Няпрошаныя госці ў прыродзе
29.09.2011
—
Новости Общества
Усе аспекты экалагічнай небяспекі
На мытнях штогод фіксуюцца дзясяткі выпадкаў незаконнага ўвозу чужародных відаў раслін і жывёл: пластыкавыя кантэйнеры з чарапашкамі, клубні кветак, насенне, парасткі раслін ці экзатычныя рыбкі ў грэлках... “Людзьмі часта рухае жаданне нажывы, — лічыць Аляксандр Цішчанка, прэс-сакратар Дзяржаўнага пагранкамітэта Беларусі. — У іх ні спачування да жывога, ні думак пра экалагічныя і іншыя наступствы ад незаконнай дзейнасці. Упэўнены: многія і не ўяўляюць пагрозу, якую могуць несці беларускаму наваколлю экзатычныя расліны, птушкі, рыбкі”.
Што гэта за небяспека? Можа, і не страшна прывезці на здзіўленне знаёмым які “жывы сувенір”? Усё больш чым сур’ёзна. Прыклады? Летам 2006-га ў адным з беларускіх вадасховішчаў рыбак злавіў... піранью. Навукоўцы былі ўпэўнены: гэта “чорны жарт” нейкага акварыуміста, ды і суровы клімат не дае шанцаў крыважэрнай рыбцы на выжыванне. І ўсё ж... Нязваныя госці і самі мігруюць з усходу, поўдня, іншых кантынентаў. На барацьбу з інтэрвентамі кінуты лепшыя навуковыя розумы Беларусі, ёсць і адпаведныя аддзелы ў шэрагу міністэрстваў, і цэнтр па інвазійных відах жывёл і раслін (ад лацінскага invasio — напад, пранікненне) у Нацыянальнай акадэміі навук.
У ліку небяспечных — малюск драйсена, прыхадзень з каспійска-чарнаморскага басейна. Селіцца “гронкамі”, забівае калектары водазаборнікаў электрастанцый. А яшчэ і таксічны: назапашвае бактэрыі батулізму. Наступае і амерыканскі паласаты рак, які прыбыў у басейн Нёмана з Польшчы, туды — з Італіі, у якую перамясціўся з Паўночнай Амерыкі. “Ён пераносчык рачынай чумы, да якой сам адаптаваўся, а ракі-абарыгены перад прышэльцам безабаронныя,” — непакоіцца вучоны А. Аляхновіч.
Вялікі ўрон наносіць бульбяным палям каларадскі жук, а рыбаводы не могуць справіцца з ратанам, чорнай рыбай, якая трапіла ў беларускія вадаёмы з Далёкага Усходу. Ратан пажырае ікру прамысловых рыб. “Прывазныя” амерыканская норка і янотападобны сабака на тэрыторыі Беларусі выціскаюць іншыя віды жывёл, знішчаюць нямала вадаплаўных птушак.
І ў раслінным царстве наступаюць прыхадні, найперш — злосныя пустазеллі. Прыкладам, горац Вейрыха з Далёкага Усходу можа ўтвараць зараснікі да двух метраў вышынёй. З далёкіх кантынентаў трапілі дробналіснік канадскі і галінсага дробнакветкавая — глушаць яны іншыя расліны на палях і ў агародах, змагацца з імі цяжка. Амброзія, родам з Амерыкі, таксама пустазельная каранцінная расліна, бо выклікае цяжкую алергію. І на барацьбу з баршчавіком Сасноўскага у Беларусі кінуты вялікія сілы: расліна з ядавітым сокам заняла ўжо сотні гектараў.
Пералік няпрошаных гасцей можна доўжыць, іх няпроста выдварыць, яны прычыняюць вялікі ўрон. Міжнародныя эксперты сцвярджаюць: інвазія чужародных відаў у глабальным масштабе — другая па значнасці, пасля антрапагеннага забруджвання асяроддзя, прычына вымірання абарыгенных відаў раслін і жывёл. Таму заўсёды трэба падумаць: ці варта даваць беларускую прапіску агрэсіўным экзотам жывёльнага і расліннага свету?
Іна Ганчаровіч