Гістарычнай спадчыне пагражае інтэрвенцыя грошай
27.09.2011 18:43
—
Новости Общества
Гістарычнай спадчыне пагражае інтэрвенцыя грошай
Гістарычная спадчына Беларусі знаходзіцца пад пагрозай не толькі разбурэння, неўмелай рэстаўрацыі, але і інтэрвенцыі капітала, які часам не дапамагае захоўваць помнікі архітэктуры і гістрачныя ландшафты, а, наадварот, знішчае іх. Кіраўнік Рэспубліканскага савета Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч лічыць, што без умяшальніцтва з самага верху ўлады вырашыць праблему немагчыма.
Антон Астаповіч напісаў ліст кіраўніку Адміністрацыі прэзідэнта Уладзіміру Макею, у якім папрасіў аб асабістай сустрэчы. Гэтага ліста магло б і не быць, бо ў Астаповіча былі шансы сустрэцца з Макеем на пасяджэнні Грамадска-кансультацыйнай рады, якую Макей узначальваў, і ў абноўлены склад якой увайшоў Астаповіч. Але, як вядома, днямі Раду распусцілі.
Астаповіч падкрэслівае ў сваім лісце, што не спадзяецца на станоўчае вырашэнне праблем у сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны з боку Мінкульта і асабіста міністра культуры Паўла Латушкі.
"Вырашэнне праблемы дакладнага выканання нацыянальных нарматыўна-прававых дакументаў у сферы гісторыка-культурнай спадчыны на ўзроўні нават міністра культуры П. Латушкі покуль прадстаўляецца немагчымым у сувязі з тым, што за два гады працы на пасадзе ім практычна не былі прадпрыняты крокі, акрамя дэкларатыўных заяваў, па наладжванню сістэмы бездакорнага выканання заканадаўства па ахове гісторыка-культурнай спадчыны", - піша Астаповіч.
Ён патлумачыў Naviny.by, што не лічыць магчымым вырашыць праблемы без умяшальніцтва хоць бы Адміністрацыі прэзідэнта ў абмеркаванне праблем, з якіх адна з самых набалелых - заканадаўства.
Узімку бягучага года была распачата праца над праектам закона аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Закон "Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь". Дадзены праект распрацаваны спецыялістамі Міністэрства культуры, але, падкрэслівае Астаповіч, без уліку прапаноў з боку грамадскіх аб’яднанняў.
Прапановы Рэспубліканскага савета Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры былі пададзеныя вясной, "але іх быццам бы не заўважылі, праігнаравалі".
Сярод прапаноў былі і такія, што ўдакладнялі функцыі навуковага кіраўніка рэстаўрацыі з наданнем яму большай самастойнасці. Былі таксама прапановы па распрацоўцы механізма аплаты працы навуковага кіраўніка.
Зараз артыкул 41 праекта закона, прысвечаны кіраўніцтву працамі на матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях, ставіць, на думку Астаповіча, вядучага кіраўніка ў поўную залежнасць ад заказчыка прац, ці арганізацыі-генпраектыроўшчыка, "што абсалютна недапушчальна". Тым больш што ў прапанаваным праекце, як і ў дзеючым Законе "Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь", дакладна не вызначаны парадак аплаты працы вядучага кіраўніка, што дадаткова ставіць яго ў залежнасць ад заказчыка выканання прац.
Залежнасць жа правакуе прыняцце рашэнняў, якія часам ідуць не на карысць аб’екту, адлюстроўваюць уласны густ заказчыка, а не навуковы падыход.
Яшчэ адзін прыклад - п. 4 артыкула 36 законапраекта прадугледжвае такі від прац на гісторыка-культурных каштоўнасцях, як дапаўненне (пп. 4.2). "Фармуліроўка, якая тлумачыць у праекце сэнс такога віда прац, як дапаўненне, — кажа Астаповіч, - дазваляе настолькі шырока трактаваць дадзены від прац, што ён можа прыводзіць не толькі да пашкоджання, а да поўнага знішчэння гісторыка-культурнай каштоўнасці".
Такім чынам, калі рэдакцыя пункта, які тычыцца "дапаўнення", будзе прынятая, гэта развяжа рукі заказчыкам многіх праектаў.
Напрыклад, кампанія "Трайпл" атрымае магчымасць на свой густ засвойваць тэрыторыю хлебазавода № 1 па вул. Ракаўская, 21. Завод не мае статусу гістарычнай каштоўнасці, у адрозненне ад суседніх будынкаў на вул. Віцебскай і вул. Ракаўскай. Аднак ён сфармаваны з шэрагу будынкаў, пабудаваных у канцы XIX - пачатку XX стагоддзяў, якія маюць гістарычную і архітэктурную значнасць, бо падтрымліваюць гістарычна створанае аб'ёмна-планіровачнае рашэнне Ракаўскага прадмесця.
Некалькі радкоў у заканадаўстве таксама могуць мець рашучае значэнне ў лёсе Мінскага замчышча, дзе таксама ёсць пагроза ўзнікнення неўласцівых гэтаму месцу аб’ектаў.
"Адчыняюцца шырачэзныя вараты з боку неадэкватных інтэрвенцый на терыторыі гісторыка-культурных каштоўнасцяў", - кажа Астаповіч.
Ён лічыць, што ў шмат якіх сваіх пазіцыях законапраект накіраваны не на паляпшэнне і ўдасканаленне нарматыўна-прававой базы ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны, а на стварэнне ўмоў па правядзенні прац на гісторыка-культурных каштоўнасцях, якія могуць прывесці да поўнай страты імі сваіх адметнасцяў, навукова-неабгрунтаваных змен помнікаў і гэтак далей.
Астаповіч кажа, што зараз, на яго думку, у Беларусі асноўная праблема ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны нават не ў тых аб’ектах, якія знаходзяцца ў стадыі рэстаўрацыі, а менавіта ў стаўленні да гісторыка-культурных ландшафтаў, "якія нішчацца, і гэтая праблема не падымаецца ў краіне".
У нас, лічыць Астаповіч, няма разумення каштоўнасці гісторыка-культурнага ландшафта. У якасці прыкладу ён прывёў ландшафт вакол Мірскага замка, які, на яго думку, парушаны. Тое ж адбываецца і ў Бабруйскай крэпасці, і ў цэнтральнай частцы Мінска: "Самае страшнае для помніка - знішчэнне гістрычнага асяродка, бо любы помнік без гістарычнага кантэкста перастае быць помнікам".
Яскравы сталічны прыклад: выдатны помнік Рэнесанса - Петрапаўлаўская царква, якая настолькі вырваная з кантэкста, забітая забудовай на Нямізе, што ўжо не ўспрымаецца.
Астаповіч падкрэслівае, што сітуацыя не звязаная з праблемамі недахопу фінансавання. "Адсутнасць фінасавання прыводзіць да дэградацыі помнікаў і культурнага ландшафта. Мы маем справу з маштабным інвестыцыйным наступленнем і на помнікі, і на гістрычныя ландшафты. Адбываецца інтэрвенцыя грошай на тэрыторыі гісторыка-культурных каштоўнасцяў".
Зараз праект закона знаходзіцца ў палаце прадстаўнікаў. "А гэта адно, плюс другое слуханне, і праект становіцца законам", - кажа Астаповіч. З мэтай прадухілення негатыўных наступстваў зацвярджэння недасканалага праекту Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры звярнулася ў палату прадстаўнікоў з прапановай абмеркавання дакумента на круглым стале.