Прывід шостай калоны

Источник материала:  

Таямнічыя светлыя плямы, вечаровыя крокі на лесвіцы, жудаснае паданне пра дзяўчынку-анёла — усё гэта частка гісторыі Жыліцкага палаца

"Тут ёсць толькі добрыя прывіды!" У паркава-палацавым ансамблі, што ў аграгарадку Жылічы Кіраўскага раёна, праводзяць рэстаўрацыю, але прыцягваюць турыстаў не толькі адноўленымі інтэр'ерамі, але і расповедамі пра таямнічыя здані.

Днямі ў Жылічах урачыста адкрылася першая чарга рэстаўрацыі Жыліцкага палаца. Яго пабудаваў на рубяжы ХVІІІ і ХІХ стагоддзяў Ігнацій Булгак: у палацы было больш за сотню пакояў, а ў парку, які займае 18 гектараў, зверху можна бачыць ініцыялы ўладальніка. Але, як ва ўсякім паважаным старажытным палацы, вядома, і ў Жылічах ёсць свае прывіды.

— Жыліцкія прывіды — добрыя, людзей не пужаюць, а паказваюцца не кожнаму, і трэба быць шчасліўчыкам, каб іх убачыць, — упэўнена дырэктар гістарычнага комплексу-музея Ларыса Забелава.

Прывід шостай калоны

Мясцовыя жыхары бачылі таямнічыя сілуэты ў вокнах, супрацоўнікі чулі гукі крокаў. Усё гэта звычайна адбываецца позна ўвечары. Сама дырэктар расказвае, што аднойчы ўвечары ішла па парку і ўбачыла дзіўнае свячэнне. Ад спалоху святла на купале палаца на імгненне можна было ўбачыць усе малюнкі на мазаічных вокнах, а таксама кожны лісцік і травінку ў парку.

— Я спачатку падумала, што ад нечага проста падае яркае святло. А праўда — адкуль жа? А потым яно неўзабаве знікла.

Вартаўнік Пётр Сімановіч ніколі не расказваў пра свой уласны вопыт назірання прывідаў: думаў, што над ім будуць смяяцца. Але калі Ларыса Забелава распавяла пра таямнічае свячэнне, то і мужчына асмеліўся на шчыры расповед.

— Я пачуў, як нехта пагрукаў у дзверы, — узгадвае вартаўнік. — Я якраз быў непадалёк, але калі даволі хутка расчыніў дзверы, то нікога не заўважыў. Спачатку, калі шчыра, вырашыў, што нехта са мной забаўляецца. Аднак у палацы і парку вялікія прасторы, там няма куды хутка збегчы і схавацца.

Потым Пётр Сімановіч чуў гук крокаў: выглянуў з кабінета — няма нікога, вярнуўся — зноў крокі. Было адчуванне, што нехта ходзіць па лесвіцы, але там дакладна не было нікога!

Прывід шостай калоны— Я таксама бачыў шар, які свяціўся, у адным з калідораў палаца, — працягвае мужчына.  — Я ішоў з ліхтарыкам, і раптам убачыў воблака, не вельмі яркае. Нешта падобнае на шаравую маланку, якая рухаецца. Я спужаўся, накіраваў на аб'ект святло ад ліхтара, але шар паляцеў да зачыненых дзвярэй — і знік. Калі прыслухаўся, то з пакоя быў гук як ад разбітага шкла. Потым праверыў — усе шыбы былі цэлыя...

Прыбіральшчыца Лідзія Косціна заставалася летась адна ўвечары ў старым будынку і таксама добра чула крокі. Зноў-такі — нібыта нехта падымаецца па лесвіцы, хаця там нікога і не магло быць.

— Але мне не страшна: прывід тут добры, — упэўнена жанчына. — І, вядома, нічога дрэннага са мной не здарылася.

Людзі, якія працуюць у Жыліцкім палацы, не хочуць распавядаць пра прывіды. І ніхто не хоча заставацца тут на ноч — нават рэстаўратары і цікаўныя журналісты, якія ўдзень ахвотна лазяць на гарышчы і ў склепы. Паляваць на прывіды мала хто хоча. Тым больш што тут ёсць сваё жудаснае паданне, якое, усе спадзяюцца, з'яўляецца проста прыдумкай у стылі фільмаў жахаў.

Расказваюць, што ў адной з шасці калон, якія ўпрыгожваюць галоўны ўваход у панскі будынак, пры будаўніцтве жыўцом замуравалі дзяўчынку. Лічылася, што ў маленстве дзеці — гэта анёлы, і падобнае ахвяраванне нібыта магло адпудзіць ад жытла нячыстую сілу. Верагодна, што гэта няпраўда. Але ж страшна! Калі-небудзь гэта высветляць рэстаўратары, але ў старыя часіны, расказваюць мясцовыя жыхары, пры ўваходзе нібыта чулі нейкія стогны...

Тым не менш сярод упрыгажэнняў пакояў (а ляпніна ў Жыліцкім палацы ніколі не паўтараецца) ёсць барэльеф з дзяўчынкай-анёлам, а ў так званым "дзіцячым пакоі" (які так называецца паводле вопісу) ёсць прыгожыя выявы грыфонаў — казачных жывёл, якія ніколі не існавалі. Вось усе і спадзяюцца, што старое паданне таксама нічога агульнага з рэальным жыццём не мае.

Алена Казлова.

.

←Возможности самостоятельного проживания инвалидов обсуждают на международном семинаре в Витебске

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика