Свята вялікіх колаў
Унікальнае беларускае прадпрыемства "Белаз" у Жодзіне здзіўляе не толькі сваімі аўтамабілямі-асілкамі. Яно яшчэ становіцца арэнаю турніраў супермоцных людзей. Вось і ў мінулую суботу напярэдадні прафесійнага свята, Дня машынабудаўнікоў, на заводскай пляцоўцы адбыліся міжнародныя спаборніцтвы "Кубак асілкаў БЕЛАЗа". Паглядзець было на што. У праграме свята было заяўлена, што нашы асілкі паспрабуюць скрануць з месца кар'ерны БЕЛАЗ 30-тоннік, які мае на заводзе мянушку "малютка". Жодзінцы абступілі турнірную пляцоўку шчыльным колам, і нават аўтамабіль-гігант грузапад'ёмнасцю 360 тон не настолькі прыцягваў іхняй увагі, колькі рабілі гэта хлопцы з неабдымнымі біцэпсамі.
Не скажу, што вельмі лёгка даваліся асілкам з Літвы, Латвіі, Эстоніі, Нідэрландаў і Беларусі падняцці бярвёнаў і кантаванне 320-кілаграмовых "белазаўскіх" пакрышак. Але азарт робіць сваю справу і падштурхоўвае на неверагоднае. Калі спрэчка паміж асілкамі дайшла да кульмінацыі, "пацягацца" з малым кар'ерным самазвалам адважыліся толькі прадстаўнікі Беларусі. Сотні прыціхлых у чаканні цуду жодзінцаў не дадуць схлусіць, што беларускаму асілку Вячаславу Астапенку не было роўных. Менавіта ён быў мацнейшы за аўтамабіль, хай сабе і самы маленькі з "БЕЛАЗаўскай" сям'і. Але наш асілак здолеў скрануць з месца і працягнуць за сабою самазвал некалькі метраў.
Анатоль Кляшчук. Фота аўтара.