
Сяргей РАСОЛЬКА.
У прадпрымальніка выкралі 310 мільёнаў рублёўМужчына спыніўся замяніць спушчанае кола і стаў ахвярай разбойнага нападу
22 верасня каля 22 гадзін малады чалавек ехаў на сустрэчу з дзелавым партнёрам. Па дарозе ён зразумеў, што задняе кола яго аўтамабіля спушчана. Спыніўшыся на абочыне, кіроўца прыступіў да выпраўлення непаладак. Побач з ім спыніўся яшчэ адзін аўтамабіль, з якога выйшаў мужчына, пырснуў у твар прадпрымальніка з газавага балончыка і пачаў біць кулаком па галаве. Другі зламыснік заставаўся ў гэты час у сваёй машыне. Калі пацярпелы прыйшоў у прытомнасць, то пакет з 310 мільёнамі беларускіх рублёў на заднім сядзенні яго машыны адсутнічаў. Пацярпелы працяглы час займаўся продажам аўтамабіляў у сталіцы. Назапасіўшы пэўную суму, ён вырашыў змяніць род заняткаў і адкрыць сваю справу, звязаную з аптовым гандлем. Дапамагчы яму ў арганізацыі гэтай справы абяцаў знаёмы, на сустрэчу з якім і накіроўваўся мужчына.
ГУУС Мінгарвыканкама распаўсюдзіла прыкметы аднаго з нападнікаў: на выгляд 30-35 гадоў, рост 175-178 см, спартыўнага целаскладу, быў апрануты ў чорнае адзенне, на галаве капюшон, падбародак закрыты шалікам. Злачынцы былі на аўтамабілі светла-перламутравага колеру, "Фольксваген Пасат Б5" ці "Шкода Актавія". Усіх грамадзян, які валодаюць любой інфармацыяй аб разбойным нападзе, які адбыўся па вуліцы Фролікава, 2, просяць звярнуцца ў міліцыю.
Алена КРАВЕЦ. Хлопчык прайграў і... павесіўсяСёлета на Віцебшчыне панізіўся ўзровень суіцыдаў сярод дзяцей. Што тычыцца прычын самагубства і спроб зрабіць гэта, то адна з дзяўчынак, якой ішоў толькі трынаццаты год, атруцілася з-за нераздзеленага кахання. Хлопчык, вялікі аматар віртуальных гульняў, калі прайграў — павесіўся. Перад гэтым, дарэчы, сказаў пра тое, што будзе вешацца, таварышам. Ды яны не паверылі.
Аляксандр ПУКШАНСКІ.